Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Швайцарыі наведаў Натальлю Хершэ ў турме


Натальля Хершэ ў судовай залі. Менск, 3 сьнежня 2021 году.

Амбасадар Швайцарыі Клёд Альтэрмат наведаў палітзьняволеную Натальлю Хершэ ў магілёўскай турме.

Пра гэта стала вядома брату Натальлі Генадзю Касьяну.

Швайцарка, палітзьняволеная Натальля Хершэ адбывае пакараньне ў магілёўскай турме № 4 з 27 верасьня. Туды яе перавялі па рашэньні суду з гомельскай жаночай калёніі.

Цяпер цягам году Натальля мае права на адно кароткатэрміновае спатканьне, можа атрымаць адну бандэроль альбо адзін дробны пакет. Грашовыя пераводы і лісты затое Натальлі можна слаць «без абмежаваньня».

Хто такая Натальля Хершэ:

Палітзьняволеную грамадзянку Швайцарыі Натальлю Хершэ пакаралі пазбаўленьнем волі на 2,5 года ў калёніі агульнага рэжыму. Такі прысуд вынес 7 сьнежня мінулага году суд Савецкага раёну Менску. Яе абвінавацілі ў «супраціве з гвалтам».

На жаночым маршы 19 верасьня 2020 году ў Менску Натальля Хершэ сарвала балаклаву з 22-гадовага амапаўца Сяргея Кончыка. Суд прысудзіў таксама, каб Натальля сплаціла пацярпеламу 1000 рублёў кампэнсацыі.

Натальля Хершэ
Натальля Хершэ

Натальля Хершэ не прызнала сябе вінаватай у тым, што брала ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і нанесла драпіну амапаўцу, калі здымала балаклаву.

На агучваньні прысуду Натальля была ў вопратцы белага і чырвонага колераў.

У сакавіку 2021 году Натальлю Хершэ перавялі ў жаночую калёнію № 4 у Гомлі. Натальля скардзілася на ўмовы ўтрыманьня і дасылала на волю малюнкі сваіх сукамэрніц.

За адмову шыць форму для сілавікоў яе зьмясьцілі ў ШЫЗА, а потым перавялі ў ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу). У канцы верасьня 2021 году суд вырашыў перавесьці яе ў турму.

Натальля Хершэ тройчы адмаўлялася ад прапаноў напісаць заяву аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі, бо лічыць сябе невінаватай.

Міністар замежных спраў Швайцарыі запатрабаваў ад уладаў Беларусі вызваліць Натальлю Хершэ.

Амбасадар Шавйцарыі Клёд Альтэрмат наведвае Натальлю ў калёніі.

51-гадовая Натальля Хершэ мае беларускае і швайцарскае грамадзянства, нарадзілася ў Воршы, але цягам апошніх 12 гадоў стала жыла ў Санкт-Галене, у Швайцарыі. Там жывуць яе дзеці — 23-гадовая Вiялета і 27-гадовы Хведар. Дачка вучыцца ва ўнівэрсытэце Цюрыху, але цяпер вымушана была ўзяць акадэмічны адпачынак.

Бацькі Натальлі Хершэ
Бацькі Натальлі Хершэ

Бацькі Натальлі памерлі ад анкалёгіі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG