Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская ці кітайская? Мікрабіёляг пра даступныя ў Беларусі вакцыны


Ілюстрацыйнае фота

Супрацоўніца Манчэстэрскага гарадзкога ўнівэрсытэту, мікрабіёляг Вікторыя Дароніна тлумачыць, як працуюць даступныя ў Беларусі прышчэпкі.

Навукоўца расказвае, чым «Спутник» беларускага «разьліву» адрозьніваецца ад арыгінальнага расейскага, якія ёсьць сапраўдныя супрацьпаказаньні да вакцынацыі і як зрабіць слушны выбар ва ўмовах абмежаванага выбару.

Сьцісла

  • Я чалавек з Брытаніі, але я павінна прызнаць, што AstraZeneca атрымалася крыху менш эфэктыўнай, чым «Спутник».
  • З гонарам заявілі, што гэта беларуская вакцына. Насамрэч яны яе не вырабляюць, з Расеі дастаўляюць паўфабрыкат, які проста разьліваюць на заводзе «Белмэдпрэпаратаў».
  • Я веру ў беларускую навуку, што яны зробяць сваю вакцыну, але я ня веру ў беларускага вытворцу, што ён зможа яе вырабляць.
  • Калі вы аддаяце перавагу кітайскай вакцыне, а яе цяпер няма, зрабіце прышчэпку «Спутником», а потым, калі зможаце, прышчапіцеся дадаткова вакцынай Sinovac. Лепей мець частковую абарону, чым ня мець ніякай.

«Людзі, якія баяцца новых тэхналёгій, могуць выбраць кітайскую вакцыну»

— У Беларусі даступныя толькі расейская і кітайскія вакцыны. Вакцынавалася толькі каля 20% насельніцтва, і многія адмаўляліся ад вакцынацыі, бо хацелі б прышчапіцца Pfizer, Moderna і AstraZeneca. У інфэкцыяністаў ёсьць тэзіс пра неабходнасьць прышчапляцца даступнымі вакцынамі. Чым адрозьніваюцца даступныя ў Беларусі прышчэпкі? Якую вакцыну лепей выбраць, калі ёсьць такая магчымасьць?

Вікторыя Дароніна
Вікторыя Дароніна

— У Беларусі даступныя дзьве асноўныя вакцыны — «Спутник» расейскі і так званы беларускі «Спутник», і розныя варыянты кітайскай вакцыны — Sinopharm, Sinovac. Кітайская — гэта традыцыйная вакцына, такімі тыпамі вакцын нас прышчаплялі ад іншых вірусаў — сьвінкі, адру, коклюшу. Бярэцца вірус, забіваецца і выкарыстоўваецца для атрыманьня антыцелаў у чалавека.

Праблема яго ў тым, што яна менш эфэктыўная, чым іншыя вакцыны, чым той жа «Спутник». Аднак людзі, якія баяцца новых тэхналёгій, могуць яе выбраць. У яе таксама вельмі высокая эфэктыўнасьць. Калі вы прышчапіліся кітайскай вакцынай, то вы не памраце. Можа, трохі пахварэеце, можа, нават у шпіталь трапіце (у некаторых выпадках, калі ў вас дрэнна з імунітэтам), тым ня менш гэта аблегчыць сустрэчу зь вірусам.

Расейскі «Спутник» заснаваны на іншай тэхналёгіі. Гэта не бялок, гэта ДНК, якую ўводзяць, і з ДНК ужо счытваецца бялок вірусу ў саміх клетках. Людзі гэтага баяцца, ёсьць міты, што калі гэта ДНК, то яна ўбудуецца ў ДНК чалавека і будзе перадавацца. Гэта ўсё няпраўда. Гэтыя ДНК зробленыя такім чынам, што яны ня могуць размнажацца, яны ўрэшце разразаюцца клеткай, і заканчваецца іх дзеяньне.

Іншае пярэчаньне супраць «Спутника» — што гэта зусім новая, нявыпрабаваная вакцына, і нібыта над беларусамі праводзяць выпрабаваньні. Такога тыпу вакцына, заснаваная на ДНК, ня першая. У 2006 годзе была вакцына супраць Эболы, якая выкарыстоўвала той жа прынцып.

Яшчэ адно пярэчаньне — доўгатэрміновыя наступствы, маўляў, мы ня ведаем, што будзе далей. Пасьля тых выпрабаваньняў вакцыны супраць Эболы прайшло 15 гадоў, і ніякіх асабліва сур’ёзных наступстваў не зарэгістравана. Вакцына ад Эболы — заходняя вакцына, калі б былі наступствы ад яе, пра гэта стала б вядома.

«У кітайцаў жыцьцё чалавека, як у любой сацыялістычнай дзяржаве, каштуе мала»

— Ёсьць такі ненавуковы аргумэнт. Людзі кажуць, што больш давяраюць кітайскай вакцыне, бо вірус узьнік у Кітаі, і там ведаюць, як зь ім змагацца. Гэта кансьпіралягічная тэорыя. Нібыта таму кітайская вакцына больш эфэктыўная. Што б вы як навуковец на такі аргумэнт адказалі?

— Чаму кітайцы выпусьцілі такую вакцыну і чаму на Захадзе ня сталі зь ёю зьвязвацца? У кітайцаў жыцьцё чалавека, як у любой сацыялістычнай дзяржаве, каштуе мала. Уяўляеце, у якіх колькасьцях трэба наварыць гэты вірус, пра які вядома, што ён сьмяротны для некаторых людзей? У заходніх краінах проста пабаяліся праз магчымыя наступствы — калі ў навакольнае асяродзьдзе пойдзе, невядома што будзе.

Чаму на Захадзе выкарыстоўваюцца вакцыны ДНК і РНК? Бялок, які выкарыстоўваецца ў якасьці антыгена, у кітайскай вакцыне фіксуюць у ненатуральным выглядзе. Антыцелы супраць яго менш эфэктыўныя, чым супраць таго бялку, які выпрацоўвае сама клетка, калі мы ўводзім туды ДНК «Спутника».

Часам людзі кажуць, што яны б прышчапіліся вакцынай AstraZeneca. А яна заснаваная на тым жа прынцыпе, што і «Спутник». Я чалавек з Брытаніі, але я павінна прызнаць, што AstraZeneca атрымалася крыху менш эфэктыўнай, чым «Спутник». «Спутник» выкарыстоўвае два мадыфікаваныя чалавечыя вірусы, якія выклікаюць прастуду. Яны мадыфікаваныя, гэта значыць, ня могуць разьвівацца. Брытанская вакцына выкарыстоўвае малпін вірус. Ідэя была ў тым, што на малпін вірус у чалавека яшчэ няма антыцелаў. Зь нейкай прычыны «Спутник» — больш эфэктыўная вакцына, чым брытанская.

«Расейская вакцына — цалкам арыгінальная, ніхто нічога ні ў кога ня скраў»

— Як вы паставіліся да навіны, што расейцы скралі тэхналёгію AstraZeneca, што пазьней было абвергнута?

— Ідэя, што можна выкарыстоўваць ДНК для стварэньня вакцынаў, была на паверхні. Навуковыя артыкулы друкаваліся з 2006 году, іх мог пачытаць хто заўгодна. ДНК выкарыстаныя зусім розныя, прынцып розны. У AstraZeneca гэта адзін і той жа вэктар, вы яго атрымліваеце двойчы. А ў «Спутника» гэта два розныя вэктары. Як выявілася, яны мелі рацыю.

Я не сумняюся ў тым, што гэты вірус — натуральны, што кітайцы нічога не выпускалі. А вакцыну яны зрабілі так хутка, таму што гэта Кітай, і калі ўсе сілы кідаюцца на нешта, яны гэта зробяць. З другога боку, расейская вакцына — цалкам арыгінальная. Ніхто нічога ні ў кога ня скраў. Пасьлядоўнасьць вірусу была апублікаваная ў лютым 2020-га. Усё ў вольным доступе, любы навуковец і нават звычайны чалавек, які ведае, дзе шукаць, гэта знойдзе.

«Я б рэкамэндавала пасьля 50–60 гадоў усім прышчапляцца менавіта „Спутником“»

— Якім крытэрам лепей кіравацца пры выбары вакцыны? Напрыклад, для многіх людзей важкі аргумэнт — тое, зь якой прышчэпкай можна падарожнічаць. Тая ж кітайская вакцына прызнаная Сусьветнай арганізацыяй здароўя, «Спутник» — пакуль не. Ці слушны гэта аргумэнт пры выбары вакцыны?

— Трэба прышчапляцца даступнай вакцынай і вакцынай, якую хочаш. Калі для людзей крытэрам зьяўляецца магчымасьць падарожнічаць, то можна вакцынавацца кітайскай вакцынай. Хачу адзначыць, што ў «Спутника» выяўленая больш высокая эфэктыўнасьць для людзей старэйшага пакаленьня, пасьля 50 гадоў. Вядома, што чым старэйшы чалавек, тым горшы ў яго імунітэт, таму людзі старэйшага веку больш паміраюць ад ковіду, праз ускладненьні хранічных захворваньняў. Таму я б рэкамэндавала пасьля 50–60 гадоў усім прышчапляцца менавіта «Спутником».

Калі падарожжы па Эўропе важнейшыя, то можна і Sinovac. З AstraZenecа былі праблемы, бо ў маладых жанчын з частатой некалькі на мільён узьнікалі кровазьліцьці. Ня толькі ў жанчын, але і ў мужчын, але жанчын было болей. У «Спутника» гэтага няма. Натуральна, ніхто ня верыць расейскім дадзеным. Але «Спутник» прымянілі ў некалькіх краінах і ў вялікай колькасьці дозаў.

У Аргентыне больш за мільён людзей прышчэпленыя «Спутником», і не было зарэгістравана ніводнай сьмерці пасьля вакцынацыі. Меншая колькасьць дозаў была выкарыстаная ў Сан-Марына, у Вугоршчыне, Сэрбіі і Індыі. Індыйскі ўрад ніяк палітычна не залежыць ад Расеі, як і аргентынскі. Ім няма сэнсу хаваць нейкія дадзеныя. У іх дадзеныя адкрытыя. І калі б «Спутник» выклікаў нейкія сурʼёзныя ўскладненьні, яны б пра гэта паведамілі. Але гэтага няма.

У ліпені аўтарытэтны ў сьвеце натуральных навук брытанскі часопіс Nature прызнаў, што «Спутник» — эфэктыўная вакцына, і, праўдападобна, у яе няма цяжкіх наступстваў, нават тых, якія часам сустракаюцца пасьля вакцынацыі AstraZeneca.

«Падарвала аўтарытэт тое, што Расея сказала, што ў яе ёсьць першая вакцына, да таго як былі праведзеныя першыя клінічныя выпрабаваньні»

— Чым адрозьніваецца «Спутник» расейскага і беларускага «разьліву»? Ці гэта тое самае? Ці маюць рацыю людзі, якія хочуць прышчапіцца арыгінальным «Спутником»?

— Што Расеі, што Беларусі шкодзіць перабольшваньне вынікаў. Расея пасьпяшалася сказаць, што ў яе ёсьць першая вакцына, яшчэ да таго, як былі завершаныя клінічныя выпрабаваньні. Гэта падарвала аўтарытэт. Тое самае і зь беларускай вакцынай. Яны з гонарам заявілі, што гэта беларуская вакцына. Насамрэч яны яе не вырабляюць, ім не дазволілі. З Расеі дастаўляюць паўфабрыкат, які проста разьліваюць на заводзе «Белмэдпрэпаратаў».

Груба кажучы, прывозяць каньяк у бочках, а яны разьліваюць па бутэльках. Зразумела, што нешта сапсаваць цяжка, калі ў вас ёсьць нармальная вытворчасьць. А «Белмэдпрэпараты» — гэта нармальная вытворчасьць. У мяне даволі шмат знаёмых і сяброў у Фэйсбуку, і я паспрабавала знайсьці людзей, прышчэпленых беларускім «Спутником», у якіх былі б сурʼёзныя праблемы і якія б нечым адрозьніваліся ад пабочных эфэктаў ад расейскага «Спутника». Я не знайшла. Гэта не навукова, але калі ёсьць вельмі сурʼёзныя праблемы, то людзі пра гэта пішуць.

«Гэта ня бохан хлеба, які можна сьпячы ў хатняй печы, гэта высокатэхналягічная вытворчасьць»

— Ці рэальна гаварыць пра вытворчасьць беларускай вакцыны, аб працэсе стварэньня якой заявілі ўлады Беларусі? Дырэктар РНПЦ эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі Ўладзімер Гарбуноў заяўляў, што яна будзе пераносіцца дастаткова лёгка, пры тым што ў Беларусі няма досьведу вытворчасьці вакцын для людзей. Паводле афіцыйных СМІ, тэхналёгія ўжо створана ў лябараторных умовах, навукоўцы займаюцца яе перадачай на досьледна-прамысловую стадыю, пасьля чаго чакаецца прамысловая. Ці рэальна гэта?

— Я веру ў тое, што беларуская навука можа зрабіць вакцыну. Беларуская навука заўсёды была добрая ў паўтарэньні таго, што ўжо нехта зрабіў. Найцяжэй было тым, хто працаваў з Эболай у 2006-м. Лягчэй было навукоўцам у Оксфардзе і ў Расеі. Цяпер яны могуць капіраваць экспэртызу, паколькі напісана і апублікавана ў добрых часопісах, як быў зроблены расейскі «Спутник». Праблема ў іншым.

У Расеі таксама вакцыну зрабілі хутка, але яны паабяцалі ўсяму сьвету колькі заўгодна вакцынаў. А калі дайшла справа да вытворчасьці, у іх проста было недастаткова заводаў, якія могуць яе вырабляць. Гэта ня бохан хлеба, які можна сьпячы ў хатняй печы. Гэта высокатэхналягічная вытворчасьць. Там вельмі вялікія патрабаваньні да стэрыльнасьці.

І, наколькі я ведаю, у Беларусі такіх вытворчасьцяў няма. Калі яны яе звараць і абвесьцяць, колькі дозаў яны змогуць выпусьціць... У Беларусі ад навукоўцаў патрабуюць, каб яны яшчэ і вытворчасьцю займаліся. Я была сьведкай, як гэта цяжка — павялічыць колькасьць. Проста вырабіць сто ці тысячу дозаў, а калі размова ідзе пра мільёны дозаў, то гэта практычна немагчыма. Я веру ў беларускую навуку, што яны зробяць сваю вакцыну, але я ня веру ў беларускага вытворцу, што ён зможа яе прадукаваць. У нас ёсьць добрая вытворчасьць вэтэрынарных вакцынаў, але гэта такія самыя традыцыйныя вакцыны, як Sinovac. Забіты вірус. Вырошчваеш вірус, забіваеш, чысьціш, а потым выкарыстоўваеш. А тут ДНК, зусім іншая тэхналёгія.

«Расея зрабіла ўсё, каб яе дадзеным ня верылі»

— Якія ёсьць незалежныя дасьледаваньні «Спутника»?

— Расея зрабіла ўсё, каб яе дадзеным ня верылі. Яны абвясьцілі, што стварылі вакцыну, калі яна прайшла толькі першую і другую стадыю клінічных выпрабаваньняў. Калі была першая заява, што яны паставяць вакцыну ў Беларусь, насамрэч гэта была трэцяя стадыя клінічных выпрабаваньняў. На людзях выпрабоўвалі вакцыну. Было ясна, што яна бясьпечная, бо для гэтага ёсьць першая і другая стадыі, і тым ня менш. Цяпер незразумела, як яны зьбіраюць дадзеныя пра пабочныя наступствы, ці зьбіраюць іх, ці могуць гэта рабіць.

Расейцы падалі заяўку на рэгістрацыю, але Эўрапейскае мэдычнае агенцтва сказала, што яны не падалі нейкую патрэбную дакумэнтацыю. Любое агенцтва, тым больш мэдычнае, моцна бюракратызаванае, тым больш калі гэта Расея, якой ня вельмі давяраюць. Расея не зрабіла нічога для таго, каб яе ўспрымалі сурʼёзна. Потым у яе былі праблемы, калі паставілі дозы ў Славаччыну, і славакі сказалі, што вакцына адрозьніваецца ад таго, пра што ім гаварылі.

Ёсьць розныя заводы ў Расеі, і падобна, што кантроль якасьці не паўсюль аднолькавы. З вынікамі праблем не было, але жаданьне любой цаной прасунуць гэтую вакцыну выклікае недавер да расейскіх дадзеных. Але ў Расеі ўжо дзясяткі мільёнаў вакцынаваных, і ў іншых краінах (Індыі, Аргентыне), і гэтыя незалежныя дасьледаваньні якраз паказваюць, што гэта нармальная, добрая вакцына.

— Што вы скажаце пра кампанэнты «Спутника», пра «Спутник Лайт»?

— Вакцына «Спутник» складаецца з двух розных вэктараў. Паколькі не былі ўпэўненыя, што адна доза створыць дастатковы імунітэт, вырашылі зрабіць яе двухкампанэнтнай, і яна аказалася вельмі эфэктыўнай, да 97%. У гэты час Johnson & Johnson выпусьціў сваю вакцыну. Яна таксама вэктарная, там іншы вэктар. Яна складаецца з адной дозы, эфэктыўнасьць яе каля 80%. Расея вырашыла паглядзець, што будзе, калі ня дзьве дозы, а адна. Гэта і ёсьць так званы «Спутник лайт». Гэта проста першая доза без другой. І яна дастаткова эфэктыўная. Людзям, якія баяцца другой дозы, можна параіць ёю вакцынавацца, бо яна забясьпечвае дастатковую абарону.

«САЗ не рэкамэндавала рабіць трэцюю дозу, паколькі ёсьць бедныя краіны, дзе людзі зусім не вакцынаваныя»

— Як вы ацэньваеце неабходнасьць трэцяй дозы вакцыны, што ўжо ў сьвеце пачало практыкавацца?

— Наконт гэтага вялікія дэбаты адбываюцца. Краіны, якія могуць сабе гэта дазволіць, так робяць. Напрыклад, Ізраіль, дзе большая частка дарослага насельніцтва вакцынавалася дзьвюма дозамі Pfizer, які эфэктыўны як мінімум як «Спутник», а можа і болей. Яны людзям з дрэнным імунітэтам, пажылым далі трэцюю дозу. У Брытаніі людзей, якіх вакцынавалі ў студзені-сакавіку, таксама будуць яшчэ раз вакцынаваць трэцяй дозай. І гэта будзе Pfizer. Спалучэньне розных вакцын дасьць лепшы імунітэт. У Расеі біёлягі, якія былі ў авангардзе, таксама вакцынуюцца трэцяй дозай.

Гэта добра зрабіць, калі няма недахопу вакцын, асабліва калі ёсьць хранічныя захворваньні ці стары ўзрост, калі імунітэт горшы. САЗ не рэкамэндавала гэта рабіць, паколькі ёсьць бедныя краіны, дзе людзі зусім не вакцынаваныя.

«Любы імунітэт лепшы, чым адсутнасьць імунітэту»

— Чаму прышчэпка даступнай вакцынай лепшая, чым адсутнасьць прышчэпкі ўвогуле?

— Любы імунітэт лепшы, чым адсутнасьць імунітэту. Выбіраць не выпадае. Ідзе чацьвёртая хваля. Шпіталі ў Беларусі перапоўненыя, у крэматорыях чэргі на месяцы, таму трэба ўзяць тое, што даюць. Калі вы аддаяце перавагу кітайскай вакцыне, а яе цяпер няма, зрабіце прышчэпку «Спутником», а потым, калі захочаце, вы зможаце прышчапіцца дадаткова вакцынай Sinovac, калі захочаце. Лепей мець частковую абарону, чым ня мець ніякай.

Часта людзі кажуць, што нехта прышчапіўся, а на трэці дзень знайшлі каранавірус, і ён сурʼёзна захварэў. Для таго каб прышчэпка падзейнічала, патрэбна мінімальна два тыдні, максымум імунітэту дасягаецца празь месяц пасьля дзьвюх дозаў, паміж якімі павінен прайсьці час. Чым хутчэй вы пачняце гэты працэс, тым больш вы будзеце абароненыя. Наперадзе зімовыя месяцы, калі з усімі прастуднымі хваробамі будзе яшчэ горш. Гэта ўключае ў сябе і каранавірус таксама.

«Прышчэпка ніяк не ўзаемадзейнічае з цукровым дыябэтам. Гэтых людзей, наадварот, трэба прышчапляць»

— Хачу запытацца пра супрацьпаказаньні. Вельмі многія людзі ў Беларусі матывуюць адмову ад прышчэпкі праблемамі са здароўем. Але праблемы са здароўем ёсьць практычна ў кожнага. Што насамрэч зьяўляецца сурʼёзным супрацьпаказаньнем?

— У Брытаніі вызначаныя наступныя крытэры, у якіх выпадках ня варта вакцынавацца. Калі ў вас станоўчы тэст на каранавірус, калі чатыры тыдні пасьля станоўчага тэсту ці калі вы самаізалюецеся (гэта значыць, што ў вас быў кантакт з хворым на каранавірус і, магчыма, вы яго маеце). Маючы любую інфэкцыю, нават калі вы ня думаеце, што гэта каранавірус, лепей адначасова не нагружаць імунную сыстэму прышчэпкай.

Ва ўсіх іншых выпадках лепей прышчапляцца. Я ведаю, што ў Беларусі многім людзям з хранічнымі захворваньнямі не рэкамэндуюць прышчапляцца, напрыклад, хворым на цукровы дыябэт. Папраўдзе, не разумею чаму. Наадварот, людзі з хранічнымі хваробамі больш паміраюць ад каранавірусу. І прышчэпка ніяк не ўзаемадзейнічае з цукровым дыябэтам. Гэтых людзей, наадварот, трэба прышчапляць, як і анкапацыентаў, у першую чаргу.

Што тычыцца цяжарных жанчын. Выйшлі дасьледаваньні, паколькі ўжо пачалі прышчапляць у сьвеце, і ў Брытаніі таксама. Дасьледаваньне ня выявіла ніякай розьніцы ў выніках родаў паміж прышчэпленымі і непрышчэпленымі жанчынамі. Вага немаўлятак, колькасьць няўдалых родаў — усё было аднолькава.

Іншая страшылка, што нешта кудысьці ўбудуецца і нешта будзе дрэнна. Ізноў жа, ніякіх дадзеных пра гэта няма. Што тычыцца доўгатэрміновых наступстваў, то была падобная вакцына супраць Эболы, і пасьля яе доўгатэрміновых наступстваў няма. Калі вы цяжарныя ці зьбіраецеся зацяжараць і ня хочаце зьвязвацца са «страшным» словам ДНК, проста прышчапіцеся Sinovac’ам. Цяжарных прышчапляюць ад іншых хваробаў, і гэта будзе тое самае.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG