Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марыю Калесьнікаву і Франака Вячорку ўганаравалі прэміяй «За свабоду, дэмакратыю і правы чалавека»


На цырымоніі ў Сэнаце Марыю Калесьнікаву прадстаўляла яе сястра Тацяна Хоміч

Сёньня ў Сэнаце Чэскай Рэспублікі Інстытут вывучэньня таталітарных рэжымаў уручыў сваю штогадовую прэмію імя Вацлава Бэнды «За свабоду, дэмакратыю і правы чалавека».

Ляўрэатамі сталі Марыя Калесьнікава і Франак Вячорка, якія, як адзначаецца ў паведамленьні Інстытуту, «актыўна выступілі супраць дыктатара Лукашэнкі».

Паведамляючы пра рашэньне даць прэмію Марыі Калесьнікавай, Інстытут вывучэньня таталітарных рэжымаў адзначае, што «яна ўзначальвала выбарчы штаб кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі ў Менску, які пазьней быў арыштаваны... Калесьнікава ініцыявала акцыі пратэсту, увайшла ў Каардынацыйную раду апазыцыі і абвясьціла аб стварэньні палітычнай партыі „Разам“, якая павінна была аб’яднаць прыхільнікаў апанэнтаў Лукашэнкі. У верасьні мінулага году беларускія міліцыянты выкралі яе і спрабавалі дэпартаваць ва Ўкраіну, але Калесьнікава выскачыла з машыны перад мяжой і парвала пашпарт. Яе зноў арыштавалі, пасадзілі і абвінавацілі ў арганізацыі дзеяньняў супраць нацыянальнай бясьпекі, змове з мэтай захопу ўлады і стварэньні экстрэмісцкай групоўкі. Яе асудзілі два месяцы таму на 11 гадоў пазбаўленьня волі.

Марыя Калесьнікава ўвасабляе тую сьмелую частку беларускага грамадзтва, якая ня мае намеру мірыцца з практыкай улады апошняга эўрапейскага дыктатара».

Франак Вячорка, адзначаецца ў паведамленьні Інстытуту, «жыве ў эміграцыі ў Польшчы, Украіне, Літве і іншых краінах ЭЗ, бо ў Беларусі яму пагражае зьняволеньне. Ён адзін з галоўных прадстаўнікоў беларускай дыяспары, якая павялічваецца. У кастрычніку 2020 году ён стаў дарадцам Сьвятланы Ціханоўскай па зьнешняй палітыцы — ня будзе перабольшваньнем сказаць, што ён зьяўляецца міністрам замежных спраў беларускага ўраду ў выгнаньні.

Ён жыў у эміграцыі задоўга да леташніх пратэстаў, безь ягонай дзейнасьці ў эміграцыі цяперашняя моцная замежная акцыя беларускай апазыцыі была б немагчымай».

На цырымоніі ў Сэнаце Марыю Калесьнікаву прадстаўляла яе сястра Тацяна Хоміч, Франак Вячорка прысутнічаў асабіста.

Франак Вячорка выступае на цырымоніі
Франак Вячорка выступае на цырымоніі

Вацлаў Бэнда (1946-1999) — чэскі матэматык, каталіцкі інтэлектуал і адзін з актывістаў дысыдэнцкай «Хартыі 77».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG