Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інфармацыя пра крымінальную адказнасьць за падпіску на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы не пацьвердзілася

абноўлена

Дзяржаўныя СМІ апублікавалі падрабязнасьці пастановы Саўміну № 575 «Аб захадах процідзеяньня экстрэмізму і рэабілітацыі нацызму». У іх раскрываецца парадак прызнаньня матэрыялаў экстрэмісцкімі, парадак правядзеньня маніторынгу інфармацыйных матэрыялаў, рэглямэнт дзеяньня спэцыяльнай камісіі пры Міністэрстве інфармацыі.

Уначы дакумэнт апублікавалі на нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і ён уступіў у сілу.

Згодна з дакумэнтам, МУС будзе зьбіраць інфармацыю ад іншых дзяржаўных органаў і публікаваць сьпіс тых, каго чыноўнікі прызнаюць датычнымі да экстрэмісцкай дзейнасьці, на сваім сайце. Фактычна гэта інструкцыя для адказных асоб, як выконваць раней прапісаныя ў законе «Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму» паўнамоцтвы МУС.

Тым часам ГУБАЗіК 13 кастрычніка распаўсюдзіў інфармацыю, што будзе дамагацца прызнаньня «незарэгістраваных груп грамадзян, якія ажыцьцяўляюць экстрэмісцкую дзейнасьць», экстрэмісцкімі фармаваньнямі, каб прыцягваць да адказнасьці за стварэньне і ўдзел у іх, а таксама за падпіску на такія каналы. ГУБАЗіК ужо шмат месяцаў сьцьвярджае, што падпіска на тэлеграм-каналы, прызнаныя экстрэмісцкімі, ёсьць правапарушэньнем, хоць гэтыя заявы не знаходзілі юрыдычных падставаў і не падмацоўваліся рашэньнямі судоў.

У некаторых паведамленьнях пасьля публікацыі пастановы № 575 адзначалася, што МУС і КДБ змогуць прызнаваць фармаваньні грамадзян эксрэмісцкімі без суду. Але насмарэч гэтыя іх паўнамоцтвы ўжо таксама былі раней прапісаныя ў законе «Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму». Рашэньне суду патрэбнае для прызнаньня экстрэмісцкімі матэрыялаў, арганізацый, сымболікі і атрыбутыкі.

Адзначым, што ні сайт, ні сацыяльныя сеткі Радыё Свабода не прызнаваліся экстрэмісцкімі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG