Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можа ўлада выкарыстаць сьмерць супрацоўніка КДБ для адмены «канстытуцыйнай рэформы»?


Кватэра, дзе адбылася перастрэлка паміж супрацоўнікам КДБ і яе насельнікам Андрэем Зельцарам

Тое, што Лукашэнка можа шукаць падставу, каб не праводзіць незразумелы і небясьпечны для яго «транзыт улады», здаецца дастаткова відавочным.

Сьцісла

  • Аляксандар Лукашэнка шукае падставу, каб не праводзіць незразумелы і небясьпечны для яго «транзыт улады».
  • Калі інцыдэнты са стральбой паўторацца яшчэ некалькі разоў, то можна будзе ставіць пытаньне аб увядзеньні ваеннага альбо надзвычайнага становішча.
  • А калі юрыдычна ўводзіцца ваеннае становішча — дык якія выбары, якія рэфэрэндумы, які «транзыт улады», калі «ідзе вайна»?
  • У такой грамадзка-палітычнай атмасфэры, у якой жыве Беларусь апошні год, дзіўна, што нечага падобнага ня здарылася раней.

Вакол такога надзвычайнага здарэньня, як сьмерць Андрэя Зельцара і супрацоўніка КДБ, непазьбежна ўзьнікае шмат канспіралягічных вэрсіяў. Але, прызнаюся, на гэты момант я ня маю падставы верыць у нейкі фэйк ці арганізаваную пастаноўку. Больш за тое, у такой грамадзка-палітычнай атмасфэры, у якой жыве Беларусь апошні год, дзіўна, што нечага падобнага ня здарылася раней. Дастаткова паглядзець камэнтары ў некаторых забароненых тэлеграм-каналах альбо вынікі галасаваньня ў іншых тэлеграм-каналах наконт дапушчальнасьці ўзброенага супраціву. У людзей забралі магчымасьць мірнага пратэсту, магчымасьць любога публічнага выказваньня нязгоды — і натуральна, што адчай і безвыходнасьць можа ствараць такія сытуацыі.

Цэлы год ад жніўня 2020 году ўвесь час гучала і паўтаралася думка, што калі апанэнты рэжыму пяройдуць да нямірных спосабаў пратэсту, то, маўляў, гэта дасьць уладзе прычыну і нагоду цалкам разьвязаць рукі. Але ў выніку ўлада паказала, што для тэрору супраць насельніцтва ёй ня трэба ніякіх нагодаў. Людзей сталі затрымліваць за бел-чырвона-белыя пасьцілу, шкарпэткі, прычоску, за перапосты з інфармацыйных каналаў, якія ўлада прызнала экстрэмісцкімі.

І калі такое ўжо здарылася, то варта задацца пытаньнем: як улада можа паспрабаваць выкарыстаць гэтую сытуацыю?

Усе апошнія рэплікі Аляксандра Лукашэнкі на тэму «канстытуцыйнай рэформы» паказваюць, як пакутліва ён шукае, што ж рабіць з гэтым паабяцаным працэсам. Тое, як ён ужо неаднаразова адкладаў, пераносіў зацьвярджэньне праекту новай Канстытуцыі; тыя абмежаваньні, якімі ён абумоўлівае гэты працэс, даказваюць, што ён дагэтуль унутрана не жадае запускаць ніякага «транзыту ўлады».

А тут такі «падарунак». Сьмерць супрацоўніка КДБ у кватэры Андрэя Зельцара можа стаць падставай для ўзмацненьня рэпрэсіяў. І калі даведзеныя да адчаю людзі ва ўмовах, калі «иногда не за законов», пачнуць супраціўляцца пры затрыманьнях, калі інцыдэнты са стральбой паўторацца яшчэ некалькі разоў, то можна будзе ставіць пытаньне аб увядзеньні ваеннага альбо надзвычайнага становішча.

А калі юрыдычна ўводзіцца ваеннае становішча — дык якія выбары, якія рэфэрэндумы, які «транзыт улады», калі «ідзе вайна»? Тут і Пуціну можна сказаць: «Я шчыра хацеў правесьці рэфэрэндум, але які рэфэрэндум, калі ў нас супрацоўнікаў КДБ забіваюць?» Як былы супрацоўнік КДБ Пуцін ня можа не адгукнуцца на гэтыя словы.

Мушу падкрэсьліць, што гэта толькі вэрсія, толькі адзін з, магчыма, ня самых імаверных варыянтаў разьвіцьця падзеяў. Усё ж увядзеньне ваеннага ці надзвычайнага становішча — гэта даволі непрыемны псыхалягічны крок для Лукашэнкі, які перавядзе яго канчаткова і юрыдычна з вобразу «народнага прэзыдэнта» (якім ён сябе хоча бачыць) у статус «дыктатара» і вайсковага кіраўніка.

Але тое, што Лукашэнка шукае падставы, каб не праводзіць незразумелы і небясьпечны для яго «транзыт улады», гэта таксама здаецца дастаткова відавочным.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG