Лінкі ўнівэрсальнага доступу

COVID-19: «чорныя зоны» ў Літве, рост сьмяротнасьці ў Латвіі, недавер беларусаў да вакцынацыі

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота

Эўропу накрывае чарговая хваля каранавірусу. Сытуацыя штодня робіцца больш складанай у Беларусі і яе краінах-суседзях.

Беларусь: новая лябараторыя і недавер да вакцынацыі

У Беларусі 21 верасьня пачала працу лябараторыя па абсьледаваньні на COVID-19 для пасажыраў аўтатранспарту. Яна працуе на аўтавакзале ў Менску. Напярэдадні міністар аховы здароўя краіны Дзьмітры Піневіч прызнаў чацьвёртую хвалю каранавірусу і паведаміў, што пад хворых выдзелілі траціну ўсяго фонду ложкаў у шпіталях краіны.

Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі 4004 чалавекі памерлі ад COVID-19, хоць шэраг журналісцкіх расьсьледаваньняў і незалежныя мэдыкі неаднаразова заяўлялі, што каранавірусная статыстыка ў краіне штучна заніжаецца дзяржаваю ад самага пачатку хаджэньня вірусу. Паводле некаторых зьвестак, рэальная колькасьць хворых і памерлых можа перавышаць афіцыйныя лічбы ў сем разоў.

Дасьледаваньне Інстытуту сацыялёгіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі паказала, што 42,8% беларусаў адмоўна ставяцца да вакцынацыі, паведамляе Intex-press. Аднак падкрэсьліваецца, што апытаньне праводзілі яшчэ ў сакавіку 2021 году. 43,7% адзначылі тады станоўчае стаўленьне да прышчэпак ад COVID-19, а 13,5% не змаглі адказаць адназначна.

Адзін з аўтараў дасьледаваньня тлумачыць такія лічбы «недастатковай інфармаванасьцю» рэспандэнтаў, бо масавая вакцынацыя ў Беларусі пачалася толькі ў красавіку, празь месяц пасьля апытаньня. Наступнае плянуецца зрабіць у кастрычніку, каб параўнаць вынікі.

Латвія: найвышэйшая сьмяротнасьць з пачатку лета

У Латвіі за апошні дзень у 25 518 тэстах выявілі 494 новыя выпадкі пандэмічнай каранавіруснай інфэкцыі і 13 сьмерцяў пацыентаў з COVID-19.

Згодна з дадзенымі Эўрапейскага цэнтру прафіляктыкі і кантролю захворваньняў, насельніцтва Латвіі — адно з найменш вакцынаваных у Эўропе: на 20 верасьня ў краіне было толькі 43,3% цалкам вакцынаваных людзей. Меней сярод краін Эўразьвязу вакцынавана толькі ў Славаччыне, Харватыі, Румыніі і Баўгарыі.

Агулам за ўвесь час ад наступстваў каранавірусу ў Латвіі памерлі 2658 чалавек.

Літва можа вярнуць карантын

У Літве паказьнік вакцынаваных адносіцца да сярэдніх па Эўропе, ён значна вышэйшы, чым у суседняй Латвіі. На 20 верасьня ў Літве было 60,2% людзей, якія прайшлі поўны курс прышчэпак. Аднак у гэтым месяцы тут фіксуецца рост захворваньняў.

Рэгіёны Літвы, што мяжуюць зь Беларусьсю і дзе назіраецца вялікі паток мігрантаў, увайшлі ў «чорную зону», зафіксаваную Дэпартамэнтам статыстыкі краіны. Там і ў партовых Клайпедзе і Паланзе найбольш напружаная сытуацыя з COVID-19. За апошнія 14 дзён на 100 тысяч насельніцтва там фіксавалі звыш 500 выпадкаў захворваньня.

Прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце 21 верасьня заявіла, што ўрад разглядае ўвядзеньне чарговага карантыну: жыхароў могуць абавязаць насіць маскі ў памяшканьні, піша BNS.

«Рэкамэндацыі (насіць маскі. — РС) у Літве, у адрозьненьне ад скандынаўскіх краін, разумеюцца як тое, чаго зусім ня трэба выконваць», — сказала Шыманіце, абгрунтоўваючы магчымае ўвядзеньне карантыну.

Украіна: рост захворваньняў на 68%

Кіраўнік Цэнтру эканомікі аховы здароўя Кіеўскай школы эканомікі (KSE) Юры Ганічэнка паведаміў, што ў краіне назіраецца рэзкі рост новых выпадкаў каранавірусу. Згодна зь яго дадзенымі, за апошні тыдзень рост склаў 68%.

Ён дапусьціў, што з такімі лічбамі Ўкраіна неўзабаве можа перавысіць сярэднеэўрапейскія паказьнікі. Пакуль Украіна на 11-м месцы па ўзроўні «хвалі» на кантынэнце, але яна толькі на пачатку росту.

Такі самы інтэнсіўны рост назіраецца ў суседняй Румыніі, аднак там ён пачаўся раней, таму можа і раней спыніцца, калі ўрад зробіць адпаведныя захады.

Расея здымае абмежаваньне на палёты ў Беларусь і дапрацоўвае мабільнае прыкладаньне

«Паветраныя зносіны паміж краінамі, часова абмежаваныя ў сувязі з распаўсюдам COVID-19, будуць адноўленыя ў поўным аб’ёме», — цытуе паведамленьне расейскага боку агенцтва «Інтэрфакс».

Міністэрства транспарту Беларусі праінфармавала, што пры палётах у Расею пасажыры мусяць выконваць патрабаваньні расейскага боку. У прыватнасьці, гэта тычыцца мабільнай аплікацыі «Падарожнічаю без COVID-19». Неўзабаве яе дапрацуюць для ўключэньня зьвестак пра вакцынацыю.

Узровень вакцынацыі ў Расеі ніжэйшы, чым у шэрагу краін Эўропы — 28% цалкам вакцынаваных. Зрэшты, адрозьніваюцца і прышчэпкі, што прапануюцца насельніцтву: гэта EpiVacCorona (Кітай) і Sputnik V (Расея).

Польшча: тры школы цалкам перайшлі на дыстанцыйнае навучаньне

Праз каранавірус адбываюцца і зьмены ў адукацыйным парадку Польшчы. Намесьнік міністра адукацыі і навукі Томаш Жымкоўскі ў эфіры Польскага радыё 24 адзначыў, што становішча пакуль не выклікае вялікай заклапочанасьці, аднак паасобныя ўстановы адукацыі вымушана перайшлі на дыстанцыйнае навучаньне.

«Паводле дадзеных за мінулы тыдзень, агулам тры школы ў краіне перайшлі на дыстанцыйнае навучаньне, а больш за сотню працуе ў гібрыдным рэжыме. Рост захворваньняў пакуль ня мае рашучага ўплыву на адукацыю».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG