Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забітага ў перастрэлцы з супрацоўнікам КДБ Андрэя Зельцара пахавалі на Лясных могілках Менску

абноўлена

Пахаваньне Андрэя Зельцара

Праграміста застрэлілі 28 верасьня ва ўласнай кватэры ў Менску супрацоўнікі КДБ. Усе рытуальныя залі гораду адмовіліся даць памяшканьне для цырымоніі разьвітаньня зь Зельцарам.

6 кастрычніка Андрэя Зельцара пахавалі на Лясных могілках, што на паўночна-ўсходняй ускраіне Менску. Там прайшла і цырымонія разьвітаньня.

Андрэй Зельцар 28 верасьня ва ўласнай кватэры застрэліў супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка і быў застрэлены ў адказ, згодна з афіцыйнай вэрсіяй.

Дзьмітрыя Федасюка ўрачыста пахавалі 1 кастрычніка.

На пахаваньні Андрэя Зельцара
На пахаваньні Андрэя Зельцара

На хаўтурах прысутнічалі каля 200 чалавек, цырымонія прайшла ў маўчаньні.

Актывісты «Фрунзэнскага руху» прапанавалі акцыю салідарнасьці. Яны заклікалі 6 кастрычніка, у дзень пахаваньня Зельцара, у 21:00 пагасіць усё асьвятленьне ў кватэры ці доме роўна на 10 хвілін.

Высьветлілася, што цела Андрэя прывезьлі на могілкі проста з моргу, бо ўсе рытуальныя залі Менску адмовіліся прымаць цырымонію разьвітаньня.

Пра гэта расказала звольненая выкладчыца МДЛУ Натальля Дуліна.

На пахаваньні Зельцара прысутнічала каля 100 чалавек. Адзін з прысутных расказаў пра цырымонію разьвітаньня ў сваім Фэйсбуку.

Сьвятлана Ціханоўская заклікала беларусаў ушанаваць памяць загіблага ў перастрэлцы з супрацоўнікамі КДБ.

«Андрэй — гэта чалавек, якога з усіх сілаў спрабуе дэманізаваць рэжым. Настолькі, што два абзацы зь яго характарыстыкай са словаў аднаклясьніцы сталі падставай для арышту журналіста Генадзя Мажэйкі, блякаваньня сайта „Камсамольскай праўды“ і фактычна зьнішчэньня чарговага недзяржаўнага мэдыя ў Беларусі.

Мы па-ранейшаму ня ведаем, што менавіта адбылося 29 верасьня, бо народ ужо даўно ня верыць дзяржканалам. Нам ня кажуць, як загінуў супрацоўнік КДБ, чаму жонка Андрэя апынулася на Акрэсьціна. Адзінае, што мы ведаем, — тое, што яшчэ два чалавекі больш ніколі ня вернуцца дадому да сваіх сем’яў».

Перастрэлка Андрэя Зельцара з групай КДБ. Што вядома

28 верасьня каля другой гадзіны дня супрацоўнікі КДБ у цывільнай вопратцы ўзламалі дзьверы і ўварваліся ў кватэру, дзе быў Андрэй Зельцар і ягоная жонка Марыя Ўсьпенская.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, Зельцар двойчы стрэліў і сьмяротна параніў аднаго з групы КДБ. Супрацоўнікі КДБ застрэлілі яго ў адказ.

Жонку, якая здымала здарэньне на тэлефон, затрымалі за дапамогу ў забойстве.

Андрэю Зельцару быў 31 год.

У 2008 годзе ён скончыў тэхнікум бізнэсу і права. З 2016-га працаваў у Epam кіраўніком групы (team lead).

Захапляўся фэхтаваньнем, бегам па прыродным рэльефе, трыятлёнам.

Вядома, што ён плаціў дзяржаўнае мыта на права паляваньня. Гэта можа значыць, што стрэльбу ён меў законна, і пра гэта было вядома адпаведным службам. Мяркуючы па фота ў інстаграме Зельцара, марка стрэльбы — «ИЖ-27».

17 жніўня 2020 году ў сваім інстаграме ён заклікаў да ўсеагульнай забастоўкі і «ісьці да канца».

Ягоная жонка Марыя Ўсьпенская працавала ў сетцы крамаў побытавай хіміі, ёй 40 гадоў. У іх ёсьць сын, які нарадзіўся ў 2012 годзе.

Пра загінулага супрацоўніка КДБ спачатку афіцыйна паведамілі толькі пазыўны «Нірвана». У дзень разьвітаньня зь ім, 1 верасьня, з паведамленьня БелТА стала вядома, што яго імя Дзьмітры Федасюк, ён афіцэр групы «А» КДБ. Раней гэтыя зьвесткі неафіцыйна паведаміў ByPol. Федасюку быў 31 год. У яго засталіся жонка і малое дзіцё.

Дзьмітры Федасюк
Дзьмітры Федасюк

Праўладныя СМІ апублікавалі відэа зь месца здарэньня каля восьмай гадзіны вечара. Яно было змантаванае з запісаў дзьвюх камэр — з боку сілавікоў і з боку Зельцара. Сілавікі патлумачылі запіс з пакою Зельцара ягоным жаданьнем «хайпануць».

Некаторыя карыстальнікі сацыяльных сетак палічылі відэа пастаноўкай. У іншых на падставе паказаных кадраў узьніклі сумненьні ў афіцыйнай вэрсіі здарэньня. Выказваліся розныя меркаваньні: і што байца КДБ маглі сьмяротна параніць свае ж, і што Зельцар страляў траўматычнымі, а не паляўнічымі, кулямі (якія, аднак, зблізку таксама маглі нанесьці сьмяротнае раненьне).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG