Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фаварыт, але не ляўрэат: чаму Сьвятлане Ціханоўскай не далі Нобэлеўскую прэмію міру


Такім чынам, надзеі беларускай дэмакратычнай супольнасьці ня спраўдзіліся. Гэтым разам Нобэлеўская прэмія абмінула Беларусь.

Сьцісла

  • Нобэлеўская прэмія міру ўручаецца ня толькі змагарам за мір, але і за важкі ўнёсак у абарону правоў чалавека.
  • Шмат хто ў сьвеце здаўна абвінавачвае Нобэлеўскі камітэт у палітычнай ангажаванасьці.
  • Таму перад Нобэлеўскім камітэтам увесь час паўстае дылема: як падтрымаць мір, правы чалавека, і пры гэтым не ўцягнуцца ў чыста палітычныя канфлікты.
  • Сёлетняе рашэньне Нобэлеўскага камітэту нясе на сабе выразны адбітак гэтай дылемы.
  • Прысуджэньне прэміі Сьвятлане Ціханоўскай ці Аляксею Навальнаму было б успрынята ў шэрагу краін як умяшаньне ва ўнутраныя справы Беларусі ці Расеі, увогуле ў геапалітычны канфлікт паміж РФ і Захадам.
  • Таму рашэньне Нобэлеўскага камітэту ювэлірнае, філіграннае, такое, што цяжка прычапіцца.

Нобэлеўская прэмія міру — гэта даўно ўжо ня толькі пра змаганьне за мір. Яна часьцяком уручаецца за важкі ўнёсак у абарону правоў чалавека, увогуле гуманітарных каштоўнасьцяў. Прэміяй былі ўганараваныя абаронца абяздоленых Маці Тэрэза, палітычныя дысыдэнты (акадэмік Андрэй Сахараў, кітайскія дысыдэнты, уключаючы Далай-ламу), апазыцыйныя палітыкі (Лех Валэнса, Аун Сан Су Чжы), нават цэлыя арганізацыі («Дактары бязь межаў» і чамусьці МАГАТЭ).

Шмат хто ў сьвеце, асабліва прадстаўнікі недэмакратычных дзяржаваў, здаўна абвінавачвае Нобэлеўскі камітэт, які абвяшчае ляўрэатаў прэміі міру, у палітызаванасьці, палітычнай ангажаванасьці. Той увесь час адбіваецца ад гэтых абвінавачаньняў. Таму перад Нобэлеўскім камітэтам увесь час паўстае дылема: як падтрымаць мір, правы чалавека, гуманітарныя каштоўнасьці — і пры гэтым не ўцягнуцца ў чыста палітычныя канфлікты.

Сёлетняе рашэньне Нобэлеўскага камітэту нясе на сабе выразны адбітак гэтай дылемы. Быў варыянт падтрымаць нейкія мэдычныя арганізацыі, якія змагаюцца з COVID-19. Але, па-першае, вялікіх посьпехаў у гэтай сфэры пакуль няма. Па-другое, гэта выглядала б зусім дэпалітызаваным рашэньнем, што таксама ня вельмі добра.

Другі варыянт, наадварот, нёс на сабе выразны адбітак умяшаньня ва ўнутрыпалітычны канфлікт. Маю на ўвазе магчымасьць прысуджэньня прэміі Сьвятлане Ціханоўскай ці Аляксею Навальнаму. Абое ня столькі дысыдэнты, колькі апазыцыйныя палітыкі. Уганараваньне аднаго зь іх (ці абодвух) было б успрынята ў Расеі, Беларусі і шэрагу іншых краін як спроба Захаду ўмяшацца ва ўнутраныя справы гэтых дзяржаў, увогуле ў геапалітычны канфлікт паміж РФ і афіцыйным Менскам, з аднаго боку, і ЗША і ЭЗ — з другога.

Нобэлеўскі камітэт знайшоў іншае, больш тонкае рашэньне. Ён падтрымаў дэмакратычныя памкненьні значнай часткі расейскага грамадзтва, уганараваўшы адкрыта апазыцыйную «Новую газету» і яе рэдактара Дзьмітрыя Муратава. А таксама філіпіна-амэрыканскую журналістку Марыю Рэса, якая зазнала крымінальны перасьлед за журналісцкую працу. Каб не падумалі, што гэта ўкол Пуціну. Свабода СМІ — гэта неад’емная частка правоў чалавека.

Сёлетняе рашэньне Нобэлеўскага камітэту ювэлірнае, філіграннае. Ён прайшоў паміж Сцылай і Харыбдай. Прайшоў так, што цяжка прычапіцца. Таму нават прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў павіншаваў Дзьмітрыя Муратава з узнагародай. Хапіла здаровага сэнсу.

Ну, а беларускай дэмакратычнай супольнасьці, напэўна, варта паспачуваць, што ня зьдзейсьніліся яе надзеі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG