Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства інфармацыі прызнала недапушчальнасьць публікацыі карыкатуры з ксяндзамі і свастыкай


Вокладка газэты, якая выклікала буйны скандал

Газэце «Мінская праўда» ўказана на парушэньні, міністэрства прызнала, што падобныя публікацыі могуць выклікаць міжканфэсійную варажнечу.

На пачатку верасьня абласная газэта «Мінская праўда» разьмясьціла на вокладцы карыкатуру з падзагалоўкам «Мутацыя веры», на якой былі намаляваныя каталіцкія сьвятары з крыжамі ў форме свастыкі. Людзі ўгледзелі ў публікацыі распаўсюд экстрэмізму і склалі адпаведную пэтыцыю. Яе адправілі на партал «Зручны горад» і запатрабавалі прыцягнуць рэдакцыю газэты да адказнасьці.

«Лічым падобныя публікацыі ў дачыненьні да прадстаўнікоў духавенства, да таго ж рэлігіі, якую вызнае больш за 15% насельніцтва краіны, недапушчальнымі, зьняважлівымі і абуральнымі ня толькі для ксяндзоў, але й для ўсіх каталікоў Беларусі. Дадзеная публікацыя дзяржаўнага СМІ ўспрымаецца намі як спроба распальваньня рэлігійнай варажнечы да Касьцёла і каталіцкіх вернікаў», — напісалі аўтары пэтыцыі.

Міністэрства інфармацыі дало свой адказ за подпісам намесьніка міністра Ігара Бузоўскага.

«У Міністэрстве інфармацыі сумесна з зацікаўленымі, уключаючы апарат Упаўнаважанага ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў, прааналізавалі апублікаваны матэрыял. Паводле агульнага меркаваньня, публікацыя не спрыяе падтрыманьню міжканфэсійнага міру і згоды ў нашай краіне. Атаясамліваньне дзейнасьці асобных каталіцкіх сьвятароў з усёй Рымска-каталіцкай царквой у Беларусі зьяўляецца непрымальным».

Таксама ў Міністэрстве інфармацыі адзначылі, што такія публікацыі «могуць нанесьці шкоду міжканфэсійным адносінам, а таксама выклікаць нэгатыўныя наступствы ў грамадзкіх адносінах».

Міністэрства інфармацыі пісьмова запатрабавала ад рэдакцыі газэты «Мінская праўда» зрабіць захады дзеля недапушчэньня такіх публікацый у будучыні і атрымала ад рэдакцыі адпаведныя абяцаньні.

Рэдактарам газэты ў час скандальнай публікацыі была Вольга Селязьнёва, якая раней узначальвала іншыя дзяржаўныя газэты — «Добрушскі край» і «Гомельские ведомости», была супрацоўніцай «Гомельскай праўды» і дэпутаткай мясцовых саветаў.

У рэдакцыі сказалі, што кіруе рэдакцыяй генэральны дырэктар Ларыса Коршун. Звольненая Селязьнёва ці не, там ня ведаюць, бо рашэньне прымае Мінінфармацыі, а рэдакцыі нічога наконт гэтага не даводзілі.

Ужо наступны нумар «Мінскай праўды» выйшаў без пазначэньня імя галоўнага рэдактара. Як паведаміла тады выданьне «Флагшток», на пытаньне журналіста пра падзеі ў рэдакцыі заявілі, што новы галоўны рэдактар «пакуль ня ўзгоднены».

Неўзабаве ўлады абверглі інфармацыю пра звальненьне Селязьнёвай, аднак пры гэтым у парушэньне заканадаўства аб СМІ ўжо трэці нумар газэты выйшаў без пазначэньня інфармацыі пра галоўнага рэдактара.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG