Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ліквідавалі больш за 250 суб'ектаў грамадзянскай супольнасьці


Праваабарончая дзейнасьць, ілюстрацыйнае фота

Праваабаронцы выступілі з супольнай заявай аб недапушчэньні парушэньня свабоды асацыяцый у Беларусі.

Апошні год беларускія арганізацыі грамадзянскай супольнасьці зазнаюць несупынны ціск: дыскрэдытацыю ў дзяржаўных СМІ, крымінальныя справы ў адносінах да актывістаў, масавыя праверкі, ператрусы, затрыманьні, прымусовыя ліквідацыі.

На сёньня вядома пра ліквідацыю больш як 250 аб'яднаньняў грамадзянскай супольнасьці, адзначаецца ў супольнай заяве беларускіх праваабаронцаў.

У гэтым пераліку практычна ўсе буйныя арганізацыі, многія дзейнічалі ад абвяшчэньня сувэрэнітэту Беларусі:

  • Кансультацыйны цэнтар у актуальных міжнародных практыках «Х'юман Канстанта»
  • Цэнтар прасоўваньня правоў жанчын
  • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
  • Цэнтар прававой трансфармацыі
  • Сацыяльна-інфармацыйная ўстанова «ТаймАкт»
  • Беларускі ПЭН-Цэнтар
  • Беларуская асацыяцыя журналістаў
  • Грамадзкае аб’яднаньне «Экадом»
  • Беларускі Хэльсынскі Камітэт
  • Грамадзкае аб’яднаньне «Прававая ініцыятыва»
  • Грамадзкае аб’яднаньне «Зьвяно»
  • Саюз беларускіх пісьменьнікаў

Акрамя таго, пацярпеў яшчэ цэлы шэраг арганізацый, дзейнасьць якіх накіраваная на абарону правоў уразьлівых групаў.

За праваабарончую дзейнасьць у месцах зьняволеньня ўтрымліваюцца сябры Праваабарончага цэнтру «Вясна»: старшыня Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімер Лабковіч, каардынатарка валянтэрскай службы «Вясны» Марфа Рабкова, кіраўнік Цэнтру стратэгічнай цяжбы Леанід Судаленка, валянтэры Тацяна Ласіца і Андрэй Чапюк.

«Дэклярацыя аб праве і абавязку асобных асобаў, групаў і органаў грамадзтва заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека вызначае, што кожны чалавек можа індывідуальна і сумесна зь іншымі ўдзельнічаць у мірнай дзейнасьці, накіраванай супраць парушэньняў асноўных свабодаў. Беларусь, як удзельніца Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, абавязалася паважаць і забясьпечваць усім асобам, якія знаходзяцца пад яе юрысдыкцыяй, правы, прызнаваныя ў дадзеным пакце», — гаворыцца ў дакумэнце.

У адпаведнасьці з вышэйпададзеным беларускія праваабарончыя арганізацыі падкрэсьліваюць сваю далейшую прыхільнасьць каштоўнасьцям і прынцыпам правоў чалавека і заяўляюць аб працягу мірнай законнай дзейнасьці:

  • «Выказваем намер і далей рабіць свой унёсак у пабудову грамадзтва, заснаванага на павазе правоў кожнага чалавека, на вяршэнстве права
  • Заяўляем пра недапушчальнасьць парушэньня свабоды асацыяцый, перасьледу праваабаронцаў і грамадзкіх актывістаў
  • Патрабуем аднаўленьня ў рэгістрацыі прымусова ліквідаваных арганізацый, у тым ліку праваабарончых
  • Заклікаем да неадкладнага вызваленьня з-пад варты праваабаронцаў і валянтэраў ПЦ «Вясна», а таксама іншых палітычных зьняволеных
  • Чакаем спыненьня дыскрэдытацыі як канкрэтных арганізацый, так і ўсёй грамадзянскай супольнасьці».

Беларускія праваабаронцы таксама зьвярнуліся да міжнароднай супольнасьці з просьбай працягваць падтрымліваць дэмакратычныя арганізацыі і праваабаронцаў, садзейнічаць спыненьню рэпрэсій у дачыненьні да грамадзянскай супольнасьці ў сувязі з ажыцьцяўленьнем мірнай дзейнасьці, скіраванай на заахвочваньне і прасоўваньне правоў чалавека.

Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі

У красавіку міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.

«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.

22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.

«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»

«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.

30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.

«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.

Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Паводле праваабаронцаў «Вясны», ужо ліквідавалі больш за 30 НДА, больш за 100 — у працэсе ліквідацыі ці пад яе пагрозай.

Сярод ліквідаваных арганізацый

  • • Human Constanta
  • • Беларуская асацыяцыя журналістаў
  • • Беларускі Хэльсынскі камітэт
  • • Гродна Лайф Медыя
  • • Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
  • • Зьвяно
  • • Имена
  • • Мова нанова
  • • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
  • • ПЭН-цэнтар
  • • Прававая ініцыятыва
  • • Саюз беларускіх пісьменьнікаў
  • • Тэрыторыя правоў
  • • Цэнтар прававой трансфармацыі
  • • Экадом
  • Таварыства беларускай мовы

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG