Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павaл Латушка пра новую крымінальную справу супраць яго: Гэта прызнаньне эфэктыўнасьці НАКу і Офісу Ціханоўскай


Павал Латушка

Сьледчы камітэт РБ распачаў яшчэ адну справу супраць Сьвятланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі. Крымінальная справа ўзбуджаная паводле арт. 382 (самавольнае прысваеньне званьня ці ўлады службовай асобы) КК Беларусі. Санкцыі паводле гэтым артыкуле прадугледжваюць да двух гадоў пазбаўленьня волі.

Павaл Латушка ў эфіры «Настоящего времени» назваў гэтае рашэньне беларускіх уладаў «фактычным прызнаньнем эфэктыўнасьці» ўзначальванага ім «Народнага антыкрызіснага кіраваньня», а таксама офісу Ціханоўскай. Ці будуць аб’яднаныя справы ў дачыненьні да апазыцыянэраў, Латушку, паводле яго, не цікавіць.

«Я здаю сабе справу ў сфальсыфікаванасьці, сфабрыкаванасьці ўсіх гэтых справаў, — камэнтуе палітык. — Калі пра былога міністра культуры, дырэктара нацыянальнага тэатру, сталага прадстаўніка Беларусі пры UNESCO можна сказаць, што ён тэрарыст, і за гэта мне пагражае сьмяротнае пакараньне — гэта, вядома, сумна, але галоўнае, што гэта не дэматывуе мяне. І я ўчора перапісваўся са Сьвятланай, я разумею, яна таксама да гэтага так падыходзіць. Гэта, хутчэй, матывуе да таго, што мы павінны быць яшчэ больш эфэктыўнымі».

Беларусаў, паводле Латушкі, такія крымінальныя справы таксама не дэматывуюць.

«Яны гатовыя працягваць сваю барацьбу, гатовыя ў адпаведны вырашальны момант праявіць гэта вонкава, таму што гэта існуе ўнутрана: мы бачым і „партызанскі“ рух, мы бачым і падпольны мірны рух, калі вывешваюцца сьцягі, сымболіка, раскідваюцца ўлёткі, людзі вельмі актыўна глядзяць ютуб-каналы і так далей. Улада, вядома, будзе процідзейнічаць. Яна перш за ўсё будзе процідзейнічаць у інфармацыйнай прасторы, таму што ўсе аналізы абсалютна ўсіх сацыялягічных груп паказваюць, што сёньня інфармацыйны парадак дня за намі», — адзначыў палітык.

Паводле дадзеных Chatham House на пачатак 2021 году, толькі чвэрць беларусаў давяралі Аляксандру Лукашэнку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG