Лінкі ўнівэрсальнага доступу

NASA адкладае запуск новай місіі на Месяц да лютага наступнага году


Астранаўты на Месяцы, ілюстрацыйны матэрыял NASA да місіі Artemis 1

Нацыянальнае аэракасьмічнае ўпраўленьне ЗША (NASA) абвясьціла пра зьмену часу беспілётнай місіі на Месяц Artemis 1, мэтай якой зьяўляецца вяртаньне людзей на Месяц упершыню з 1972 году

Першапачаткова амэрыканскае касьмічнае агенцтва разьлічвала запусьціць тэставы палёт да канца 2021 году, каб да 2024 году адправіць астранаўтаў на Месяц. Цяпер гэтыя пляны адкладзены да лютага.

20 кастрычніка адмыслоўцы ўсталявалі капсулу экіпажа «Арыён» на вяршыні ракеты-носьбіта вышынёй 98 мэтраў у зборачным цэху Касьмічнага цэнтру імя Кэнэдзі на Фларыдзе.

NASA сьцьвярджае, што пасьля далейшых выпрабаваньняў яны спадзяюцца даставіць ракету на стартавую пляцоўку для «генэральнай рэпэтыцыі» у студзені.

Кіраўнік місіі Artemis 1 Майк Сарафін кажа, што магчымы пэрыяд запуску — з 12 па 27 лютага. Паводле яго слоў, наступныя магчымасьці запуску пасьля гэтага будуць у сакавіку і красавіку.

Патэнцыйныя пэрыяды запуску залежаць ад арбітальнай мэханікі і адноснага становішча Зямлі адносна Месяца. Чакаецца, што місія будзе доўжыцца ад чатырох да шасьці тыдняў.

Місія Artemis 2 цяпер заплянаваная на 2023 год, а місія Artemis 3 — на 2024 год. Але NASA кажа, што абедзьве місіі цяпер, хутчэй за ўсё, будуць адкладзеныя.

NASA імкнецца ўсталяваць сталую прысутнасьць на Месяцы, а таксама выкарыстоўваць дадзеныя для плянаваньня палёту на Марс зь экіпажам у 2030-я гады.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG