Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бацькі баяцца вакцынаваць дзяцей і пры гэтым не зазіраюць у інструкцыю да антыбіётыкаў». Пэдыятар аб прышчэпках ад COVID-19


Палата дзіцячай лякарні

Марына Маменка, пэдыятар, прафэсар, кіраўніца Ўкраінскай акадэміі пэдыятрычных спэцыяльнасьцяў, расказвае ў інтэрвію тэлеканалу «Настоящее время», ці трэба вакцынаваць ад каранавіруса дзяцей і падлеткаў і чым адрозьніваецца вакцынацыя дзяцей, падлеткаў і дарослых.

— Давайце з галоўнага пачнем: дзяцей і падлеткаў вакцынаваць трэба?

— Міжнародныя рэкамэндацыі гавораць: так. Вы ведаеце, нам пашанцавала, да нас увесь час хвалі ковіду прыходзяць пазьней, а гэта дае магчымасьць аналізаваць досьвед іншых краін. Сапраўды, дэльта-варыянт раней выклікаў захворваньне ў краінах Эўропы, Злучаных Штатах Амэрыкі, ну і, акрамя таго, вакцыны мы ўсё ж атрымліваем з разьвітых краін. А Pfizer увогуле падаў дакумэнты завершанай трэцяй фазы выпрабаваньняў на дзецях, для таго каб пачынаць вакцынацыю.

Гэта значыць, калі з дарослымі мы сьпяшаліся пасьпець як мага раней, і там была незавершаная трэцяя фаза, што выклікала вельмі шмат дыскусій у нашых пацыентаў, то якраз у дачыненьні да дзяцей усе правілы абсалютна выкананыя: рэкамэндацыі Амэрыканскай акадэміі пэдыятрыі, Эўрапейскай акадэміі пэдыятрыі і іншых прафэсійных арганізацый гавораць «так», я думаю, іх трэба падтрымліваць.

— Вельмі часта пад навінамі ў камэнтарах, калі гаворка ідзе пра дзіцячую вакцынацыю, кажуць: «А навошта?»

— Можна было дыскутаваць яшчэ летам, і сапраўды (я ўваходжу ў лік экспэртаў Эўрапейскай акадэміі пэдыятрыі) у нас былі бурныя дыскусіі за і супраць, таму што вакцынацыя заўсёды мусіць мець індывідуальную перавагу і перавагу для грамадзтва.

Калі ў дачыненьні пераваг для грамадзтва не было сумневаў: для таго, каб стрымаць пандэмію, нам трэба 85% імунізаванага насельніцтва — якія перахварэлі плюс вакцынаваныя, — і без ахопу вакцынацыяй дзяцей ад 12 гадоў такога немагчыма дасягнуць. Таму грамадзкія перавагі былі адразу відавочныя. А вось індывідуальныя ня вельмі, бо сапраўды цяжкіх выпадкаў у папярэднія хвалі сярод дзяцей было мала.

Вы бачылі рэпартаж з харкаўскай інфэкцыйнай клінікі, я ведаю сытуацыю ў гарадзкой клінічнай лякарні Кіева, якая абслугоўвае менавіта дзяцей з COVID-19. Пачынаючы з кастрычніка, палаты перапоўненыя, вельмі шмат дзяцей на кіслародзе, кіслародазалежных.

І я ведаю зь ліку блізкіх знаёмых выпадак трохгадовага малога, які трапіў з сатурацыяй 80. Я думаю, такія лічбы ведаюць ужо ўсе. Адначасова ў садкоўскай групе захварэлі 12 чалавек: ня ўсе цяжка, але нават адзін такі выпадак для сям’і — гэта проста катастрофа. Дзякуй Богу, з малым усё добра, але за апошнія паўтара месяца ў гэтай лякарні памерлі чацьвёра дзяцей. А за ўвесь папярэдні пэрыяд пандэміі загінула толькі адно дзіця. За паўтара года — адно дзіця, за паўтара месяца — чатыры дзіцяці загінулі толькі ў адной лякарні.

Нашы калегі са Злучаных Штатаў Амэрыкі, Эўропы гавораць, што пасьля хвалі, якую выклікаў дэльта-варыянт, вельмі шмат мультысыстэмных запаленчых сындромаў. Сапраўды, ковід стаў нашмат цяжэйшым для дзяцей. І нягледзячы на тое, што, можа быць, статыстычна гэта ўсё роўна выглядае дастаткова сьціпла на фоне дарослага насельніцтва, але калі мы страчваем дзяцей, — гэта катастрофа для сямʼі, для грамадзтва. Таму індывідуальныя перавагі цяпер таксама становяцца відавочнымі.

— А з мэдыцынскага пункту гледжаньня вакцынацыя дзяцей, падлеткаў і дарослых чым адрозьніваецца: толькі дозай?

— Дозамі адрозьніваецца якраз для дзяцей ад 5 да 12 гадоў, тое, што мы цяпер абмяркоўваем, пакуль толькі для Злучаных Штатаў Амэрыкі. Там сапраўды кампанія Pfizer падала зьвесткі, што доза ў тры разы меншая, чым для дарослых, дае дастатковы імунны адказ. Дзеці з 12 гадоў атрымліваюць такую ж дозу, як і дарослыя, гэта значыць, асаблівых прынцыповых адрозьненьняў няма.

Дадзеныя трэцяй фазы сьведчаць, што дзеці пераносяць дастаткова добра вакцынацыю. Вядома, як пры любой маніпуляцыі, могуць быць пабочныя эфэкты. Дзіўна, у нас вельмі часта бацькі баяцца вакцынаваць дзяцей і пры гэтым не зазіраюць у інструкцыю, скажам, да антыбіётыкаў, на якія пабочныя эфэкты здараюцца значна часьцей. І бацькі гатовыя кашаль ці катар у дзіцяці, нават калі ня трэба, лячыць антыбіётыкамі, падштурхнуць пэдыятра да прызначэньня, нават папрасіць такога прызначэньня ці самастойна купіць у аптэцы, хоць там таксама фіксуюцца і сьмяротныя выпадкі, і алергія бывае вельмі цяжкай. А вакцынацыя чамусьці выклікае страх, хаця яна статыстычна нашмат больш бясьпечная, чым выкарыстаньне многіх лекавых прэпаратаў.

— Наконт вакцынацыі ўсё роўна адназначнай пазыцыі няма. Чаму так доўга ня могуць ва ўсім сьвеце ўзгадніць менавіта пытаньне з вакцынацыяй непаўналетніх? Тут у чым праблема крыецца?

— Я думаю, гэта якраз зьвязана было з тым, што, сапраўды, у пачатку пандэміі дзеці хварэлі дастаткова мала, і пэдыятры радаваліся, што гэта не дзіцячая рэсьпіратарная хвароба. Звычайна мы гаворым аб тым, што ў нас дзеці — своеасаблівы рухавік распаўсюджваньня вірусных інфэкцый, ковід быў выключэньнем.

І, вядома, фармуюцца пэўныя стэрэатыпы, пэўныя веды вакол хваробы. Мы доўга лічылі, што дзеці нават не разносяць вірус, што яны зьяўляюцца своеасаблівай канчатковай галіной: ад бацькоў захварэць могуць, перахварэюць няцяжка, разносіць вірус ня будуць. А пасьля таго, як мы выйшлі ўсё ж з татальнага локдаўну, адкрылі школы, адкрылі дзіцячыя сады, стала абсалютна відавочна, што дзеці і адзін аднаго заражаюць, і дамоў інфэкцыю прыносяць, і для бабулі і дзядулі становяцца пагрозай. Таму што дзеці хварэюць лёгка, іх яшчэ і часта не тэстуюць.

Мы думаем, што гэта звычайны катар, а гэта COVID-19. Ён можа ў дзяцей працякаць проста з катарам, і тады няма дастатковай асьцярожнасьці ў бацькоў, у бабуль, дзядоў і нянек, і ідзе інтэнсіўнае распаўсюджваньне вірусу. Менавіта таму, што першапачаткова мы думалі, што дзецям не спатрэбіцца вакцынацыя, застаюцца пэўныя магчымасьці зараз, тым больш што вакол столькі антывакцынальных дыскусій для дарослых.

Натуральна, дарослыя, бацькі думаюць аб тым, што калі сумняваюцца, ці вакцынаваць дарослых, гэта значыць, самі дарослыя сумняваюцца — якраз міжнародныя арганізацыі ў гэтым пытаньні дастаткова адназначныя ў сваіх рэкамэндацыях, — то, натуральна, яны будуць больш баяцца вакцынаваць дзяцей.

— Кажучы пра гэта, нават сярод людзей, якія ў цэлым з разуменьнем ставяцца да вакцынацыі, нават прышчапіліся самі, усё роўна многія вельмі неадназначна, нават з асьцярогай ставяцца да вакцынацыі дзяцей. Вы разумееце, чаму? Як пераканаць гэтых людзей прышчапіць дзяцей?

— Я думаю, перш за ўсё прышчапіцца самому і паспрабаваць на сабе вакцыну для таго, каб сказаць, наколькі яна небясьпечная. Вядома, нейкія пабочныя эфэкты ці непрыемныя моманты магчымыя. Але ў мяне дзеці дастаткова вялікія, яны прышчэпленыя, яны нават да маладых дарослых хутчэй адносяцца, і пажылыя ў маёй сямʼі ўсё вакцынаваныя, гэта значыць нашы бацькі. Мы самі вакцынаваліся ў ліку першых яшчэ ў сакавіку мінулага года, як толькі стала магчымай і даступнай вакцына, карыстаючыся правам мэдыцынскіх работнікаў. Гэта значыць, для нас гэта ўжо дастаткова прынятае рашэньне. Вядома, калі сямʼя сама прайшла гэты шлях, лягчэй і дзіцяці зрабіць адпаведную вакцынацыю, страхаў становіцца менш.

Больш слухаць аўтарытэтныя арганізацыі. Вы ведаеце, мяне заўсёды дзівіць: мы ж арыентаваліся на заходнія краіны, казалі, як яны добра ставяцца да сваіх дзяцей, да сваіх пажылых людзей — наогул да насельніцтва ў цэлым. Захапляліся сыстэмай аховы здароўя ў Злучаных Штатах Амэрыкі, у Швэцыі, у Даніі. А цяпер мы чамусьці, бачачы, наколькі вакцынаванае там насельніцтва, ніяк унутрана ня прыйдзем да высновы, што мы павінны быць такімі, як яны, то бок дастаткова цывілізаванымі.

— А без масавай вакцынацыі дзяцей пандэмія скончыцца?

— Наогул вельмі складана сказаць, што будзе з гэтай пандэміяй. Калі мы робім пэўныя крокі, у тым ліку вакцынацыю, мы павінны разумець, што мы дакладна даём сабе шанец, нешта робім дзеля таго, каб яе спыніць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG