Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я б параіў беларусам глядзець на мігрантаў, як на саміх сябе», — экспэрт


Мігранты на беларуска-польскай мяжы. Ілюстрацыйнае фота

Кандыдат гістарычных навук, экспэрт у краінах Азіі Яўген Красулін адказвае на пытаньне, чаму менавіта ірацкія курды складаюць большасьць мігрантаў на беларуска-польскай мяжы, аналізуе, як міжнародная супольнасьць можа спыніць хвалю мігрантаў празь Беларусь, і прапануе беларусам зазірнуць у свае душы і падумаць, як бы мы сябе паводзілі ў дадзенай сытуацыі.

Сьцісла:

  • У ірацкім Курдыстане цяпер даволі някепская эканамічная сытуацыя
  • У Курдыстане была разгорнутая інфармацыйная кампанія, што Беларусь — ледзь не легальны шлях на Захад
  • Апэрацыяй зь мігрантамі Менску ўдалося «дабіцца» кансалідацыі ўсіх эўрапейскіх сілаў
  • Калі спрабаваць зразумець мігрантаў, варта зазірнуць у свае душы і падумаць, як бы мы сябе паводзілі ў дадзенай сытуацыі.

— Чаму найбольш масавай групай падчас гэтага мігранцкага крызісу сталі ірацкія курды? Наколькі вядома, ніякіх звышдраматычных падзеяў у ірацкім Курдыстане (аўтаномнай правінцыі Іраку) цяпер не адбываецца, няма вайны ці масавага этнічнага перасьледу. Чаму менавіта курды сталі самай масавай групай мігрантаў на беларуска-польскай мяжы?

Яўген Красулін
Яўген Красулін

— Тут набор прычынаў і чыньнікаў. Калі браць ірацкі Курдыстан, то там цяпер эканамічная сытуацыя някепская. Даходы ад нафты дазваляюць падтрымліваць жыцьцё на даволі высокім для гэтага рэгіёну ўзроўні.

Але нельга сказаць, што гэты рэгіён цалкам спакойны і бясьпечны ў дадзены момант. Апошнія сутыкненьні былі ў 2018 годзе ў сувязі з рэфэрэндумам аб незалежнасьці Курдыстану. Фэдэральны ўрад Іраку вынікі рэфэрэндуму не прызнаў, узьнік збройны канфлікт, пасьля якога Курдыстан страціў частку тэрыторыяў, і курдзкі ўрад быў вымушаны прызнаць фэдэральны ірацкі ўрад, прызнаць, што курды жывуць у фэдэратыўным Іраку, а не ў самастойнай дзяржаве.

Цяпер там спакойна, але застаюцца ўнутраныя пункты напружаньня, патэнцыйныя міжэтнічныя канфлікты, напрыклад, паміж курдамі і асырыйцамі, курдамі і езыдамі (езыды — гэта хутчэй не нацыянальная, а рэлігійная супольнасьць). Асырыйцы і езыды выступаюць тут як прыгнечаная меншасьць, як той бок, які цярпіць пэўныя крыўды.

Застаецца і такі чыньнік, як «Ісламская дзяржава», якая ўсё яшчэ дае пра сябе знаць. Так што абсалютнага спакою і бясьпекі ў рэгіёне няма.

— То бок можна сьцьвярджаць, што паводле цяперашніх правілаў Эўразьвязу ірацкія курды ў масе сваёй ня маюць шанцаў атрымаць палітычны прытулак у Эўропе, бо яны не ахвяры этнічнага перасьледу?

— Так, у ірацкіх курдаў як у нацыянальнай супольнасьці мала шанцаў прадставіць сябе ахвярамі. Вядома, індывідуальныя выпадкі могуць прысутнічаць, але ў масе — не.

Наколькі я разумею з той інфармацыі, што даходзіць з ірацкага Курдыстану, — там была разгорнутая кампанія, што Беларусь — ледзь не легальны шлях на Захад. Натуральна, што для курдаў, як для шмат каго ў гэтым сьвеце, у тым ліку для многіх беларусаў, Эўразьвяз — гэта тэрыторыя магчымасьцяў.

Ёсьць такая ілюзія ў некаторых людзей, што курды туды ўцякаюць па дапамогу, каб сядзець там і нічога не рабіць. Не, як паказвае гісторыя і рэчаіснасьць — людзі туды едуць па магчымасьці, каб працаваць і зарабляць грошы.

— Нядаўна, калі калёна курдаў падышла да беларуска-польскай мяжы на афіцыйным памежным пераходзе, а потым павярнула ў лес, — прагучала вэрсія, што яны ішлі афіцыйна падавацца на прытулак палякам, але беларускія сілавікі іх завярнулі. Як вы ставіцеся да гэтай вэрсіі?

— Так, гэта даволі спрэчная вэрсія. Дзеля чаго арганізоўвацца ў такую калёну? Гэта хутчэй выглядала як псыхалягічная атака. І, вядома, ёсьць іншыя магчымасьці падацца на прытулак у Польшчу ці Літву. Але большасьці курдаў прытулак там не патрэбны. Зразумела, што калёна была арганізаваная, і, відаць, ня самі курды гэтым займаліся.

— У Курдыстане, наколькі вядома, ідзе дыскусія наконт гэтага памежнага мігранцкага крызісу. Нават былі паведамленьні, што прадстаўнікі Курдыстану могуць прыехаць у Беларусь для вывучэньня сытуацыі.

— Гледзячы па тым, што ад жніўня перакрылі авіярэйсы з Курдыстану — гэта паказвае, што там гэта ўспрымаецца як сур’ёзная праблема. Парлямэнт Курдыстану зьбіраецца даслаць сюды сваю дэлегацыю для вывучэньня сытуацыі. Гэта паказвае, што кіраўніцтва Курдыстану хоча гэты крызіс спыніць. І хоча абараняць інтарэсы сваіх людзей, якія захрасьлі ў гэтай сытуацыі на мяжы.

— А якія цяпер адносіны афіцыйнага Менску з афіцыйным Іракам? Зь іншага боку, ці ёсьць афіцыйныя адносіны Менску з кіраўніцтвам Курдыстану?

— Не, афіцыйнага прадстаўніцтва Беларусі ў ірацкім Курдыстане няма. Але ёсьць расейскае прадстаўніцтва. І гэта цалкам можна разглядаць як канал узаемадзеяньня і канал сувязі для тамтэйшага насельніцтва.

— Беларускі рэжым сам стварыў гэты крызіс, і пакуль ён не зацікаўлены, каб спыняць зьяўленьне ў Беларусі курдаў. Ці лічыце вы, што ў стварэньні гэтай хвалі мігрантаў з Курдыстану (якія прылятаюць у Менск пераважна з Турэччыны) галоўная роля ляжыць на беларускім баку? Ці, можа, гэтая інфармацыя пра беларускі шлях неяк сама распаўсюдзілася па сацыяльных сетках рэгіёну?

— Тут няма пра што і гаварыць. Відавочна, што гэтая хваля мігрантаў была арганізаваная з падачы. І, натуральна, не з падачы курдзкай адміністрацыі. Ім нехта падказаў, паказаў магчымасьці дасягнуць Менску. Але замоўчвалася, што будзе потым.

— Адзін з варыянтаў вырашэньня мігранцкага крызісу для Эўропы — працаваць з тымі краінамі, якія пастаўляюць гэтых мігрантаў. Нібыта нешта робіцца, але канчатковага посьпеху дасюль няма. Чаму?

— Безумоўна, гэта вельмі эфэктыўны шлях вырашэньня праблемы — узьдзеяньне на самі калідоры перапраўкі. Перш за ўсё, на тыя авіякампаніі, якія гэтым займаюцца. І пагрозы наконт санкцыяў гэтым авіякампаніям, у тым ліку расейскаму Аэрафлоту, з боку эўрапейскіх палітыкаў ужо прагучалі. Чаму гэта не было зроблена дагэтуль? Бо гэта вельмі адказны крок, які можа мець даволі сур’ёзныя наступствы.

Зь іншага боку, апэрацыяй зь мігрантамі Менску ўдалося «дабіцца» кансалідацыі ўсіх эўрапейскіх сілаў і разуменьня імі, адкуль ідуць карані гэтага крызісу, што трэба «лячыць», каб праблема зьнікла.

— У беларускіх сацыяльных сетках шмат абмяркоўваюць лінію паводзінаў мігрантаў. Многія адзначаюць, што дзеля дасягненьня сваёй мэты яны гатовыя ісьці на любыя крокі, ігнараваць беларускія законы. Іншыя кажуць, што ім няма куды падзецца і яны проста закладнікі сытуацыі і «спэцапэрацыі» беларускага рэжыму.

— Магчыма, гэта самае галоўнае пытаньне. Я б параіў беларусам глядзець на гэтых людзей, як на саміх сябе. Тое, што яны там сякуць дрэвы, можа выклікаць у нас абурэньне — маўляў, ім можна, а нам нельга? Такое ўражаньне, што калі б дазволілі, і мы б з радасьцю высякалі нашыя дрэвы.

Няведаньне гэтых людзей, якія прыехалі сюды, робіць нас вельмі лёгкім аб’ектам маніпуляцыяў. У сацыяльных сетках бачна, што многія людзі гатовыя гэтых курдаў абвінавачваць ледзь не ў пагалоўным парушэньні нашых законаў — маўляў, усталёўваюць свае парадкі. Яны сапраўды, магчыма, ня ведаюць нашых законаў, і ім нехта падказаў — сячыце вось гэтыя дрэвы. І, дарэчы, гэты эпізод быў ня масавы, а хутчэй адзінкавы, зроблены для карцінкі. Якая ў тым ліку мае на мэце настроіць беларусаў супраць гэтых людзей і прыкрыць сапраўдныя прычыны таго, што адбываецца.

Калі мы жадаем зразумець, што адбываецца ў душах курдаў, якія знаходзяцца на нашай мяжы, — варта зазірнуць у свае душы і падумаць, як бы мы сябе паводзілі ў дадзенай сытуацыі. Наколькі я ведаю, курды ў Менску паводзяць сябе вельмі добразычліва, даволі шчодра аплачваюць усе паслугі. У іх галоўная мэта — дабрацца да Нямеччыны, заставацца і акупаваць Беларусь яны не зьбіраюцца. Таму, зноўку, нам трэба зразумець, што яны такія ж людзі, як і мы, што ў іх няма ніякіх асаблівых «нацыянальных адметнасьцяў» — тады нам будзе прасьцей разумець усю сытуацыю.

Міграцыйны крызіс — 2021. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 18 і 22 лістапада ўрад Іраку зладзіў два эвакуацыйныя рэйсы, якія агулам вывезьлі зь Беларусі звыш 500 мігрантаў, на 25 і 26 лістапада заплянаваныя яшчэ 4 рэйсы.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG