Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Золатаздабыча ў Афрыцы праз афшорныя кампаніі. Якія таямніцы беларускіх уладаў хавае «Дасье Пандоры»


Беларускі бізнэсовец Аляксандар Зінгман і прэзыдэнт Зымбабвэ Эмэрсан Мнангагуа, 2019 год.

З расьсьледаваньня журналістаў вынікае, што сын Віктара Шэймана Сяргей і бізнэсовец Аляксандар Зінгман займаліся пошукамі і здабычай золата ў Зымбабвэ.

Віктар Шэйман і Зымбабвэ

Некалькі гадоў таму Аляксандар Лукашэнка даручыў курыраваць экспарт у Зымбабвэ свайму паплечніку, на той момант кіраўніку спраў прэзыдэнта Віктару Шэйману, нагадваюць журналісты-расьсьледавальнікі з праекту «Дасье Пандоры».

У 2018-м Шэйман пабываў у Зымбабвэ мінімум двойчы, пасьля паездкі ў сакавіку ён паведаміў Лукашэнку аб падпісаньні кантрактаў на 58 мільёнаў даляраў. Тады агучвалася, што «гэта трактары і тэхніка для лясной гаспадаркі».

Краіны таксама плянавалі стварыць буйную транспартную кампанію і супольнае прадпрыемства дзеля здабычы карысных выкапняў, нафты, золата, плаціны.

У студзені 2019 году Віктар Шэйман праанансаваў прамысловую здабычу карысных выкапняў у Зымбабвэ.

«Мы пачалі займацца вельмі прадметна прафэсійнай геолягавыведкай. Нашы геолягі працуюць у Зымбабвэ паўтара года. І знайшлі вельмі цікавыя і досыць вялікія паклады карысных выкапняў. Мы разьлічваем увайсьці ў прамысловую здабычу карысных выкапняў ужо пачынаючы літаральна з сакавіка гэтага году», — паведаміў Шэйман.

Пры чым тут бізнэсовец Зінгман

Тады ж, у 2019 годзе, пасьля візыту прэзыдэнта Зымбабвэ Эмэрсана Мнангагуа ў Менску адкрылася ганаровае консульства Зымбабвэ.

Калі ў Менску адкрылася консульства Зымбабвэ, ганаровым консулам стаў Аляксандар Зінгман. На той момант ён быў вядомы як адзін з пастаўшчыкоў беларускай тэхнікі ў Афрыку.

Сёлета ўвесну Зінгмана затрымлівалі ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга па падазрэньні ў гандлі зброяй і падрыхтоўцы перавароту. У няволі Зінгман правёў няшмат часу, а пасьля выхаду абверг усе абвінавачаньні.

Зінгман і Шэйман-малодшы як бізнэс-партнэры

Як вынікае з дадзеных расьсьледавальнікаў, у сьнежні 2017 году сын Віктара Шэймана — Сяргей і Аляксандар Зінгман зарэгістравалі на Сэйшэльскіх Астравах кампанію Midlands Goldfields Foundation. Долі былі разьмеркаваныя 50 на 50.

Інтарэсы сэйшэльскай структуры ў Зымбабвэ прадстаўляла брытанская кампанія з аналягічнаю назваю Midlands Goldfields Limited.

Менавіта гэтая фірма ў красавіку 2018 году, як удалося высьветліць Цэнтру расьсьледаваньня карупцыі і арганізаванай злачыннасьці (OCCRP), атрымала 70-адсоткавую долю ў супольным прадпрыемстве для здабычы золата — Zim GoldFields Limited. 30% дасталася Карпарацыі разьвіцьця горназдабыўной прамысловасьці Зымбабвэ — ZMDC.

Дырэктары супольнага прадпрыемства — некалькі беларусаў, сярод іх — Яўген Жоўнэр, які падпісваў дакумэнты ад імя Zim GoldFields. Кампанія атрымала некалькі спэцыяльных грантаў на распрацоўваньне россыпных радовішчаў золата ў Зымбабвэ з паніжанай падатковай стаўкай і наняла для правядзеньня працаў беларускую кампанію «Белгеапошук».

«Белгеапошук» таксама быў зьвязаны з Адміністрацыяй прэзыдэнта Беларусі, якой кіраваў Віктар Шэйман.

«Белгеапошук» працаваў у далінах некалькіх зымбабвійскіх рэк на замову Zim GoldFields. Працы ішлі ў рэчышчы ракі Мутарэ ў правінцыі Манікалэнд.

У кастрычніку 2018 году мясцовае Міністэрства горнай прамысловасьці знайшло парушэньні на дзялянцы, вылучанай Zim GoldFields у рэчышчы ракі Мутарэ. Там адбывалася нелегальная здабыча.

Пазьней чыноўнікі знайшлі парушэньні з боку сумеснага прадпрыемства ў раёне ракі Мутаса.

На пляцоўцы, дзе працавала Zim GoldFields, у сярэдзіне лістапада 2020 году здарыўся інцыдэнт: загінулі нелегальныя здабывальнікі золата. Падрадная арганізацыя з Кітаю засыпала адкрытыя кар’еры, каб падрыхтавацца да працы. Некаторыя здабывальнікі пакінулі шахту, а некаторыя ў ёй засталіся. У выніку, паводле агульнадаступнай інфармацыі, загінулі два чалавекі, аднак ахвяраў можа быць больш.

За два месяцы да гэтага інцыдэнту брытанская і сэйшэльская кампаніі Midlands GoldFields спынілі сваю дзейнасьць.

З электроннай пошты кампаніі Aftrade, якою валодае Аляксандар Зінгман, расьсьледавальнікам прыйшоў адказ, што бізнэсовец ня мае ніякага дачыненьня ні да супольнага прадпрыемства Zim Goldfields, ні да брытанскай фірмы Midlands Goldfields Limited. «Спадар Зінгман таксама ня ўдзельнічае ў якіх-небудзь дзелавых адносінах і існуючых кампаніях са спадаром Сяргеем Шэйманам», — гаворыцца ў адказе.

Сяргей і Віктар Шэйманы на запыты і званкі не адказалі.

Ня толькі золата

Аляксандар Зінгман таксама фігуруе ў «Панамскім дасье» зь іншай кампаніяй, якая зьвязаная зь Беларусьсю і Афрыкай. Гэтым бізнэсам ён кіраваў разам зь беларускім бізнэсоўцам Аляксандрам Шакуціным.

У 2016 годзе Зінгман і Шакуцін заснавалі ў Ганконгу кампанію Afex Company Limited. У дакумэнтах прадпрымальнікі ўказалі, што кампанія будзе гандляваць абсталяваньнем паміж Беларусьсю і афрыканскімі краінамі.

Тады ж у Беларусі была заснаваная кампанія Afex Global. Менавіта гэтая кампанія, згодна з адкрытымі дадзенымі, займалася пастаўкай беларускай тэхнікі ў Афрыку.

Беларуская кампанія закрылася ў кастрычніку 2018 году. Зінгман і Шакуцін адмовіліся ад бізнэсу ў Ганконгу ў тым жа годзе, а кампанію Afex Company Limited перадалі зымбабвійскаму юрысту Фарэ Мутамангірэ.

Аўтары расьсьледаваньня пагаварылі і з Аляксандрам Шакуціным наконт ягонага бізнэсу ў Афрыцы.

«У нас была праграма работы ў Афрыцы. Але пасьля таго, як я сказаў, што з-за таго, што я блізкі да прэзыдэнта, эўрапейскія банкі адмаўляюцца працаваць з гэтай кампаніяй, — адпаведна, я вырашыў ня ўмешвацца ў дзейнасьць кампаніі», — сказаў бізнэсовец.

У кампаніі Зінгмана Aftrade журналістам заявілі, што Afex і яе «дачка» ў Беларусі не праводзілі ніякіх гандлёвых апэрацый і былі ліквідаваныя.

Што такое «Дасье Пандоры»

Больш за 650 журналістаў зь Міжнароднага кансорцыюму журналістаў вывучылі мільёны файлаў, у якіх фігуруе інфармацыя пра тры дзясяткі былых і цяперашніх кіраўнікоў дзяржаў і больш як пра тры сотні чыноўнікаў.

«Дасье Пандоры» — гэта 11,9 мільёна файлаў вагой 2,94 тэрабайта з 14 розных крыніц. Упершыню ў падобным расьсьледаваньні паўдзельнічалі і беларусы — каманда «Белсат TV» «Давайце разьбірацца».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG