Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу пасьля сьмерці Вітольда Ашурка так і не завялі, родным перасталі адказваць на пытаньні


Вітольд Ашурак

Актывісту зь Бярозаўкі Вітольду Ашурку 13 кастрычніка споўніўся б 51 год. Амаль пяць месяцаў таму стала вядома, што ён памёр у шклоўскай калёніі пры нявысьветленых абставінах. Крымінальнай справы па факце ягонай сьмерці дагэтуль няма.

Як расказаў брат Вітольда Андрэй Ашурак, родныя дагэтуль ня ведаюць, чаму памёр Вітольд. Сям’і не перадалі вынікаў экспэртызы з прычынамі сьмерці палітвязьня, ня выдалі заключэньня з указанай прычынай сьмерці. Родным не расказваюць, як ідзе праверка па факце сьмерці зьняволенага ў калёніі.

Да таго ж у калёніі зьнікла частка асабістых рэчаў Вітольда, у прыватнасьці, турэмны дзёньнік, пра які ён неаднаразова пісаў у лістах. Аднак кіраўніцтва шклоўскай калёніі не паведамляе родным, як яны шукаюць зьніклыя рэчы вязьня.

Усе гэтыя пытаньні Андрэй Ашурак даслаў пісьмова начальніку ўпраўленьня Сьледчага камітэту па Магілёўскай вобласьці Ўладзімеру Шалухіну 27 верасьня. Чакае адказу.

«Інфармацыі нуль. Сьледчы не падымае трубку зь пятага жніўня», — кажа Андрэй Ашурак.

Андрэй Ашурак, брат памерлага палітвязьня Вітольда Ашурка
Андрэй Ашурак, брат памерлага палітвязьня Вітольда Ашурка

5 жніўня ён праз тэлефон задаў сьледчаму гэтыя вострыя, на ягоную думку, пытаньні, пасьля чаго той зусім перастаў адказваць на штодзённыя тэлефанаваньні, а потым нібыта сышоў надоўга ў адпачынак.

Маці Вітольда, 83-гадовая Алена Міронаўна, вельмі схуднела пасьля сьмерці сына. Кажа, што праз моцны стрэс ня можа есьці, аднак прымушае сябе сілком. Часта наведвае магілу сына на могілках. Апошні раз яна бачылася зь Вітольдам у жніўні 2020 году. Яе не пусьцілі на закрытае паседжаньне суду. На спатканьні з сынам у турме яна ня езьдзіла праз слабое здароўе.

«Далі пяць гадоў, хай бы сядзеў. Ну яшчэ пяць дайце! Навошта было забіваць? Шкадую, што паміраў адзін у чужых людзях, у такім болі. Не было побач нікога з блізкіх людзей, хто б пашкадаваў, прытуліў яго перад сьмерцю. Але што цяпер паробіш? Думаю, такая была Божая воля. Ён сам абраў гэты шлях. Я да самай сьмерці буду плакаць», — кажа маці.

Што вядома пра абставіны сьмерці Вітольда Ашурка

21 траўня 2021 году жонцы Вітольда Ашурка Вользе пазванілі са шклоўскай калёніі і паведамілі пра сьмерць мужа праз «спыненьне сэрца». Цела вязьня аддалі толькі празь пяць дзён. Галава Вітольда была забінтаваная «ад макаўкі да носу». Супрацоўніца моргу, са словаў сваякоў, выглядала напужанай і сказала, што нібыта галаву ўдарылі, калі даставалі цела зь лядоўні.

Увечары таго ж дня зьявілася відэа Сьледчага камітэту з кадрамі нібыта са штрафнога ізалятара шклоўскай калёніі, на якіх чалавек, падобны да Вітольда, ледзь стаіць на нагах, хістаецца, а потым некалькі разоў падае і ўдараецца тварам аб сьцяну.

Вітольда Ашурка пахавалі на бярозаўскіх могілках пад бел-чырвона-белым сьцягам.

Разьвітаньне з Вітольдам Ашуркам, 25 траўня 2021
Разьвітаньне з Вітольдам Ашуркам, 25 траўня 2021

Хто такі Вітольд Ашурак

  • Вітольд Ашурак — палітычны і грамадзкі актывіст. Сябар партыі БНФ, абласны каардынатар руху «За свабоду». Жыў і працаваў у Бярозаўцы (Лідзкі раён). Нарадзіўся 13 кастрычніка 1970 году. Памёр 21 траўня 2021-га ў папраўчай калёніі № 17.
  • Прыйшоў у палітыку пасьля Плошчы-2010 і арышту пасьля яе. Тады ж перайшоў на беларускую мову. Неаднойчы балятаваўся ў мясцовыя дэпутаты і парлямэнт. Ні разу туды ня трапіў.
  • Падымаў экалягічныя пытаньні, у тым ліку пра забруджваньне паветра шклозаводам «Нёман» у Бярозаўцы, забруджваньне рэк Дзітва і Нёман, якое выклікала паморак рыбы. Выходзіў на акцыі і адзіночныя пікеты. Яго ня раз затрымлівалі і штрафавалі.
  • Разам з паплечнікамі ўшаноўваў мясьціны паўстанцаў Каліноўскага на Горадзеншчыне і Берасьцейшчыне, ставіў каліноўцам помнікі і крыжы. Удзельнічаў у цырымоніі перапахаваньня паўстанцаў Каліноўскага ў Вільні ў 2019 годзе.
  • Ашурак стаў лідэрам пратэстаў у Лідзе падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году. 9 жніўня да Лідзкага райвыканкаму прыйшлі тысячы чалавек, незадаволеныя агучанымі вынікамі галасаваньня. Вітольд у той вечар і раней заклікаў усіх да мірнага вырашэньня пытаньня.
  • Актывіста затрымалі ўвечары 9 жніўня і асудзілі на 20 сутак: 15 за ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве», 5 дадалі за «непавагу да суду», бо Вітольд ня ўстаў, калі ўвайшоў судзьдзя. Яго выпусьцілі празь 5 дзён, калі сталі выпускаць усіх «палітычных». На плошчу ў Лідзе яго прывёз на сваёй машыне сам начальнік Лідзкага РАУС.
  • Паўторна Ашурка затрымалі 19 верасьня 2020 году. Ён мусіў адбыць прыпынены арышт (15 дзён), яшчэ 15 сутак далі за тыя акцыі, на якія ён хадзіў у жніўні і верасьні.
  • Празь месяц яго ня выпусьцілі з ізалятара. На Вітольда завялі дзьве крымінальныя справы за падзеі 9 жніўня: за «арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі) і за тое, што нібыта ўдарыў каленам у жывот міліцыянта Антона Кацілу (артыкул 364 КК Беларусі).
  • Суд праходзіў у Лідзе ў закрытым рэжыме. Судзьдзя Максім Філатаў 18 студзеня 2021 году асудзіў Ашурка на 5 гадоў калёніі. Таксама актывіст мусіў выплаціць 1000 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды пацярпеламу міліцыянту Кацілу.
  • Вітольд Ашурак быў прызнаны палітвязьнем.
  • 21 красавіка Ашурка перавялі з горадзенскай турмы ў шклоўскую калёнію. Цягам месяца ад яго амаль не было лістоў, хаця перад гэтым лісты сябрам і сваякам ад яго прыходзілі часта. У адным з апошніх ягоных лістоў упершыню не было фразы «Жыве Беларусь!», якой ён завяршаў кожны ліст.
  • 21 траўня родным паведамілі са шклоўскай калёніі, што Вітольд Ашурак памёр ад «спыненьня сэрца».
  • Цела аддалі сваякам празь 5 дзён. Галава «ад макаўкі да носу» была забінтаваная. У магілёўскім моргу патлумачылі гэта тым, што цела нібыта ўдарылі галавой, калі вымалі зь лядоўні. У дакумэнтах прычына сьмерці Ашурка не названая.
  • У той жа вечар зьявілася змантаванае зь некалькіх кавалкаў відэа Сьледчага камітэту, на якім нібыта апошнія моманты жыцьця Ашурка. Відаць чалавека ў пустой камэры ў робе з надпісам «ШИЗО». Ён стаіць, хістаючыся, а потым двойчы падае, б’ецца галавой. Супрацоўнік турмы перабінтоўвае яму галаву пасьля першага падзеньня і зноў пакідае аднаго ў камэры. Са словаў Сьледчага камітэту, Ашурак адмовіўся ад шпіталізацыі.
  • Сваякі думаюць, што Вітольда забілі ў калёніі.
  • Вітольда пахавалі на бярозаўскіх могілках пад бел-чырвона-белым сьцягам і з гімнам «Магутны Божа». Крымінальную справу па факце сьмерці Вітольда Ашурка не завялі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG