Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінус 196 турфірмаў за год. Што адбываецца з турызмам у Беларусі


Ілюстрацыйнае фота. Пустыя стойкі ргістрацыі пасажыраў у Нацыянальным аэрапорце «Менск», сакавік 2020 году

А прыбытак ад экспарту турыстычных паслуг упаў удвая. Глядзім, што цяпер з уязным і выязным турызмам у Беларусі.

Беларусы сталі менш езьдзіць за мяжу

У 2020 годзе замежныя турысты зьдзейсьнілі 3,5 мільёна паездак у Беларусь. У 2019 годзе такіх паездак было 11,8 мільёна — амаль утрая болей, падлічвае Белстат.

Беларусы за мяжу ў 2020 годзе зрабілі 2,8 мільёна паездак, у 2019 годзе такіх паездак было ўтрая болей.

Найбольш турыстаў у Беларусь прыяжджала з Расеі і Польшчы

52,2 тысячы турыстаў з Расеі ў 2020 годзе прыехалі ў Беларусь. Гэта ў 4 разы менш, чым у 2019 годзе. На другім месцы — Польшча. З гэтай краіны Беларусь наведалі 13,5 тысяч чалавек — у 4,5 раза менш, чым у 2019 годзе.

Менш турыстаў прыяжджалі зь Літвы — у 11 разоў. Паток турыстаў у Беларусь з Кітаю зьменшыўся ажно ў 27 разоў, гэта найвышэйшы такі паказчык. Менш турыстаў стала прыяжджаць з Украіны — у 4,7 раза.

Менш турыстаў стала прыяжджаць амаль з усіх краін.

Куды беларусы езьдзілі ў пандэмію

У пандэмію беларусы чакана наведвалі краіны, межы якіх былі адчыненыя. Найбольш — Эгіпет: 115 тысяч чалавек. Турэчччына — 62 тысячы, Украіна — 12 тысяч.

Агулам у параўнаньні з 2019 годам з краіны выехала амаль у чатыры разы менш турыстаў. Калі ў 2019 годзе падарожнічаў за мяжу амаль мільён беларусаў, то ў 2020-м — 258 616 чалавек.

Да 7 тысяч чалавек вырасла колькасьць турыстаў, які наведалі Альбанію. У 2019 годзе іх было ўдвая болей.

Мінус 196 турфірмаў за год

Колькасьць турыстычных арганізацый, якія працуюць у Беларусі, зьменшылася за год на 196. У 2019 годзе такіх арганізацый было 1544, а ў 2020-м — 1348.

Зьменшыўся экспарт і імпарт турыстычных паслуг

Экспарт турыстычных паслуг у грашовым вымярэньні зьменшыўся ў 2,5 раза за год. У 2019 годзе ён склаў 901 мільён даляраў, а летась — 354 мільёны.

Зьменшыўся і імпарт турыстычных паслуг. Калі ў 2019 годзе ён склаў 1,1 мільярда даляраў, то ў 2020 — толькі 501,7 мільёна.

Плюс 176 аграсядзібаў

У параўнаньні з 2019 годам летась у Беларусі зьявілася больш аграсядзібаў: было 2760, стала 2936. А вось турысты ў аграсядзібы прыяжджалі менш. Калі ў 2019-м іх было 514,8 тысячы чалавек за год, то ў 2020-м — 433,3 тысячы, або менш у 1,1 раза.

Найбольш аграсядзібы наведвалі летась турысты зь Беларусі — 98%. Астатнія 2% — замежнікі. У 2019 годзе замежнікаў у беларускіх аграсядзібах было 9,5%.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG