Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўзбэкістане праходзяць прэзыдэнцкія выбары


Ніводныя выбары ва Ўзбэкістане дагэтуль не былі прызнаныя міжнароднымі назіральнікамі сумленнымі або дэмакратычнымі.

24 кастрычніка ва Ўзбэкістане праходзяць прэзыдэнцкія выбары, на якіх чакаецца перамога дзейнага прэыдэнта Шаўката Мірзіёева.

Канкурэнты Мірзіёева — чацьвёра малавядомых праўладных кандыдатаў.

Тром апазыцыйным партыям забаранілі рэгістраваць або вылучаць кандыдатаў у прэзыдэнты.

Паводле зьвестак Цэнтарвыбаркаму Ўзбэкістану, на 10 760 выбарчых участках па ўсёй краіне маюць права прагаласаваць каля 21,25 мільёна выбарнікаў. Кіраўнік ЦВК Джалалідын Усманаў заявіў, што за першую гадзіну галасаваньня прагаласавалі 2,4 мільёна чалавек, што складае каля 12 працэнтаў выбарнікаў.

Грамадзяне Ўзбэкістану, якія пражываюць за мяжой, могуць прагаласаваць на адным з прыкладна 100 выбарчых участкаў у пасольствах і консульствах Узбэкістану.

Прэзыдэнт Мірзіёеў на галасаваньні ў Ташкенце
Прэзыдэнт Мірзіёеў на галасаваньні ў Ташкенце

Гэта шостыя прэзыдэнцкія выбары ва Ўзбэкістане з таго часу, як краіна з насельніцтвам каля 35 мільёнаў чалавек атрымала незалежнасьць ад былога СССР у 1991 годзе.

Мірзіёеў спрабаваў супрацьстаяць ідэі, што яго ўлада вяртаецца да традыцый аўтарытарызму. У прыватнасьці, ён адкрыў Узбэкістан для замежных інвэстыцый, зьмякчыў абмежаваньні на свабоду веравызнаньня і вызваліў дзясяткі палітвязьняў.

Аднак, як і яго папярэднік Іслам Карымаў, ён валодае практычна неабмежаванай палітычнай уладай, а яго сваякоў абвінавачваюць у выкарыстаньні палітычнага ўплыву для назапашваньня багацьцяў. Мірзіёева таксама крытыкавалі за тое, што ён выдаліў сваіх крытыкаў і актывістаў перад галасаваньнем.

За прэзыдэнцкімі выбарамі ва Ўзбэкістане назіраюць каля 970 замежных назіральнікаў.

Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ накіравала ў краіну 28 доўгатэрміновых і 250 кароткатэрміновых назіральнікаў. У прамежкавым дакладзе, апублікаваным БДІПЧ 8 кастрычніка, адзначаецца, што, нягледзячы на тое, што «магчымасьць крытычна асьвятляць некаторыя сацыяльныя і палітычныя пытаньні павялічылася ... застаюцца многія даўнія праблемы, уключаючы запалохваньне і перасьлед журналістаў і блогераў, а таксама абмежавальную прававую базу для СМІ».

Ніводныя выбары, якія прайшлі ва Ўзбэкістане, дагэтуль не былі прызнаныя назіральнікамі сумленнымі або дэмакратычнымі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG