Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Заўсёды пыталіся: „Вы платнік ці бясплатнік?“ Хоць дактары, абсталяваньне адны і тыя ж». Як рэабілітавацца пасьля COVID-19


Ілюстрацыйнае фота

І мэдыкі, і людзі, якія перахварэлі на каранавірус і пнэўманію, сьцьвярджаюць, што нават ачуняўшы, маюць сур’ёзныя ўскладненьні, непрыемныя адчуваньні, доўга ня могуць аднавіцца. Ці магчыма прайсьці нейкую рэабілітацыю? Колькі гэта каштуе?

Пагаварылі зь людзьмі, якія нядаўна перахварэлі на каранавірус.

За 12 дзён рэабілітацыі цэны стартуюць ад 720 рублёў

Калі пачалася чацьвёртая хваля каранавірусу, Рэспубліканскі шпіталь мэдычнай рэабілітацыі, што ў Аксакаўшчыне пад Менскам, перапрафілявалі для далечваньня пацыентаў з пнэўманіяй, асацыяванай з інфэкцыяй COVID-19. Спыніўшы плянавую шпіталізацыю ў дзіцячае, сьпінальнае, кардыялягічнае аддзяленьні, Аксакаўшчына прымае цяпер толькі каранавірусных хворых.

На ўмовах ананімнасьці доктарка з Рэспубліканскага шпіталя мэдычнай рэабілітацыі ў Аксакаўшчыне расказала, што пераважная бальшыня пацыентаў тут — гэта людзі, якіх пераводзяць са стацыянараў менавіта далечваць цяжкія пнэўманіі, каранавірусную інфэкцыю.

«Па сутнасьці, мы працягваем лячыць людзей, якіх недалячылі ў гарадзкіх шпіталях. Яны яшчэ небясьпечныя, могуць заразіць іншых. Таму яны ўтрымліваюцца ў палатах, прымаюць лекі, уколы, кропельніцы. Аднак на працэдуры яны ня ходзяць.

Ёсьць невялікая колькасьць так званых бясплатнікаў, якія сапраўды знаходзяцца на рэабілітацыі, ходзяць на працэдуры, на абсьледаваньні. І таксама мы аказваем платныя паслугі.

На нашым сайце ёсьць усе расцэнкі, прэйскуранты.

Самы сьціплы варыянт — пражываньне ў двухмеснай палаце цягам 12 дзён, базавыя працэдуры і абсьледаваньні абыдуцца прыкладна ў 720 рублёў. Можна замовіць дадатковыя паслугі. Можна займець палату ў асобным катэджы. Але паверце: дактары, мэдпэрсанал, абсталяваньне, лябараторыі, кабінэты — адны і тыя ж для бясплатнікаў і платнікаў.

Ахвотных прайсьці рэабілітацыю вельмі шмат, таму людзям даводзіцца чакаць: усе карпусы, катэджы, палаты павышанай камфортнасьці запоўненыя, вольных месцаў няма», — кажа доктарка.

«Гэта не рэабілітацыя, а проста далечваньне. Доўжылася яно 3 дні»

Аляксандар першы раз перахварэў на каранавірус летась у сьнежні. Хваробу перанёс даволі цяжка, потым пачаліся ўскладненьні. Цукровы дыябэт, рэўматызм, артрыт (пад пытаньнем, сказалі дактары). У кастрычніку сёлета зноў захварэў на ковід. Цяпер апухлі ногі, страшэнная слабасьць, прызнаецца мужчына.

Прычым другі раз каранавіруснай інфэкцыяй ён заразіўся ў аддзяленьні кардыялёгіі 9-га клінічнага шпіталя сталіцы, куды яго даставіла хуткая дапамога з падазрэньнем на інфаркт.

«У палаце ляжаў дзед, які вельмі моцна кашляў, у яго аказаўся каранавірус. Тады мне і суседу па палаце зрабілі ПЦР-тэст, ён быў станоўчы. Потым КТ, рэнтген, праз тыдзень флюараграфію.

З 9-й лякарні мяне перавялі ў 2-ю — лячыць каранавірус. У мяне была ня вельмі цяжкая форма ў параўнаньні з астатнімі, хто быў на кіслародзе. Выйсьці ў калідор нельга, увесь час трэба знаходзіцца ў палаце.

Праз тыдзень мяне хацелі адправіць дахаты, але папярэдзілі, што яшчэ 10 дзён трэба быць на самаізаляцыі. А ў мяне дома жонка, якая не хварэла на „карону“, унучка. Папрасіў накіраваць на рэабілітацыю. Мне прапанавалі Аксакаўшчыну. Я вельмі ўзрадаваўся: думаў, пагуляю па лесе, падыхаю сьвежым паветрам, аднаўлюся, пахаджу на розныя працэдуры», — кажа Аляксандар.

Аказалася, што трапіў ён не на рэабілітацыю, а на так званае далечваньне: такая ж самая «чырвоная зона», як і ў 2-й лякарні, на вуліцу не выпускаюць, лес пацыенты бачылі толькі праз вакно.

«Мы прасілі: „Адпусьціце нас на вуліцу, мы пагуляем па лесе. Каго мы там заразім: вавёрак, зайцоў?“ — „Нельга“. Дазволілі толькі гуляць па калідоры, чаго нельга было ў 2-м шпіталі. Ніякіх працэдур. Адзін раз прыходзіла дзяўчына-псыхоляг, і адзін раз мэдсястра з аддзяленьня лячэбнай фізкультуры, і ўсё. Прычым мяне пратрымалі ў Аксакаўшчыне толькі 3 дні і сказалі, што бясплатна больш ня могуць.

А за грошы — калі ласка. Можна наняць катэдж, заплаціць немалыя грошы і хадзіць на працэдуры, гуляць па лесе. Дарэчы, праз 3 дні без усялякіх аналізаў, бяз тэсту ПЦР мяне адправілі дадому», — працягвае свой аповед Аляксандар.

Цяпер мужчына адчувае сябе ня вельмі добра. Слабасьць, ледзь даходзіць да другога паверху. Ногі апухлі. Хацеў схадзіць да кардыёляга ў сваю паліклініку. Але каб трапіць да кардыёляга, накіраваньне павінен даць участковы тэрапэўт.

«Я сядзеў тры гадзіны ў чарзе да тэрапэўта. Такое ўражаньне, што ўвесь калідор быў забіты ковіднымі хворымі. І што дактароў сталага веку зусім няма, бегаюць маладзенькія студэнты. Калі дайшла чарга да тэрапэўта, высьветлілася, што, паколькі я працаздольнага ўзросту, мне трэба ісьці да кардыёляга ў Гарадзкі кардыялягічны цэнтар, што пры 2-м шпіталі.Трапіць да вузкіх спэцыялістаў — рэўматоляга, нэўрапатоляга — таксама сёньня нерэальна. Вось такая атрымліваецца рэабілітацыя», — кажа ён.

«Вось крыху ачуняю, буду шукаць платныя працэдуры»

62-гадовая пэнсіянэрка Тамара расказала, што ў аддзяленьне пульманалёгіі 5-й лякарні з пнэўманіяй трапіла толькі з трэцяй спробы. У паліклініцы здала аналізы, прайшла абсьледаваньні — каранавірус пацьвердзіўся. Было вельмі кепска, выклікала хуткую дапамогу.

«Прыяжджае раніцай „хуткая“, доктар кажа, што з такім пашкоджаньнем лёгкіх (15%) у шпіталь не кладуць. А тое, што я па сьценцы не магу дайсьці да прыбіральні, нікога не хвалюе. Хуткая прыехала і паехала. Пад вечар мне стала зусім млосна, я пачала задыхацца. Тое самае: мне кажуць, што забіраць у шпіталь ня будуць. Могуць давезьці туды, але мяне ня прымуць, і назад я буду дабірацца сама. На другі дзень яшчэ горш. Выклікалі хуткую, дык машына ехала 5 гадзін!

На трэцяй хуткай доктарка, пабачыўшы мой стан, усё ж пагадзілася забраць мяне», — успамінае Тамара.

У пульманалёгіі 5-га шпіталя яе лячылі 10 дзён — больш у стацыянары не трымаюць. Калі ўжо зусім дрэнна, вялікае пашкоджаньне лёгкіх, чалавек задыхаецца, могуць яшчэ пару дзён патрымаць.

«Днём я была на кіслародзе, дыхала з маскай, уначы дыхала сама, мне калолі антыбіётыкі. Пасьля 10 дзён у шпіталі ніякіх ПЦР-тэстаў ці тэстаў на антыцелы пры выпісцы мне не рабілі, маўляў, па аналізе крыві дактары бачаць, што можна выпісваць. Але папярэджваюць, што 10 дзён пасьля выпіскі людзі павінны быць на самаізаляцыі. А дома ж муж, сям’я сына.

Тады мне прапанавалі цягам пяці дзён далячыцца ў Аксакаўшчыне. Але я скантактавалася з былымі суседкамі па палаце, якія пагадзіліся на далечваньне ў Аксакаўшчыне.

Дык вось яны расказалі, што там ніякай рэабілітацыі няма, абсталяваньне дабітае, ніякіх працэдур — тое самае, што было ў пульманалёгіі: даюць таблеткі, палаты закрытыя, на вуліцу не выпускаюць. Ад такога далечваньня я адмовілася. Таблеткі я і дома магу прыняць», — кажа жанчына.

Спадарыня Тамара скардзіцца, што ў яе дагэтуль тахікардыя («выскоквае сэрца»), дрыжаць рукі, падкошваюцца ногі. Пасьля антыбіётыкаў трэба лячыць страўнік.

«Я ледзьве хаджу, ногі ці то ватныя, ці то каменныя. Але ж трэба паціху хадзіць. Затое я зьмяніла сваё стаўленьне да жыцьця: нагледзелася, што хвароба падступная, вельмі шмат людзей паміраюць. Спаць у шпіталі немагчыма, вазкі возяць туды-сюды. Значыць, хтосьці памёр — і павезьлі. А я жыву. Вось крыху акрыяю, буду шукаць платныя працэдуры. Кажуць, за грошы добрая рэабілітацыя ў былой гразелячэбніцы, што на Макаёнка».

«Мабыць, мне пашанцавала: трапіў на бясплатную рэабілітацыю»

Аляксея з каранавірусам спачатку паклалі ў трэці гарадзкі шпіталь. Якое ў адсотках у яго паражэньне лёгкіх, самому яму не паведамілі — сказалі, што сярэдні ўзровень.

«На кіслародзе я быў толькі дзьве гадзіны. Сатурацыя хутка палепшылася, і я зьняў маску. Таму што калі лёгкія доўга на кіслародзе, гэта як наркотык, прывыкаеш, а адлучыцца ўжо цяжка.

І літаральна на чацьверты дзень мяне адправілі на далечваньне ў Аксакаўшчыну. Там ёсьць розныя варыянты. Ёсьць далечваньне, і там сапраўды ўсё проста і сьціпла: працэдур няма, але вельмі пільны кантроль, калі лекі прымаць, у які час. Тры разы на дзень ня проста вільготная прыборка падлогі, а праціраюць усе паверхні. Вельмі добразычлівы пэрсанал. За гэты месяц я ні разу не сутыкнуўся з адмоўным стаўленьнем — ні ў 3-м шпіталі, ні ў Аксакаўшчыне. Сыстэма адладжаная, усё працуе. Паліклінікі, хуткая дапамога — гэта, канечне, правал. А ў шпіталі і ў Аксакаўшчыне — парадак», — кажа Аляксей.

Потым ён трапіў на рэабілітацыю. Бясплатную. Кажа, што яму цяжка меркаваць, ці проста туды трапіць.

«Мабыць, мне пашанцавала, бо ёсьць бясплатнікі і ёсьць платнікі. Рэабілітацыя выглядае дзіўна. З аднаго боку, ёсьць людзі самыя звычайныя, незаможныя. Але каля рэабілітацыйнага цэнтру стаяць і дарагія „Лінкольны“ і „Поршэ“. Былі і замежнікі, па зьнешнім выглядзе студэнты з Блізкага Ўсходу і Афрыкі. Паслугі, мабыць, адрозьніваюцца, бо ў нас заўсёды пыталіся: „Вы платнікі ці бясплатнікі?“ Хоць дактары адны і тыя ж, лябараторыі і абсталяваньне таксама.

Там ужо іншае: дазваляюць і гуляць па лесе, і шмат працэдур, і кропельніцы», — дзеліцца ўражаньнямі Аляксей.

Што да лекаў, большая частка беларускія, але ёсьць і імпартныя, да прыкладу, супраць тромбаў: мэдсёстры казалі, што яны вельмі дарагія і эфэктыўныя.

Аднак пасьля рэабілітацыі Аляксею стала горш.

«Падскочыў ціск да 170 на 110. Некалькі дзён мне яго зьбівалі. Дактары кажуць, што ў гэтага штама такая асаблівасьць: тэмпэратуры амаль няма, сатурацыя нармальная, але ўздымаецца ціск. Яшчэ гэты штам моцна б’е па нэрвовай сыстэме, людзі зь цяжкасьцю ходзяць, адчуваюць слабасьць. Так што канчаткова я яшчэ не аднавіўся, нягледзячы на рэабілітацыю», — кажа мужчына.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG