Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заявіў, што ня хоча папрокаў у правядзеньні рэфэрэндуму «пад сябе» і ўтрыманьні ўлады «сінімі рукамі»


Каляж.

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што рэфэрэндум па зьменах у Канстытуцыю будзе праведзены, як і было абяцана. Раней Лукашэнка казаў пра рэфэрэндум, які меўся адбыцца не пазьней як у лютым 2021 году.

«Наперадзе ў нас рэфэрэндум. Нам давядзецца праводзіць яго, пераконваць людзей, хоць напружвацца асабліва ня будзем. Мы проста раскажам, якія зьмены нас чакаюць у сувязі са зьменай Канстытуцыі, каб нас не папракнулі, што мы тут утрымліваем уладу пасінелымі рукамі, як я часта кажу, пад сябе робім Канстытуцыю. Ніхто пад сябе нічога рабіць не зьбіраецца. Як абяцалі, так і правядзём рэфэрэндум», — сказаў Лукашэнка, прызначаючы кіраўнікоў мясцовых органаў улады.

На Ўсебеларускім народным сходзе ў лютым Лукашэнка заявіў, што праект новай Канстытуцыі будзе гатовы цягам году. У сярэдзіне сакавіка ён падпісаў указ № 105 аб Канстытуцыйнай камісіі, якой было даручана распрацаваць прапановы наконт зьмены Асноўнага Закону. У яе склад увайшлі 36 чалавек на чале з кіраўніком Канстытуцыйнага суду Пятром Міклашэвічам. Ніхто зь ліку апанэнтаў улады туды ня трапіў.

Камісія прапанавала ўнесьці зьмены ў 59 артыкулаў, уключыць 16 новых, а 2 выключыць. Адна з ініцыятываў — падвысіць да 40 гадоў узроставы цэнз для абраньня на пасаду прэзыдэнта (цяпер прэзыдэнтам можа быць грамадзянін, не маладзейшы за 35 гадоў, які пастаянна пражывае ў краіне ня менш як 10 гадоў непасрэдна перад выбарамі). Адна і тая ж асоба можа быць прэзыдэнтам ня больш за два тэрміны.

Паведамляецца, што камісія ўжо падала Лукашэнку выпрацаваныя прапановы для іх вынясеньня на рэфэрэндум, дата якога пакуль што афіцыйна не абвешчаная.

30 ліпеня Лукашэнка папракнуў старшыню Савету Рэспублікі Натальлю Качанаву, старшыню Канстытуцыйнага суду Пятра Міклашэвіча і старшыню Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Андрэйчанку — за тое, што яму далі недапрацаваны праект зьменаў у Канстытуцыю: «Заўваг аж на 170 старонак!»

«Я сёньня вярнуў усю гэтую пісаніну вам. Зьбірайцеся і паспрабуйце гэта да чытаньня на ўзроўні прэзыдэнта прывесьці ў адпаведнасьць. А потым разам са мной (я абяцаў гэта) мы сядзем і пойдзем па кожным разьдзеле, па кожным артыкуле. А потым вынесем на ўсенароднае абмеркаваньне — няхай людзі азнаёмяцца. І не пазьней за люты мы правядзём рэфэрэндум», — сказаў Лукашэнка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG