Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назад у 90-я. Лукашэнка ператворыцца ў Шушкевіча?


У прэзыдыюме Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня - Мечыслаў Грыб, Станіслаў Шушкевіч, Ніл Гілевіч

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з рабочай групай па дапрацоўцы праекту Канстытуцыі ня ўнесла яснасьці ў пытаньне, якая ж мадэль дзяржаўнага ладу будзе прапанаваная ў новай Канстытуцыі.

Напярэдадні папярэдніх канстытуцыйных рэфэрэндумаў — у 1996 і 2004 гадах — было ясна, чаго хоча на іх і ад іх атрымаць ініцыятар. У 1996 годзе — сканцэнтраваць уладу ў руках кіраўніка дзяржавы, у 2004 годзе — даць магчымасьць дзейнаму прэзыдэнту перавыбірацца зноў і зноў.

Мэты, якія ня ўсімі і тады, і цяпер ухваляліся, але ясныя і выразныя. І сфармуляваныя задоўга да дня рэфэрэндуму.

Цяпер, менш чым за 4 месяцы да рэфэрэндуму, нічога незразумела.

4 лістапада Лукашэнка сфармуляваў галоўныя задачы канстытуцыйных зьменаў — «замацаваньне ролі Ўсебеларускага народнага сходу, пераразьмеркаваньне паўнамоцтваў паміж органамі дзяржаўнай улады, захаваньне збалянсаванасьці дзяржапарату». Пры гэтым ён падкрэсьліў, што нельга «ні ў якім разе разбураць існую ў Беларусі сыстэму ўлады».

Ну дык калі роля УНС зьмяняецца, і істотна, то сыстэма ўлады моцна зьмяняецца і ў нейкім сэнсе разбураецца.

Ці мяркуецца, што пасьля рэфэрэндуму адбудуцца прэзыдэнцкія выбары і Лукашэнка на іх ня пойдзе? Калі так, то ці зьбіраецца ён у такім выпадку ўзначаліць УНС?

Адказаў на гэтыя пытаньні не прагучала. Прагучала толькі сарамлівае «Усебеларускі народны сход уводзіцца не таму, што нехта з прысутных або дзейны прэзыдэнт проста рвецца на гэтую пасаду». Дык там, аказваецца, і нейкая пасада прадугледжаная.

А што ня рвецца — дык, паводле Лукашэнкі, ён і на пасаду прэзыдэнта ў 2020 годзе ня рваўся, проста «любімую не аддаваў».

Калі прапануецца схема: Лукашэнка — кіраўнік УНС, а прэзыдэнтам становіцца нейкая іншая асоба, то варта заўважыць, што яна да болю нагадвае палітычны лад краіны ў пачатку «ліхіх дзевяностых», калі найвышэйшай службовай асобай дзяржавы быў сьпікер парлямэнту (тады Станіслаў Шушкевіч), і быў кіраўнік ураду, прэм’ер (тады Вячаслаў Кебіч).

Вельмі падобна: ёсьць кіраўнік нейкага калектыўнага шматлюднага органа ўлады (старшыня УНС) і кіраўнік выканаўчага апарату (прэзыдэнт).

Такая пятля часу, вяртаньне Лукашэнкі ў дні палітычнай маладосьці.

Тагачасная сыстэма ўлады і тады не лічылася аптымальнай і эфэктыўнай. Яна была недарэчным рэліктам савецкай сыстэмы. Недарэчным таму, што ў СССР стрыжнем палітычнай сыстэмы была КПСС і рэальнымі мэханізмамі ўлады былі партыйныя мэханізмы. І там наяўнасьць фармальнага кіраўніка дзяржавы — старшыні Вярхоўнага Савету — і прэмʼера ніякіх асаблівых дысфункцыяў не спараджала.

Канстытуцыя постсавецкай Беларусі 1994 года гэтую сыстэму зьмяніла, канстатаваўшы яе неэфэктыўнасьць у новых умовах. З гэтай канстатацыяй тады быў згодны і дэпутат Аляксандар Лукашэнка.

Наўрад ці такое вяртаньне ў мінулае стане эліксірам маладосьці для яго цяпер. Для пратэставай часткі грамадзтва гэта будзе зусім ня тым, чаго б яна хацела. Але і для прыхільнікаў Лукашэнкі гэта ня стане выкананьнем іх жаданьняў.

Улада ўвесь час палохае грамадзтва вяртаньнем «ліхіх дзевяностых», успаміны аб якія і праўда амбівалентныя, а ў ляялістаў амаль пагалоўна вельмі змрочныя.

А тут сама ўлада прапануе гэтае вяртаньне.

Магчыма, яна і сама ўсьведамляе гэтую злавесную для яе гістарычную аналёгію. Таму канстытуцыйная рэформа на гэты раз і праводзіцца ў рэжыме спэцапэрацыі, пад покрывам таямніцы, у тумане супярэчлівых заяваў і недагаворак.

Перадрук з парталу Zerkalo.io

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG