Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэркель і Беларусь: што казала яна, што казалі пра яе


26 верасьня ў Нямеччыне адбудуцца парлямэнцкія выбары. Пасьля іх Ангела Мэркель ужо ня будзе ўзначальваць нямецкі ўрад, на чале якога яна знаходзілася з 2005 году

Што казала яна пра Беларусь за гэтыя гады і што казалі пра яе беларускія палітыкі.

Ангела Мэркель

Пра падтрымку дэмакратычнай апазыцыі

Трэба знаходзіць шляхі падтрымкі дэмакратычнай апазыцыі ў Беларусі, трэба як мага больш распаўсюджваць інфармацыю пра Беларусь, каб людзі, якія сёньня знаходзяцца ў беларускіх турмах з палітычных матываў, не адчувалі сябе ў адзіноце. Беларусь стане сябрам эўрапейскай дэмакратычнай сям’і.

15 красавіка 2008 г., выступ на сэсіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы

Ангела Мэркель і канцлер Нямеччыны Гельмут Коль, 1991 г.
Ангела Мэркель і канцлер Нямеччыны Гельмут Коль, 1991 г.

Пра выбары ў 2020 годзе

Прэзыдэнт Лукашэнка адхіліў усякія тэлефонныя размовы, пра што я шкадую. Пасярэдніцтва магчымае, толькі калі ёсьць кантакт з усімі бакамі. Я асабіста спрабавала арганізаваць тэлефонную размову з прэзыдэнтам Лукашэнкам, на жаль, яна не адбылася. Таксама я прасіла тэлефоннай размовы з прэзыдэнтам Пуціным, размова, як вы ведаеце, адбылася.

Мы гаворым з Расеяй, каб прадухіліць яе ўмяшаньне ў сытуацыю ў Беларусі. Расея і Беларусь шчыльна зьвязаныя дамовамі. Разам з тым мы выразна далі зразумець, што вайсковае ўмяшаньне Расеі, натуральна, вельмі ўскладніць сытуацыю. Таму я і кажу пра тое, што Беларусь павінна сама знайсьці свой шлях. Дарэчы, большасьць апазыцыі зусім не настроеная супраць Расеі, і гэта відаць. Яна супраць мэтадаў прэзыдэнта Лукашэнкі.

Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі не былі сумленнымі і свабоднымі, аднак Лукашэнка яшчэ тут. І калі я заклікаю да нацыянальнага дыялёгу, то, зразумела, з удзелам тых, у каго там улада. Гэта значыць, сытуацыя складаная, і зь яе павінна быць знойдзена як мага больш мірнае выйсьце. Для нас абсалютна відавочна, што Беларусь павінна сама знайсьці свой шлях. Гаворка павінна ісьці пра дыялёг унутры краіны, умяшаньне звонку недапушчальнае. Людзі ў Беларусі ведаюць, чаго хочуць, што для іх добра.

19 жніўня 2020 г., на прэсавай канфэрэнцыі па выніках надзвычайнага саміту Эўразьвязу

Пра Ціханоўскую

Мы не прызнаём абраньня прэзыдэнта Лукашэнкі. Мы заклікаем яго ўступіць у дыялёг са сваім народам без умяшаньня Ўсходу і Захаду. Мы асуджаем тое, што там штодзённа адбываецца, а менавіта — ліквідацыю дэмакратычнага працэсу, гвалт супраць апазыцыі. Зусім хутка я сустрэнуся з апазыцыянэркай Сьвятланай Ціханоўскай. Я бачу, зь якой мужнасьцю гэтыя жанчыны выходзяць на вуліцы ў барацьбе за свабоду і супраць карупцыі. Магу сказаць толькі адно: я ўражаная, гэта і праўда ўражвае.

30 верасьня 2020 г., з выступу ў Бундэстагу падчас дэбатаў па фэдэральным бюджэце

Прэм'ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан, канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель і прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, саміт «вялікай сямёркі», 24 жніўня 2019 г.
Прэм'ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан, канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель і прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, саміт «вялікай сямёркі», 24 жніўня 2019 г.

Пра перахоп самалёта

Пасьпешлівасьць, зь якой прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін і прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка сустрэліся ў Сочы, сьведчыць аб тым, што яны абодва былі зьдзіўленыя хуткай рэакцыяй Эўразьвязу на перахоп самалёта Ryanair. Мы рашуча асуджаем тое, што Лукашэнка робіць са сваёй грамадзянскай супольнасьцю і апазыцыяй. Гэта не акупіцца ў доўгатэрміновай пэрспэктыве. Я ў гэтым цалкам упэўненая, і мы таксама будзем цяпер ужываць санкцыі вельмі мэтанакіравана.

1 чэрвеня 2021 г.

Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель і прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, Вашынгтон, 15 ліпеня 2021 г.
Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель і прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, Вашынгтон, 15 ліпеня 2021 г.

Пра санкцыі

Мы ў Эўрапейскай радзе прынялі рашэньне аб шырокім санкцыйным пакеце адносна Беларусі. Мы ўвялі пэрсанальныя і эканамічныя санкцыі, у прыватнасьці ў дачыненьні да авіякампаніяў, а таксама асноўных галінаў эканомікі. Мы ўвялі ў дзеяньне ўсёабдымны санкцыйны рэжым, ён толькі-толькі пачынае аказваць узьдзеяньне. І мы, зразумела, не аслабім ціску, пакуль сытуацыя ў Беларусі ня зьменіцца.

28 чэрвеня 2021 г., выступ на пасяджэньні франка-нямецкай парлямэнцкай асамблеі

Пра мігрантаў

Мы бачым, што людзі выкарыстоўваюцца як сродак для гібрыднага супрацьстаяньня. Мы гэта асуджаем самым сур’ёзным чынам. Гэта атака на ўсіх нас, а ня толькі на адну краіну.

17 жніўня 2021 г., заява на прэсавай канфэрэнцыі ў Бэрліне пасьля сустрэчы з прэм’ер-міністаркай Эстоніі Каяй Калас з нагоды міграцыйнага крызісу на беларуска-літоўскай мяжы

Ангела Мэркель і Ўладзімір Пуцін, Масква, 20 жніўня 2021 г.
Ангела Мэркель і Ўладзімір Пуцін, Масква, 20 жніўня 2021 г.

Пра гібрыдную зброю

У кантэксьце Беларусі я рэзка асудзіла ўжываньне ў якасьці гібрыднай зброі людзей, якія церпяць бедзтва. Гаворка ідзе пра сытуацыю на беларуска-літоўскай мяжы.

20 жніўня 2021 г., падчас перамоваў з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным

Ёсьць магчымасьць ім дапамагчы празь міжнародныя арганізацыі, Чырвоны крыж. Польскі бок павінен быць адкрыты да гэтага, але і беларускі бок таксама. Я зьвяртаюся да беларускага боку. Яны павінны зразумець, што гэта людзі, якім неабходная дапамога і абарона. Гэтых людзей выкарыстоўваюць у якасьці інструмэнту ціску. Я казала пра гэта і прэзыдэнту Расеі. Я лічу абсалютна непрымальным, што з дапамогай гэтых людзей рэалізоўваюцца такія гібрыдныя атакі.

11 верасьня 2021 г., падчас перамоваў з прэм’ер-міністрам Польшчы Матэвушам Маравецкім — пра мігрантаў, якія трапілі ў Польшчу празь Беларусь

Аляксандар Лукашэнка

Пра чалавечнасьць

Што тычыцца Ангелы Мэркель, у яе чалавечнасьць ідзе наперадзе ўсіх іншых якасьцяў. Хоць у яе гэтых якасьцяў дастаткова. Але ж вы ня будзеце адмаўляць, што дзякуючы яе рухомасьці і згаворлівасьці Пуціна дамагліся тут вынікаў.

14 лютага 2015 г., пасьля перамоваў у Менску аб урэгуляваньні крызісу на ўсходзе Ўкраіны з удзелам Мэркель і прэзыдэнтаў Расеі, Украіны і Францыі Ўладзіміра Пуціна, Пятра Парашэнкі і Франсуа Алянда

Пра ролю Мэркель

Давайце паглядзім, што адбываецца з дэмакратыяй у Заходняй Эўропе. Калі ўжо немцы не ацанілі ролю Мэркель у гісторыі і гатовыя яе выкінуць на задворкі, то я вас віншую. Вы паглядзіце, што адбываецца ў вас, у Эўропе, з дэмакратыяй, а вы ўсё гаворыце пра дэмакратыю ў былых савецкіх рэспубліках.

31 кастрычніка 2018 г.

Пра адмову ад размовы

Ужо ўчора тэлефануе Мэркель: «Я хачу пагаварыць». Гэтыя — Наўседа (прэзыдэнт Літвы. — РС) там і іншыя. «Мы хочам пагаварыць». Ня трэба мяне нахіляць ні з Захаду, ні з Усходу.

17 жніўня 2020 г.

Пра прэтэнзіі

Сёньня завяршалі ў краіне маштабную антытэрарыстычную апэрацыю. Нам здавалася, што яны эканамічна будуць нас душыць. Не. Працягваецца ў больш маштабных памерах тэрор унутры краіны супраць людзей і аб’ектаў. Пасьля сёньняшняга заканчэньня мерапрыемстваў па лініі контравыведкі мы ўжо ня нейкаму Гайка Маасу, міністру замежных спраў Нямеччыны, прадʼявім прэтэнзіі, але самому канцлеру і некаторым іншым асобам з кіраўніцтва Нямеччыны.

2 ліпеня 2021 г.

Пра «мутэр»

Што зрабілі палякі: яны адлавілі, інакш ня скажаш, каля 50 чалавек на тэрыторыі Польшчы, якія, як яны прызналіся, ішлі ў Нямеччыну, куды іх паклікала мутэр Мэркель. І пад пагрозай зброі, страляючы па-над галовамі, выціснулі іх на мяжу зь Беларусьсю. Натуральна, яны ішлі ў Нямеччыну, у Беларусь яны ісьці ня хочуць.

23 жніўня 2021 г.

Сустрэчы Ангелы Мэркель зь беларускімі палітыкамі

Ангела Мэркель і Аляксандар Мілінкевіч, 10 верасьня 2008 г.
Ангела Мэркель і Аляксандар Мілінкевіч, 10 верасьня 2008 г.

7 красавіка 2006 г., сустрэча ў Бэрліне зь лідэрам беларускіх дэмакратычных сілаў Аляксандрам Мілінкевічам і беларускім палітыкам Вінцуком Вячоркам.

10 верасьня 2008 г., сустрэча зь Мілінкевічам.

Франсуа Алянд, Ангела Мэркель і Аляксандар Лукашэнка перад перамовамі ў рамках «нармандзкага фармату», Менск, 11 лютага 2015 г.
Франсуа Алянд, Ангела Мэркель і Аляксандар Лукашэнка перад перамовамі ў рамках «нармандзкага фармату», Менск, 11 лютага 2015 г.

11–12 лютага 2015 г., сустрэча з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам падчас перамоваў кіраўнікоў Нямеччыны, Расеі, Украіны і Францыі аб урэгуляваньні крызісу на ўсходзе Украіны.

Ангела Мэркель і Сьвятлана Ціханоўская
Ангела Мэркель і Сьвятлана Ціханоўская

6 кастрычніка 2020 г., сустрэча з удзельніцай выбарчай кампаніі 2020 году ў Беларусі, лідэркай беларускіх пратэстаў Сьвятланай Ціханоўскай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG