Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрымалі ўжо звыш 110 чалавек за камэнтары пра гібель Зельцара і супрацоўніка КДБ

абноўлена

Андрэй Зельцар

У Беларусі з 29 верасьня па 1 кастрычніка затрымалі 116 чалавек з прычыны камэнтароў пра гібель менскага праграміста Андрэя Зельцара і супрацоўніка Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Людзей затрымліваюць паводле артыкулаў аб абразе прадстаўніка ўлады (артыкул 369 КК) і распальваньні сацыяльнай варожасьці (артыкул 130). У МУС заявілі, што «ўстанавілі» больш за 200 чалавек, якія пакінулі «абразьлівыя камэнтары».

Праваабаронцам вядомыя імёны 116 чалавек, але лічба ўвесь час мяняецца. Паводле іх, большасьць затрыманых ня выйшлі на свабоду праз 72 гадзіны пасьля затрыманьня, сваякі часткі зь іх дагэтуль ня ведаюць, дзе іх блізкія.

Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка патлумачыў БАЖ, чаму палітычныя матывы зьняволеньня людзей у гэтай крымінальнай справе відавочныя.

«Наступствы перастрэлкі ў Менску могуць мець разбуральны эфэкт для рэштак законнасьці і правоў грамадзян: мы зноў назіраем дзяржаўную палітыку двайных стандартаў, калі адзін з бакоў узброены і ўтрымлівае ўладу, а таму мае рацыю. Адкрыты заклік да тэрору і гвалту „ў адказ“, які прагучаў ад старшыні Пастаяннай камісіі нацыянальнай бясьпекі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Алега Белаконева, застаўся беспакараным, а больш за сотню звычайных грамадзянаў затрымалі і пазбавілі волі за выказваньні, якія дакладна не былі прычынай акту гвалту — гэта ўжо была рэакцыя на тое, што адбылося».

За матэрыял пра Зельцара ў краіне заблякавалі сайт «Комсомольской правды в Беларуси»: там зьявілася нататка, дзе аднаклясьніца загінулага добра пра яго выказалася.

Аўтар той нататкі — журналіст Генадзь Мажэйка. Яго затрымалі і зьмясьцілі ў ізалятар на Акрэсьціна ў Менску. Ён праходзіць падазраваным па артыкулах аб распальваньні нянавісьці (артыкул 130 КК) і абразе прадстаўніка ўлады (артыкул 369).

Перастрэлка Андрэя Зельцара з групай КДБ. Што вядома

28 верасьня каля другой гадзіны дня супрацоўнікі КДБ у цывільнай вопратцы ўзламалі дзьверы і ўварваліся ў кватэру, дзе быў Андрэй Зельцар і ягоная жонка Марыя Ўсьпенская.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, Зельцар двойчы стрэліў і сьмяротна параніў аднаго з групы КДБ. Супрацоўнікі КДБ застрэлілі яго ў адказ.

Жонку, якая здымала здарэньне на тэлефон, затрымалі за дапамогу ў забойстве.

Андрэю Зельцару быў 31 год.

У 2008 годзе ён скончыў тэхнікум бізнэсу і права. З 2016-га працаваў у Epam кіраўніком групы (team lead).

Захапляўся фэхтаваньнем, бегам па прыродным рэльефе, трыятлёнам.

Вядома, што ён плаціў дзяржаўнае мыта на права паляваньня. Гэта можа значыць, што стрэльбу ён меў законна, і пра гэта было вядома адпаведным службам. Мяркуючы па фота ў інстаграме Зельцара, марка стрэльбы — «ИЖ-27».

17 жніўня 2020 году ў сваім інстаграме ён заклікаў да ўсеагульнай забастоўкі і «ісьці да канца».

Ягоная жонка Марыя Ўсьпенская працавала ў сетцы крамаў побытавай хіміі, ёй 40 гадоў. У іх ёсьць сын, які нарадзіўся ў 2012 годзе.

Андрэй Зельцар
Андрэй Зельцар

Пра загінулага супрацоўніка КДБ спачатку афіцыйна паведамілі толькі пазыўны «Нірвана». У дзень разьвітаньня зь ім, 1 верасьня, з паведамленьня БелТА стала вядома, што яго імя Дзьмітры Федасюк, ён афіцэр групы «А» КДБ. Раней гэтыя зьвесткі неафіцыйна паведаміў ByPol. Федасюку быў 31 год. У яго засталіся жонка і малое дзіцё.

Праўладныя СМІ апублікавалі відэа зь месца здарэньня каля восьмай гадзіны вечара. Яно было змантаванае з запісаў дзьвюх камэр — з боку сілавікоў і з боку Зельцара. Сілавікі патлумачылі запіс з пакою Зельцара ягоным жаданьнем «хайпануць».

Некаторыя карыстальнікі сацыяльных сетак палічылі відэа пастаноўкай. У іншых на падставе паказаных кадраў узьніклі сумненьні ў афіцыйнай вэрсіі здарэньня. Выказваліся розныя меркаваньні: і што байца КДБ маглі сьмяротна параніць свае ж, і што Зельцар страляў траўматычнымі, а не паляўнічымі, кулямі (якія, аднак, зблізку таксама маглі нанесьці сьмяротнае раненьне).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG