Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ адзін сілавік ва ўрадзе. Генэрал-маёр міліцыі будзе кіраваць Міністэрствам юстыцыі


Навапрызначаны міністар юстыцыі, генэрал-маёр міліцыі Сяргей Хаменка

Звольнілі міністра юстыцыі Алега Сьліжэўскага, які займаў сваю пасаду апошнія 10 гадоў.

Алег Сьліжэўскі зрабіў кар’еру ад прэс-сакратара Міністэрства юстыцыі да кіраўніка ведамства.

Міністэрсткае крэсла ён заняў 13 сьнежня 2011 году і да апошняга заставаўся ў пераліку самых незьмяняльных беларускіх чыноўнікаў.

18 кастрычніка на загад Аляксандра Лукашэнкі ён страціў сваю пасаду і пераведзены ў кадравую рэзэрву. Алега Сліжэўскага заменіць былы намесьнік міністра ўнутраных спраў, генэрал-маёр міліцыі Сяргей Хаменка.

Сяргей Хаменка раней працаваў намесьнікам міністра ўнутраных спраў, яму 55 гадоў, ураджэнец Данецкай вобласьці Ўкраіны. У 1987 годзе скончыў вучэльню МУС СССР, у 1997 годзе – Вайсковую акадэмію ў Маскве, у 2009 годзе Вайсковую акадэмію Беларусі. З 2014-га ачольваў Дэпартамэнт аховы МУС. Намесьнікам міністра ўнутраных спраў стаў у канцы 2019 году.

У кастрычніку мінулага году Рада ЭЗ уключыла ў санкцыйны сьпіс 40 прадстаўнікоў беларускіх уладаў, «адказных за гвалт у дачыненьні грамадзян Беларусі». Сярод іх апынуўся і Хаменка.

У гісторыі Беларусі папярэднік Хаменкі Алег Сьліжэўскі застанецца найперш тым, што пад ягоным кіраўніцтвам Міністэрства юстыцыі ініцыявала ліквідацыю звыш 250 арганізацый грамадзянскай супольнасьці. За сваю дзейнасьць чыноўнік трапіў у санкцыйныя сьпісы ЗША і Эўразьвязу.

Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі

У красавіку міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.

«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.

22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.

«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»

«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.

30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.

«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.

Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Па стане на канец 2021 году ўлады ліквідавалі як найменей 275 НДА, яшчэ шэраг — у працэсе ліквідацыі ці пад яе пагрозай.

Сярод ліквідаваных арганізацый

  • • Human Constanta
  • • Беларуская асацыяцыя журналістаў
  • • Беларускі Хэльсынскі камітэт
  • • Гродна Лайф Медыя
  • • Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
  • • Зьвяно
  • • Имена
  • • Мова нанова
  • • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
  • • ПЭН-цэнтар
  • • Прававая ініцыятыва
  • • Саюз беларускіх пісьменьнікаў
  • • Тэрыторыя правоў
  • • Цэнтар прававой трансфармацыі
  • • Экадом
  • Таварыства беларускай мовы
  • Дзіцячыя госьпісы ў Горадні і Віцебску

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG