Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі жанчына выходзіць замуж, яна зьнікае». Размова з Аленай Казловай пра выдаваньне жаночай літаратуры


На кніжным кірмашы Svět knihy 2021 у Празе, 25 верасьня 2021 г. (зьлева направа): Катэржына Тучкава, Ева Вежнавец, Алена Казлова, Вераніка Бялькевіч

Ян Максімюк размаўляе з Аленай Казловай, галоўнай рэдактаркай выдавецтва «Пфляўмбаўм». Летась у выдавецтве выйшлі дзьве кнігі, якія сёлета апынуліся ў кароткім сьпісе Прэміі імя Ежы Гедройця.

Сьцісла:

  • «Пфляўмбаўм» пакуль ня мае выдавецкай ліцэнзіі і працуе ў партнэрстве зь іншымі выдавецтвамі.
  • «Пфляўмбаўм» — назва канцэптуальная: мы маем на мэце прамоцыю сучасных беларускіх аўтарак, якім даводзіцца цяжэй. Яўгенія Пфляўмбаўм — адно з такіх імёнаў, якія мы б хацелі вярнуць зь нябыту. Гэта былі пісьменьніцы, пісьменьніцы з талентам, але яны ня зьдзейсьніліся напоўніцу.
  • Калі б выбары прайшлі дэмакратычна, хутчэй за ўсё, палітычнае жыцьцё Беларусі засталося б цалкам з мужчынскім тварам.
  • Ева Вежнавец і Таня Скарынкіна — першы шэраг сучасных пісьменьніц і пісьменьнікаў у Беларусі.

— Растлумачце нам спачатку, што такое выдавецкая ініцыятыва «Пфляўмбаўм». Гэта выдавецтва, якое мае фармальную рэгістрацыю, ці проста брэнд, які ажыцьцяўляецца пры дапамозе нейкага іншага выдавецтва?

— Гэта такая выдавецкая ініцыятыва, якая мае на мэце спрыяць выданьню літаратуры пісьменьніц, жанчын. Найперш гэта моцная інтэлектуальная літаратура, як мастацкая, так і дакумэнтальная. У нас ужо выйшлі дзьве кнігі — гэта Ева Вежнавец і Таня Скарынкіна.

Фармальна мы зарэгістраваныя як арганізацыя, але пакуль што ня маем выдавецкай рэгістрацыі, таму працуем у партнэрстве зь іншымі беларускімі выдавецтвамі, якія маюць такую рэгістрацыю. У прынцыпе мы зь любым выдаўцом можам падпісаць дамову і такім чынам выступаць як выдавец.

— Я хачу яшчэ папрасіць вас растлумачыць назву «Пфляўмбаўм» — адкуль яна ўзялася?

— Гэта ўсё насамрэч канцэптуальна. Прыдумала гэтую назву я, таму што перада мной стаяла такая задача. Паколькі мы маем на мэце прамоцыю сучасных беларускіх аўтарак, якім даводзіцца цяжэй… У прынцыпе, у любой сфэры яны маюць большыя цяжкасьці ў тым, каб атрымаць нейкую прамоцыю. Калі вы паглядзіце на тыя кнігі, напрыклад, якія перакладаюцца на беларускую мову, то замежных аўтарак там значна менш, чым мужчын. І гэта не выпадковасьць. Тая самая сытуацыя зь беларускімі пісьменьніцамі, то бок у прынцыпе да жаночай творчасьці існуе пэўны скепсіс, і мы маем на мэце такі скепсіс пераадольваць і дапамагаць жанчынам.

Гэта не праблема цяперашняга моманту, зь якой аўтаркі сутыкаюцца толькі цяпер. У мінулым было яшчэ горай. Калі паглядзім на школьную праграму, то знойдзем там вобмаль жаночых імёнаў. Калі мы зойдзем у Нацыянальную бібліятэку ў Менску і паглядзім на прыгожыя пано, якія ўпрыгожваюць сьцены Нацыянальнай бібліятэкі, то там будуць выявы волатаў беларускай літаратуры, і гэта будуць мужчыны. Там усяго некалькі жанчын.

На кніжным кірмашы Svět knihy 2021, Прага, 25 верасьня 2021 г. Ева Вежнавец, Катэржына Тучкава, Алена Казлова
На кніжным кірмашы Svět knihy 2021, Прага, 25 верасьня 2021 г. Ева Вежнавец, Катэржына Тучкава, Алена Казлова

Дакладна ўсіх не згадаю, але там, напрыклад, ёсьць Алаіза Пашкевіч, у якой не было дзяцей. Але вось каля гэтых жанчын, якія там на пано, намаляваныя дзеці… То бок у мінулым жанчыне было яшчэ цяжэй увайсьці ў літаратуру і сьцьвердзіцца як інтэлектуалцы. І вось Яўгенія Пфляўмбаўм — адно з такіх імёнаў, якія мы б хацелі вярнуць зь нябыту. Гэта былі пісьменьніцы, пісьменьніцы з талентам, але яны ня зьдзейсьніліся напоўніцу. Чаму яны ня зьдзейсьніліся — гэта асобная гаворка. Вось мы хацелі паказаць, што мы ня ўзьніклі зь ніадкуль, у нас ёсьць грунт, у нас ёсьць карані — тыя жанчыны, якія спрабавалі, тыя жанчыны, у якіх, магчыма, не атрымалася.

Дапусьцім, Алаіза Пашкевіч неяк зацьвердзіла сваё імя, змагла выказацца, засталіся нейкія яе тэксты і яе імя гучыць, нават прэмія яе імя зьявілася ў беларускай літаратуры. Яўгенія Пфляўмбаўм дэбютавала ў 1920-х гадах, разам са сваімі каляжанкамі, Зінаідай Бандарынай і Натальляй Вішнеўскай, і далей адбыўся той вельмі часты сцэнар для жанчыны-творцы: калі жанчына выходзіць замуж, яна зьнікае. Яна зьнікае з прафэсійнай рэалізацыі, зь відавоку, з бачнасьці.

Вось сёньня мы гаварылі (падчас дыскусіі на кніжным кірмашы ў Празе. — РС) пра жаночы твар беларускай літаратуры — гэта толькі папулісцкая фармулёўка, якая прыцягвае ўвагу, ці гэта сапраўды нейкі канцэпт, пра які варта гаварыць? Дзякуючы чаму зьявіўся гэты жаночы твар? Ён бы, хутчэй за ўсё, не зьявіўся, калі б ня ўзьнікла гэтага крызісу.

Я казала пра тое, што калі б сытуацыя была нармальная, калі б выбары прайшлі дэмакратычна, хутчэй за ўсё, палітычнае жыцьцё Беларусі засталося б з мужчынскім тварам цалкам. Калі мы паглядзім у тэлевізары, хто сядзіць і прымае рашэньні, то пераважна мы ўбачым мужчынскія твары. І гэтак працягвала б быць, калі б усё было добра і добрыя мужчыны таксама атрымалі магчымасьць балятавацца. Толькі ў крызіснай сытуацыі, калі, умоўна кажучы, кепскія мужчыны пасадзілі добрых мужчын, у жанчын зьявілася магчымасьць выйсьці і заняць лідэрскія пазыцыі, як у Сьвятланы Ціханоўскай і Марыі Калесьнікавай. Калі б гэты вакуўм ня ўзьнік, яны б не атрымалі такой магчымасьці. Тое самае зь беларускай літаратурай. Гэта тэма для роздумаў.

— Я думаю, што гэта праблема ня толькі беларускай літаратуры і беларускага асяродзьдзя ці беларускай палітыкі і краіны — гэта шырэйшая тэма, сусьветная. Калі паглядзім, колькі жанчын атрымалі Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры, то я ня ведаю, ці набярэцца 10% ад усіх ляўрэатаў, ну, можа, 15% (14 ляўрэатак на агульны лік 114 прэміяваных, гэта значыць 12,3%. — РС). Тое самае з Ганкураўскай прэміяй у Францыі, дзе жанчын-ляўрэатак няшмат. У Францыі нават узьнікла прэмія Femina з выключна жаночым журы, якое стараецца ліквідаваць гэты гендэрны дысбалянс у прэміяваньні літаратараў. Гэта зразумелая мне праблема. Але…

Недзе гады два таму я зрабіў агляд кандыдатаў на беларускую прэмію імя Гедройця. Я тады паставіў даволі правакацыйны загаловак гэтага відэа: можа нарэшце дадуць жанчыне. Ведаеце, не мужчыны абразіліся на мяне, а менавіта жанчыны, якія вядомыя, скажам, сваёй фэмінісцкай ангажаванасьцю. Яны мне закідалі, што гэтым загалоўкам я нібыта прынізіў жанчын, ну бо, маўляў, жанчын павінны ацэньваць за заслугі, а не за тое, што яны ёсьць і што трэба неяк ураўнаважваць сытуацыю. Я гэтым хачу сказаць, што вельмі цяжка гаварыць пра такія тэмы, пра гендэрны балянс у літаратуры і культуры. Што б ні сказаць, вы заўсёды трапляеце на нажы…

— Трэба ўважліва сачыць за сытуацыяй і спрабаваць разабрацца, чаму гэтая сытуацыя такая… Натуральна, што жанчыны хочуць быць ацэненымі паводле прафэсійных якасьцяў. Але вось паглядзіце на нашу сытуацыю — ці горшая ў сваіх прафэсійных якасьцях Марыя Калесьнікава і Сьвятлана Ціханоўская? Ці горшыя яны за мужчын-палітыкаў? Разумееце, жанчыны адчуваюць, што ў іх няма аўтарытэту, што няма даверу да іх прафэсійных якасьцяў. Калі ставіцца роўна і даваць ім магчымасьць праявіцца, тады яны будуць ацэньвацца па якасьцях, і тады ня будзе гэтага дысбалянсу. У патрыярхальным грамадзтве, трэба адзначыць, акурат мужчыны атрымліваюць (загадзя. — РС) плюс некалькі працэнтаў даверу да таго, што яны робяць. Атрымліваецца, што якраз у мужчын ёсьць гэты «задзел», то бок яны могуць быць роўныя прафэсійна, але да мужчыны давер будзе большы, і ён атрымае прыярытэт. Вось на гэта трэба зважаць.

— Чаму першымі кнігамі ў вашым выдавецтве аказаліся кнігі Тані Скарынкінай і Евы Вежнавец? Хто прапанаваў вам гэтыя кнігі?

— Быць жанчынай недастаткова, каб надрукавацца ў нас. Галоўнае — гэта высокія мастацкія якасьці тэксту. Мне было вядома, што Ева Вежнавец і Таня Скарынкіна — гэта вельмі добрыя пісьменьніцы. Я асабіста адношу іх да першага шэрагу сучасных пісьменьніц і пісьменьнікаў у Беларусі. Я лічу, напрыклад, што ўсё, што яны пішуць, — практычна любое выказваньне — зьяўляецца літаратурай.

— У кожным разе можна падсумаваць, што «стрэл» гэтымі дзьвюма кнігамі ня быў халасты. Абедзьве кнігі апынуліся ў доўгім сьпісе прэміі Гедройця. Пажадаем ім, каб яны апынуліся таксама ў кароткім сьпісе і, магчыма, атрымалі прэміі (кароткі сьпіс, у якім яны таксама апынуліся, быў абвешчаны пасьля запісу гэтай размовы. — РС). Што далей з выдавецкай ініцыятывай «Пфляўмбаўм»? Маеце на ўвазе ўжо нейкія канкрэтныя кніжкі і канкрэтных аўтарак?

— Ёсьць шэраг кніг, як беларускіх аўтарак, так і перакладных. Але, сапраўды, мы стартавалі ў найгоршым часе і найгоршай сытуацыі, у якой можна было стартаваць. Таму наша дзейнасьць укладзеная ва ўсю гэтую сытуацыю, у якой мы знаходзімся. Але неўзабаве павінен зьявіцца шэраг такіх кніг. Я думаю, што яны таксама будуць заўважаныя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG