Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За гіпэрспасылкі на «экстрэмісцкія» матэрыялы. У Беларусі заблякавалі сайты выданьняў «Настоящее время», «Новы час» і Deutsche Welle

абноўлена

Мікрафон «Настоящее время»

Тэлеканал currenttime.tv асьвятляе, сярод іншых, і беларускія падзеі. Газэта «Новы Час» раней спыніла выхад папяровай вэрсіі празь ціск уладаў.

Падставай для блякаваньня сайтаў выданьняў Deutsche Welle, «Настоящее время» і «Новы Час» першы намесьнік міністра інфармацыі Андрэй Кунцэвіч назваў «распаўсюджваньне на гэтых мэдыяпляцоўках гіпэрспасылак на матэрыялы, прызнаныя экстрэмісцкімі на падставе адпаведных рашэньняў суду», піша БЕЛТА.

Пры адкрыцьці старонкі currenttime.tv паведамляецца, што доступ да яе абмежаваў Мінінфарм Беларусі. Зь іншых краін сайт адкрываецца без праблем. Зь Беларусі ён адкрываецца толькі праз правайдэра МТС, але ня выключана, што і гэта часова.

Нядаўна «Настоящее время» запусьціла онлайн-апытаньне сярод беларусаў пра іх стаўленьне да інтэграцыі Беларусі і Расеі.

Раней улады Расеі занесьлі «Настоящее время» ў сьпіс «замежных агентаў». Улады Беларусі пачалі перасьледаваць канал яшчэ раней. У прыватнасьці, беларускі журналіст праекту Раман Васюковіч спачатку сутыкнуўся з ануляваньнем сваёй акрэдытацыі, а затым вымушаны быў выехаць зь Беларусі.

«Мне далі зразумець, што сочаць за маёй працай, за мной у цэлым, за мной як за карэспандэнтам „НВ“. Было відавочна, што калі ня зьехаць, то я мог бы апынуцца ў сьпісе тых журналістаў, хто трапіў пад рэпрэсіі сёньня. Адным словам, далі зразумець, што можна апынуцца ў СІЗА», — так Васюковіч згадаў свой апошні допыт у міліцыі.

Праз год пасьля пачатку беларускіх пратэстаў супраць дыктатуры канал падрыхтаваў два дакумэнтальныя фільмы, пра жаночы пратэст і андэрграўндных паэтаў.

«Настоящее время» — гэта тэлеканал, створаны RFE/RL пры ўдзеле «Голасу Амэрыкі».

Пасьля сфальшаваных выбараў прэзыдэнта ў жніўні 2020 году ўлады заблякавалі на тэрыторыі Беларусі некалькі сайтаў СМІ, у тым ліку і сайт Радыё Свабода.

Таксама ўлады рашэньнем Міністэрства інфармацыі заблякавалі сайт газэты «Новы Час». Пры спробе адкрыць старонку сайта ў Беларусі зьяўляецца паведамленьне: «Доступ да інфармацыйнага рэсурсу абмежаваны на падставе рашэньня Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, прынятага ў адпаведнасьці з Законам Рэспублікі Беларусь „Аб сродках масавай інфармацыі“».

У рэдакцыі адзначаюць, што не атрымлівалі якіх-кольвек папярэджаньняў ці іншай інфармацыі пра тое, што сайт novychas.by нешта парушыў або нейкая інфармацыя на ім была недакладная, і спрабуюць разабрацца ў сытуацыі.

Пакуль выданьне «Новы Час» працягне працу на «люстэрку» — novychas.online.

19 кастрычніка ў фатографа выданьня «Новы час», колішняга міліцыянта Дзьмітрыя Дзьмітрыева адбыўся ператрус. 20 кастрычніка ў галоўнай рэдактаркі газэты Аксаны Колб і яе намесьніка Сяргея Пульшы правялі ператрусы і забралі тэхніку.

Раней выданьне сутыкнулася з забаронай на распаўсюд праз агульную сетку з дапамогай пошты. Двое палітвязьняў, Дзяніс Івашын і Мікола Дзядок, супрацоўнічалі з «Новым Часам»

Акрамя таго, Міністэрства інфармацыі вырашыла заблякаваць і сайт Deutsche Welle.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG