Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбар. Памяці Канстанціна Севярынца


Кастанцін Севярынец, архіўнае фота.

З Канстанцінам Севярынцам я пазнаёміўся ў сярэдзіне 80-х, калі пасьля арміі прыйшоў працаваць у аддзел культуры газэты «Віцебскі рабочы», а ён быў карэспандэнтам ТАСС-БелТА па Віцебскай вобласьці.

Карэспандэнт цэнтральнага органу ў рэгіёне быў значна больш свабодны, чым «мясцовы» журналіст. Але перад ім заўсёды быў выбар. Альбо пасябраваць з начальствам, упісацца ў партыйна-гаспадарчую эліту і мець з гэтага зусім не малыя па тых часах выгоды (кватэру ў прэстыжным доме, аўтамабіль, частыя замежныя паездкі, цёплае месца працы для жонкі і гэтак далей), альбо быць верным сваім прынцыпам. І, адпаведна, вышэйпералічанага ня мець.

Выбар, які зрабіў Канстанцін, стаў для мяне асабіста вялікай падтрымкай, калі мы ў 1988 годзе змагаліся супраць будаўніцтва Віцебскай АЭС (і перамаглі), і асабліва калі віцебскі тэлезавод вылучыў мяне кандыдатам у народныя дэпутаты СССР (заслону з партактыву на акруговым сходзе мы не перамаглі). Севярынец, як той летапісец, праўдзіва і падрабязна апісваў падзеі і адсылаў у рэдакцыю. Нічога з гэтага ні ў віцебскай, ні ў менскай прэсе апублікавана, натуральна ж, не было (за выключэньнем некалькіх радкоў), але Канстанцін ляпаў мяне па плячы: «Нічога, нічога, Сяргей. Застанецца для гісторыі».

У адной са сваіх кніг пра 90-я я цытую цяпер ужо палітыка агульнанацыянальнага маштабу Паўла Севярынца, як яму, яшчэ школьніку, бацька прапанаваў пайсьці зь ім у тэатар, дзе меркавалася сустрэча з Пазьняком і іншымі дэпутатамі БНФ. «Быў я „тэлевізійны дэмакрат“, захапляўся мясцовымі лібэраламі. „Позняк?“ — перапытаў я, будучы пад прапагандовымі штампамі тых часоў. „Хадзем, хоць сам паслухаеш чалавека“ — настойваў бацька. Тры гадзіны, якія я слухаў Пазьняка, перавярнулі маё сьветаўспрыманьне: ён адкрыў мне, што такое Беларусь. ... Тая сустрэча стала ў палітычным сэнсе для мяне вызначальнай».

Думаю, што вызначальным для фармаваньня сьветапогляду і характару Паўла (як і ягонай сястры Ганны) усё ж было выхаваньне, якое яны атрымалі ад бацькоў. У тым ліку — і навука рабіць у жыцьці правільны выбар.

Канстанцін, як і ягоная жонка Тацьцяна, удзельнічаў у грамадзкім жыцьці Віцебску, быў сябрам Таварыства беларускай мовы. Ён выдаў некалькі вершаваных дзіцячых кніжак, але «дарослыя» вершы, якія зьмяшчаў апошнія гады ў сваім фэйсбуку, уражвалі спалучэньнем філязофіі і самаіроніі.

Ён адышоў у самыя трагічныя і для Беларусі, і для ягонай сям’і часы. Пакінуўшы па сабе добрую памяць, вершы, выдатных сына і дачок — ня толькі для Гісторыі, але і для будучыні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG