Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У сілавой сыстэме ўсім гранічна надакучыла тое, што цяпер адбываецца». Макар — пра прапанову сілавікам і георгіеўскую стужку


Ілюстрацыйнае фота.

Былы намесьнік камандзіра баявой групы антытэрарыстычнага падразьдзяленьня МУС Беларусі «Алмаз» Ігар Макар у эфіры каналу «Свабода Premium» расказаў пра шматгадовае жыцьцё ў эміграцыі, патлумачыў, што для яго азначае георгіеўская стужка, за якую яго шмат крытыкавалі.

Паводле Макара, сілавікі захоўваюць ляяльнасьць Лукашэнку, але цяперашняя сытуацыя ім моцна надакучыла, і дэмакратычным сілам варта выпрацаваць плян-прапанову для сілавікоў.

Глядзець размову цалкам на відэа

Сьцісла

  • Тое, што я зьнік з мэдыйнай прасторы, напэўна, зьвязана з тым, што на Дзень Волі я заклікаў людзей не выходзіць пад дубінкі.
  • Зьяўленьне з георгіеўскай стужкай на 9 траўня — даніна павагі тым людзям, якія загінулі за нашу з вамі свабоду.
  • Я стаў больш дарослым. Адзінае, чаго я не дасягнуў у жыцьці, гэта не стварыў сям’ю.
  • Калі б не было столькіх блізкіх мне людзей за кратамі, калі б я ня быў «пазначаны» тэрарыстам і не было столькі крымінальных спраў, я б з гэтага ўжо сышоў.
  • Ляяльнасьць захоўваецца дзякуючы таму, што рэжым вельмі жорстка абыдзецца зь сілавікамі, хто проста нават падумае пра тое, каб перайсьці на бок народу. Людзі залежныя, не гатовыя страціць усё дзеля нічога.

Тут фрагмэнты інтэрвію

«Гэтыя ахвяры нікому не патрэбныя»

— Амаль год таму вы далі інтэрвію каналу Свабода Premium, якое шырока распаўсюдзілася. За год вы сталі публічнай фігурай, зрабілі некалькі гучных расьсьледаваньняў, сталі фігурантам шэрагу гучных справаў. Падаецца, у вас і палітычныя амбіцыі зьявіліся. Але апошнім часам пра вас меней чуваць. Чым вы займаецеся цяпер?

Ігар Макар
Ігар Макар

— Тое, што я зьнік з мэдыйнай прасторы, напэўна, зьвязана з тым, што на Дзень Волі я заклікаў людзей не выходзіць пад дубінкі. Мае людзі, якія працуюць у органах, казалі, што рэжым нікому нічога не дазволіць і будзе працаваць сурова і жорстка. Я зразумеў, што гэтыя ахвяры нікому не патрэбныя. Тады я ня мог меркаваць, што гэтай заявай паламаў карцінку многім людзям. Пасьля гэтага са мной перасталі працаваць амаль усе пляцоўкі. Паўплывала і маё зьяўленьне з георгіеўскай стужкай на 9 траўня.

— Як мне падалося, многія беларусы крытычна паставіліся да таго, што вы надзелі георгіеўскую стужку ў траўні. Ці ўсьведамляеце вы, што яе асацыююць з акупацыяй Крыму Расеяй? Што для вас гэтая стужка? Ці зразумелі вы, чаму вельмі многім гэта не спадабалася?

— Вы слушна сказалі, што гэтая стужка мае нейкае дачыненьне да акупацыі Крыму. Я як беларус, як патрыёт сваёй Радзімы хачу сказаць, што нас цікавяць толькі праблемы Беларусі. Я ня вельмі цяпер разумею, чаму праблему Ўкраіны перакладаюць на Беларусь. Багата ўкраінскіх блогераў цяпер нясуць беларускі парадак дня...

Што да георгіеўскай стужкі, хачу сказаць, што я вайсковы чалавек. Зьяўленьне з георгіеўскай стужкай на 9 траўня — гэта даніна павагі тым людзям, якія загінулі за нашу з вамі свабоду. І абсалютна няма маёй віны ў тым, што дадзены сымбаль свабоды і перамогі прысвоіў адзін чалавек ці група людзей, якія выкарыстоўваюць яго ў мэтах прапаганды і іншых мэтах. Да мяне шмат тады людзей зьвярталася наконт георгіеўскай стужкі. Пісалі ўдвая старэйшыя за мяне людзі: «Ігар Пятровіч, вы дарма гэта зрабілі, вы не разумееце, вы даўно не былі ў Беларусі».

Я дазволю сабе сказаць пра тых, хто называе яе «каларадзкай стужкай». Ці змаглі б яны 9 траўня падыйсьці да вэтэрана Вялікай Айчыннай вайны, які яшчэ жывы, ці да блякадніка Ленінграда, паглядзець яму ў вочы і сказаць: «Здымі каларадзкую стужку». На мой погляд, гэта злачынства.

«Літва — мая другая радзіма»

— А як даўно вы не былі ў Беларусі? Дзе жылі ўвесь гэты час? Чым займаліся?

— Я зьехаў у 2006 годзе ў Літоўскую Рэспубліку з палітычных матываў. Адным з аргумэнтаў на карысьць Літвы было тое, што там усе гавораць па-расейску, і там я мог сябе рэалізаваць, пабудаваць нейкі бізнэс і проста жыць. Я быў у многіх краінах, займаўся сурʼёзна бізнэсам. У Літве прайшла большая частка майго дарослага, сьвядомага жыцьця. Без сумневаў скажу, што Літва — мая другая радзіма. У Літве я вельмі шмат дасягнуў. У мяне быў бізнэс — электрапаслугі і электратавары з Дубая і Ганконгу. Таго, чаго мяне пазбавілі на радзіме, я ўсё надбаў у Літве. Мне ніхто ў Літве слова не сказаў пра георгіеўскую стужку 9 траўня.

— У Літве гэты дзень 8 траўня адзначаюць.

— Калі людзі хочуць прытрымлівацца дэмакратычных поглядаў, я б хацеў, каб яны паглядзелі на прыклад Літвы. Для літоўцаў георгіеўская стужка — сымбаль прыгнёту. Гэтая стужка забароненая афіцыйна ў Літве, зьнятыя ўсе савецкія сымбалі. Я іх разумею. Мне было да сьлёз крыўдна, калі здымалі з моста статуі салдатаў. Стаялі бабулькі і таксама плакалі. Бог зь ім. Але ніколі і ніхто мне не сказаў нічога супраць, калі я 9 траўня выходзіў з дому, ехаў доўгую дарогу і прыходзіў на могілкі з георгіеўскай стужкай. Ніводзін паліцыянт нічога не зрабіў 9 траўня, бо загінула шмат беларусаў, літоўцаў, украінцаў, расейцаў. Але калі б я гэтую стужку надзеў 10 траўня і ў іншыя дні, гэта было б ужо прапагандай.

«Цяпер у мяне няма нікога»

— За гэты час, што вы не ў Беларусі, як вы самі зьмяніліся, на што вы сталі глядзець інакш? Ці засталіся вы тым самым чалавекам, якім былі ў 2006 годзе, калі зьяжджалі?

— Я стаў больш дарослым. Адзінае, чаго я не дасягнуў у жыцьці, гэта не стварыў сямʼю. Я зьехаў з краіны, дзе ў мяне былі былі адносіны, была вялізарная колькасьць сяброў (памяці ў тэлефоне не хапала), цяпер у мяне няма нікога. Думаю, што я не зьмяніўся. Мяне найбольш зьмяніла гэтая палітыка, тое, куды, не пабаюся гэтага слова, я ўлез. Калі б не было столькіх блізкіх мне людзей у месцах пазбаўленьня волі, каб я ня быў «пазначаны» як тэрарыст і не было столькі крымінальных спраў, я б з гэтага ўжо сышоў. Толькі дзякуючы маёй камандзе і некаторым блізкім людзям я гэтым яшчэ займаюся. Часам магу выйсьці зь сябе проста ад паведамленьня аднаго чалавека.

Я хачу кожнаму нешта патлумачыць, паказаць і даказаць, але я адзін нічога не змагу зрабіць. Зусім нядаўна я размаўляў зь Веранікай Цапкалай. Я разумею жаданьне ўсім абʼяднацца, стаць у адзін шэраг і быць разам, каб прымаць усьвядомленыя, сумесныя рашэньні, якія будуць крок за крокам прыводзіць да перамогі.

— Вы езьдзілі ў Кіеў даваць паказаньні па справе аб забойстве Паўла Шарамета. Ці быў нейкі працяг гэтай справы?

— Я прадставіў усю інфармацыю, што маю, у тым ліку тую, якой яшчэ не публікаваў. Як вядома, адпусьцілі пад хатні арышт зь СІЗА двух фігурантаў справы. Гэта сьведчыць пра тое, што справа рухаецца. Зяленскі ўзяў гэта пад асабісты кантроль. Думаю, што час неўзабаве расставіць усё на свае месцы.

«Што мы — як дэмакратычны рух, як апазыцыя — прапанавалі сілавому блёку?»

— А ваша ацэнка стану сілавых структураў, настрояў сілавікоў?

— Рэжым Лукашэнкі трымаецца на сілавым блёку, гэта не таямніца. Мы ўсе заклікаем сілавікоў стаць на бок народу. Гэта слушна. Але ў якім выпадку яны стануць? Чаму пра гэта ніхто ня думае? Валер Цапкала са мной у гэтым пагадзіўся, і я яго падтрымаю заўсёды. Што мы — як структура, як дэмакратычны рух, як апазыцыя — прапанавалі сілавому блёку? Нічога. Дзеля чаго сілавы блёк хаця б проста задумаецца? Мы ўсе просім не рабіць злачынства супраць народу, даваць нейкую інфармацыю, якая дапаможа раскрыць нейкія злачынствы. Гэта можна будзе зрабіць потым. Я прапаноўваў, каб мы аплацілі іх крэдыты ў новай Беларусі, пакінулі ім 30% аплаціць. Бо мы ўсе разумеем, што праз гэта рэжым падсадзіў сілавікоў на кручок. Дзякуючы крэдытам іх загналі ў бездань.

У сілавой сыстэме ўсім гранічна надакучыла тое, што цяпер адбываецца. Гэта трэба ўзяць за аснову. Неабходна як мага хутчэй распрацаваць праект, які людзі ў сілавых структурах прачытаюць і зразумеюць, што ёсьць альтэрнатыва, што ў новай Беларусі яны будуць насіць пагоны і сыходзіць на пэнсію з гонарам, будуць несьці званьне супрацоўніка органаў унутраных спраў, як гэта адбываецца ў нармальных краінах. Лукашэнка прыяжджае ў падразьдзяленьне менскага АМАПу і цалуе чорны бэрэт, які яму ўручылі. Ці гэта ўзровень прэзыдэнта? Не, але гэта тое, што трэба паказаць. Ён гатовы і рукі цалаваць амапаўцам, якія ўтрымалі гэты рэжым, якія не дапамаглі людзям перамагчы. Перамагчы таксама трэба слушна. Мы павінны прапанаваць нешта альтэрнатыўнае.

— Вы кажаце, што сілавікам усё моцна надакучыла. Але ж іх ляяльнасьць цалкам захоўваецца...

— Канечне. Ляяльнасьць застаецца толькі дзякуючы таму, што рэжым вельмі жорстка абыдзецца з тымі, хто проста нават падумае пра тое, каб перайсьці на бок народу. Людзі залежныя, не гатовыя страціць усё дзеля нічога. Калі дэмакратычныя сілы, апазыцыйны блёк прапануюць нешта сурʼёзна, тады будзе за што ўстаць у шэрагі народу. Трэба калегіяльна распрацаваць плян, сесьці за стол перамоваў усім разам. Ёсьць столькі годных палітыкаў. Я кажу пра таго ж Зянона Станіслававіча Пазьняка, у якога ёсьць сурʼёзная праграма. Усе хочуць перамогі, усе хочуць нашай свабоды. І кожны дзень садзяць людзей. Калі мы нічога ня будзем рабіць сурʼёзнага, то яны перамогуць, людзі будуць сядзець як мышы пад венікам, а потым скажуць: «Добра, што вайны няма»...

«Хацеў бы быць, як у Расеі Кікабідзэ»

— Ува што вы верыце, што дае вам надзею?

— Мне дае аптымізм, што, магчыма, я бліжэйшым часам прыеду на сваю радзіму ў Горадню і прайдуся па месцах, дзе прайшло маё юнацтва, дзе я займаўся ў спартзалі, дзе я атрымаў сярэднюю адукацыю. Спадзяюся, што прыеду на магілы да свайго бацькі і бабуляў. Мяне ў камандзе неяк запыталі, чаго я хачу ў выніку. Я адказаў, што хацеў бы быць, як у Расеі Кікабідзэ, каб мяне пазнавалі ў любой установе любога беларускага гораду і сказалі шчыры дзякуй за тое, што я зрабіў для народу.

Самае галоўнае, дзеля чаго я бʼюся як рыба аб лёд, — каб былі вызваленыя палітвязьні, у прыватнасьці блізкія мне людзі, якія пацярпелі вельмі сурʼёзна толькі таму, што я хацеў апублікаваць пэўную інфармацыю. Цяпер я ўжо разумею, што калі б я публікаваў гэтую інфармацыю, гэта было б як у паветра, і гэта нікому не патрэбна. Лепей зрабіць сурʼёзнае дзеяньне, якое прывядзе да перамогі і абʼяднае людзей, чым публікаваць пэўную інфармацыю. А за гэта людзі атрымалі вялізарныя тэрміны. Я буду імкнуцца пры любой магчымасьці вызваліць палітвязьняў, блізкіх мне людзей — Вольгу Такарчук, Вячаслава Сідаракіна, Юрыя Гаркача ды іншых...

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG