Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не выключаю, што генэрал узначаліць Міністэрства аховы здароўя», — экспэрт


Аляксандар Лукашэнка глядзіць у бінокль, архіўнае фота

Кіраўнік праекту Belarus security blog Андрэй Паротнікаў разважае аб прызначэньнях сілавікоў ва ўсіх сфэрах, адказвае на пытаньне, чаму нават несучасныя расейскія вайсковыя аб’екты ў Беларусі патрэбныя Маскве, і зьвяртае ўвагу на згортваньне палітычных кантактаў Менска і Пэкіна.

Сьцісла

  • Лукашэнка паўсюль расстаўляе людзей, якія на справе даказалі сваю ляяльнасьць.
  • Савецкая сыстэма недасягальна складаная для сёньняшняй беларускай сыстэмы кіраваньня.
  • Вайсковымі аб’ектамі ў Беларусі Масква пазначае сваю прысутнасьць і дае зразумець, што гэта тэрыторыя расейскага ўплыву.
  • Здаецца вельмі паказальным фактычнае спыненьне палітычных стасункаў з Кітаем.

— Апошнія прызначэньні сілавікоў на новыя, цалкам цывільныя пасады дэманструюць далейшае павялічэньне ролі сілавікоў ва ўсіх сфэрах жыцьця. Ці гэта аб’ектыўны працэс далейшай трансфармацыі беларускага палітычнага рэжыму, ці проста асаблівасьць характару Лукашэнкі, які давярае толькі сілавікам?

Андрэй Паротнікаў, архіўнае фота
Андрэй Паротнікаў, архіўнае фота

— Лукашэнка неаднаразова выказваўся ў тым рэчышчы, што цывільныя чыноўнікі павінны браць прыклад зь сілавікоў, іхнай адданасьці, ляяльнасьці, у тым, што яны ставяць інтарэсы дзяржавы вышэй за асабістыя. Трэба зазначыць, што Аляксандар Лукашэнка мае даволі спэцыфічнае стаўленьне да неабходных якасьцяў людзей, якія працуюць у сілавым апараце.

Другі момант — гэта падрыхтоўка да новай палітычнай кампаніі, што асабліва не хаваецца. Ён проста паўсюль расстаўляе людзей, якія на справе даказалі сваю ляяльнасьць.

— Калі ў Акадэмію навук прызначаюць сілавіка, то якія сфэры могуць быць наступнымі? Народная думка для гэтага рэжыму ўжо ня мае значэньня, бо ён пераўтвараецца ў паліцэйскі.

— Ёсьць, напрыклад, сфэра аховы здароўя. Калі паглядзець на пратэставую актыўнасьць мінулага году, то ў ёй моцна ўдзельнічалі супрацоўнікі Акадэміі навук. Цяпер сілавіка прызначылі ў Акадэмію. Таму можна не выключаць, што нейкі генэрал узначаліць Міністэрства аховы здароўя альбо стане там намесьнікам.

Калі гаварыць пра пераўтварэньне рэжыму, то яно, безумоўна, ідзе, але пакуль мы ня можам сказаць дакладна, у які бок. Больш канкрэтна можна будзе гаварыць, калі апублікуюць тэкст новай Канстытуцыі. Вядома, у краіне цяпер не да законаў і не да Канстытуцыі, — але, прынамсі, нейкія пераходныя палажэньні фактычна будуць паказваць шляхі трансфармацыі рэжыму ў той ці іншы бок.

Мне здаецца, існуе разуменьне таго, што сёньняшні рэжым ня ў стане выйграць аніводныя выбары. І для іх гэта асноўны выклік — як, не губляючы іміджу «дзяржавы для народу», не згубіць адначасова і ўладу.

— Спробы ўкараніць ідэалёгію ў школах, унівэрсытэтах, імкненьне дабіцца абсалютнай ляяльнасьці ў дзяржаўных службоўцаў... Мэта ўсяго гэтага тактычная — ня даць пратэсту падняць галаву, каб правесьці тую самую электаральную кампанію? Ці мэта гэтага больш глыбокая, стратэгічная — пабудаваць нейкая новае грамадзтва, падобнае на савецкае альбо цяперашняе кітайскае?

— Я думаю, гэта найперш прывязана да канкрэтнай палітычнай кампаніі. Стаіць задача правесьці гэтую кампаніі без унутраных праблемаў, пратэстаў. Наконт магчымасьці адкаціцца ў савецкае мінулае — Лукашэнка неаднаразова дэкляраваў такое жаданьне. Праблема ў тым, што савецкая сыстэма была занадта складаная для сёньняшняга рэжыму. Яны могуць паўтарыць гэта ў пляне нейкіх шыльдаў, вонкавых праяваў. Але па сутнасьці савецкая сыстэма недасягальна складаная для сёньняшняй беларускай сыстэмы кіраваньня. Настолькі глыбокі ўзровень яе дэградацыі.

— Як можна ацаніць апошняе разьвіцьцё адносінаў Менску і Масквы? Лукашэнка, відавочна, актыўна не жадае «прагінацца» пад усе патрабаваньні Крамля, але яму гэта ўсё менш удаецца.

— Безумоўна, павадок у стасунках з Масквой стаў карацейшым. Гэта аб’ектыўна, бо на сёньня Масква зьяўляецца адзіным крэдыторам. І гэта, вядома, адкрывае ня толькі эканамічныя магчымасьці, але і магчымасьці палітычнага ўплыву, хаця я б не стаў іх абсалютызаваць.

Беларускі рэжым працягвае спробы вярнуцца да мінулых тактык геапалітычных арэляў, спрабуючы трымаць Маскву на дыстанцыі.

Мне здаецца вельмі паказальным фактычнае спыненьне палітычных адносінаў з Кітаем. Гэта для беларускага рэжыму зьяўляецца вельмі балючым, бо стасункі з Пэкінам былі адным з двух найважнейшых замежнапалітычных актываў. Другі — гэта так званы сытуацыйны нэўтралітэт, калі Беларусь, захоўваючы фармальныя саюзьніцкія адносіны з Расеяй, адначасова ня брала на сябе ніякіх абавязаньняў удзельнічаць у расейскіх геапалітычных авантурах.

Лукашэнка традыцыйна выкарыстоўвае чыньнік бясьпекі і вайсковага супрацоўніцтва з Расеяй у якасьці козыра, каб атрымаць ад Масквы дадатковыя эканамічныя саступкі. Можна адзначыць, што да гэтага часу няма пагадненьня аб расейскіх вайсковых аб’ектах у Беларусі, тэрмін знаходжаньня якіх скончыўся яшчэ ў чэрвені 2021 году.

— Ёсьць думка, што гэтыя вайсковыя аб’екты ўжо не настолькі і патрэбныя Маскве, бо Расея ўжо стварыла аналягічныя аб’екты, якія выконваюць тыя ж функцыі, на сваёй тэрыторыі.

— Так, крытычнага значэньня яны ўжо ня маюць, бо ёсьць новыя тэхналёгіі, а гэтыя аб’екты яшчэ часоў халоднай вайны. У постсавецкі час там скарачалася колькасьць пэрсаналу.

Але з другога боку, гэта такі палітычны знак, маркер, якім пазначаюць тэрыторыю. Масква гэтымі аб’ектамі пазначае сваю прысутнасьць і дае зразумець, што гэта тэрыторыя расейскага ўплыву і іншым тут няма што рабіць. Па-трэцяе, псыхалягічны чыньнік. Нельга лічыцца вялікай дзяржавай, калі ў цябе ў Эўропе няма ніводнага саюзьніка.

Таму палітычнае значэньне гэтых аб’ектаў высокае, у тым ліку сымбалічнае. Што тычыцца вайсковага складніка, то Расея ўвесь постсавецкі час імкнецца паменшыць сваю залежнасьць у сфэры абароны ад былых савецкі рэспублік. Бо асьцерагаецца іхнага дрэйфу да нейкіх новых геапалітычных цэнтраў.

— А чаму Кітай адмовіўся ад палітычных кантактаў зь беларускім кіраўніцтвам? Гэта таму, што Кітаю ня вельмі патрэбна Беларусь, якая мае гандлёвы і палітычны канфлікт з Захадам, санкцыі з боку ЗША і Эўразьвязу? На такую Беларусь Кітай ня будзе рабіць стаўку ў сваіх праектах у рэгіёне?

— Мы дакладна ня ведаем, ці рабіў Кітай нейкія стаўкі на Беларусь у сваіх праектах. Беларусь адыгрывала сваю ролю як сухапутная частка чыгуначнага калідору з КНР у Эўропу. І працягвае адыгрываць, бо паток кантэйнэрных перавозак па гэтым шляху ўзрастае вельмі значна.

Чаму адбылося ахалоджваньне палітычных стасункаў Менска і Пэкіна? Пакуль складана сказаць. Магчыма, Кітай чакае больш уцямнай палітыкі і геапалітычнага пазыцыянаваньня афіцыйнага Менску, каб зразумець, чаго далей чакаць ад беларускай замежнай палітыкі. З другога боку, мы ж ня ведаем зьместу і сутнасьці палітычнага дыялёгу, які быў паміж Менскам і Пэкінам. Мы ведаем схільнасьць беларускіх чыноўнікаў перабольшваць свае магчымасьці і міжнародныя ўплывы. І вельмі верагодна, што тое, чаго чакалі ў Пэкіне, і тое, што здолелі зрабіць, расчаравала абодва бакі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG