Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Некаторыя былі зь лета, у шортах». Маналёг чалавека, які выйшаў з Акрэсьціна. ВІДЭА


Мы пагаварылі з чалавекам, які правёў 15 сутак у зьняволеньні на вуліцы Акрэсьціна ў Менску.

Наш герой перасекся ў турме зь Сяргеем Крупенічам, які разам са сваёй жонкай Анастасіяй знаходзіцца ў турме ўжо больш за 100 дзён.

Таксама ён расказаў, што такі працэс, калі дадаюць новыя і новыя артыкулы, вязьні называюць «карусэль».

  • Усе хварэлі на нейкі вірус — мы яго называлі «турэмны». Моцна сьцягвае горла, пасьля пачынае балець, пасьля насмарк, каньюнктывіт. Бачыў, як прыяжджала «хуткая» і забірала мужчыну, у каго была тэмпэратура 39. Усе, вядома, баяліся каранавірусу, бо ведалі, якія там умовы. Мы ў камэры, калі ў каго былі падазрэньні, правяралі нюх адзін у аднаго. Зь лекаў — толькі парацэтамол, прычым быў такі, на якім цана яшчэ ў тысячах, вельмі стары.
  • Былі такія выпадкі, калі чалавека, які ўжо выходзіць, адразу зноў забіраюць і новы пратакол складаюць. Мы гэта называлі «карусэль». Найбольшая верагоднасьць гэтай «карусэлі» ў тых, хто сядзіць за рэпосты... Я перасекся зь Сяргеем Крупенічам, які сядзіць ужо больш за 100 сутак, у яго ўжо шэсьць дадатковых пратаколаў. За асабістую перапіску. Жонка яго сядзіць таксама ў камэры насупраць.
  • Мы жартавалі, што гэта гатэль «усё выключана». Таму што ні душа, ні шпацыраў. Людзі сьпяць на падлозе, няма ні матрацаў, ні падушак, шмат у каго няма цёплай вопраткі, бо яны сядзяць зь лета, перадачы не перадаюць увогуле — аддаюць тады, калі ты вызваляесься. Некаторыя нават былі ў шортах. Пастаянныя скразьнякі, але бязь іх немагчыма, бо няма чым дыхаць, даводзіцца прасіць адчыніць «кармушку». Адзін чалавек страціў прытомнасьць, бо не хапала сьвежага паветра.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG