Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не шкадую ні аб чым». Уладзімер Арлоў — на сьмерць вэтэрана беларускага супраціву Антона Фурса


Антон Фурс, ліпень 2019 году

Літаратар і гісторык Уладзімер Арлоў адгукнуўся на сьмерць вэтэрана беларускага супраціву Антона Фурса, які правёў 9 гадоў у ГУЛАГу за сваю беларускую дзейнасьць у паваеннай Беларусі.

Адышоў у беларускую Вечнасьць Антон Фурс.

Для мяне ён заўсёды, ад самага знаёмства напрыканцы 1980-х, быў дзядзькам Антосем, яскравым увасабленьнем тых беларусаў, якія не скарыліся сталінскай тыраніі й праз усе нягоды і выпрабаваньні пранесьлі веру ў незалежнасьць, у вольную Айчыну, дзе адчуваеш сябе сваім чалавекам на сваёй зямлі.

У 1944-м ён, сямнаццацігадовы юнак, паступіў пасьля адыходу нямецкіх акупантаў у Глыбоцкую пэдагагічную вучэльню. Хацеў стаць настаўнікам, каб выхоўваць дзяцей беларускімі патрыётамі — у павазе да роднага слова, нацыянальнай гісторыі, да сваіх, а не накінутых пад прымусам сьвятаў і герояў.

Летуценьні разьбіліся аб рэальнасьць: бальшыня прадметаў у пэдвучэльні выкладалася па-расейску, прысланыя з Усходу настаўнікі сьцьвярджалі, што гісторыя Беларусі пачалася з 1917 году, пагардліва выказваліся пра беларускую мову, «которая вам никогда не понадобится, потому что скоро отомрёт».

Антось зь сябрамі адказалі стварэньнем Саюзу беларускіх патрыётаў. Менавіта Фурс разам зь сябрамі Васілём Мядзельцам і Алесем Юршэвічам напісалі праграму і статут арганізацыі і 25 сакавіка 1946 году зладзілі ўрачыстую прысягу. Патрыёты мелі на мэце супрацьстаяць русыфікацыі й усялякімі сродкамі прапагандаваць незалежніцкія ідэі. Сярод іншага яны пастанавілі паўсюль і заўжды гаварыць па-беларуску, трымацца беларускіх традыцый, абуджаць у нашых людзях пачуцьцё нацыянальнай годнасьці. Неўзабаве глыбачане аб’ядналіся з пастаўскімі аднадумцамі-навучэнцамі з суполкі «За Беларусь!».

Дзейнасьць СБП (пра яе і лёсы ейных сяброў чытайце ў кнізе «Гарт». Мн., 1997) працягвалася паўтара года. Укаранёны ў арганізацыю правакатар, які ўсяляк падштурхоўваў юнакоў і дзяўчат да тэрарыстычнай дзейнасьці, здабыў сьпісы ўдзельнікаў, пагатоў тыя былі зусім неспрактыкаванымі кансьпіратарамі.

Хваля арыштаў не абмінула і Антона. З улікам тагачаснага скасаваньня ў СССР сьмяротнага пакараньня Фурс атрымаў самы жорсткі прысуд — 25 гадоў зьняволеньня. Да такога ж тэрміну была прысуджаная Алеся Ўмпіровіч з пастаўскай філіі СБП, будучая жонка дзядзькі Антося.

На волю яны выйшлі толькі празь некалькі гадоў пасьля сьмерці «бацькі народаў». Антон Фурс браў удзел у вядомым паўстаньні вязьняў Карлагу, пра што і празь дзесяцігодзьдзі ня мог узгадваць безь сьлязінкі на вейках. «Мы патрабавалі, сярод іншага, каб нам вярнулі імёны і прозьвішчы, бо замест іх да нас зьвярталіся па нумары...»

Ім вярнулі імёны, але на радзіме былыя сябры СБП лічыліся «нядобранадзейнымі», увесь час сутыкаючыся зь пільнай увагай «органаў» ды іхніх добраахвотных памагатых. Антось з Алесяй мусілі зьехаць назад у Караганду, і сапраўднае вяртаньне ў Беларусь адбылося толькі ў 1982-м. Пазьней Фурс напіша: «Мы ня мелі маладосьці — яна была расьпятая на лягерным дроце. Але я не шкадую ні аб чым, бо мы засталіся людзьмі — і тады, калі большасьць сьпявала хвалу тырану, і тады, калі былі ў няволі, і калі вярнуліся з ГУЛАГу».

Памятаю, як Фурсы, гледзячы на дзясяткі нашых нацыянальных сьцягоў, плакалі срэбнымі сьлязьмі радасьці ў 1990-м на Скарынаўскім сьвяце кнігі ў Полацку. Памятаю — па тэлефонных званках, па сустрэчах за іхнім нязьменна шчодрым беларускім сталом у пастаўскім доме — якім шчасьцем было для іх абвяшчэньне незалежнасьці, а затым рэабілітацыя ў 1992-м «за адсутнасьцю складу злачынства».

Антось стаў сябрам Грамады і Таварыства беларускай мовы, пісаў успаміны для «Гарту», часопісаў «Спадчына» і «Полымя», для дэмакратычнага друку. Разам з Алесяй яны ўжо ў новыя часы, можна сказаць, выконвалі колішнюю праграму СБП. Не спыніліся і тады, калі маятнік найноўшай беларускай гісторыі кіўнуўся ў адваротны бок і ў краіне зноў пачалі зьяўляцца палітвязьні.

Ня толькі ў Беларусі, але і далёка за мяжой добра вядомае імя сына Фурсаў — Юрыя, геніяльнага каваля, стваральніка адной з найлепшых беларускіх аграсядзібаў.

Чатыры гады таму пакінула гэты сьвет спадарыня Алеся. «Цяпер буду жыць і за яе», — сказаў мне на пахаваньні дзядзька Антось. Ён не скараўся сваім гадам: на дзясятым дзясятку працягваў сачыць за навінамі, рыбаліць, сустракаць гасьцей. Часта адмаўляўся ад Юрасёвай, сынавай, дапамогі. Дазваляў сабе чарачку свойскай «фурсоўкі». Аднойчы прызнаўся, што хоча перасягнуць Барыса Кіта, які пражыў 107 гадоў. Ня дзеля таго, каб пабіць рэкорд, а каб убачыць Беларусь сваёй мары.

Улетку 2019-га мне выпаў гонар уручыць Антосю Фурсу мэдаль «100 гадоў БНР».

Цяпер буду жыць і за дзядзьку Антося.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG