Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Перад вамі 4 перакананыя рэвалюцыянэры». Як пачаўся суд над анархістамі


Суд над анархістамі. Менск, 15 лістапада.

У Менску ў закрытым рэжыме праходзіць суд над зьняволенымі актывістамі анархісцкага руху.

15 лістапада ў Менскім абласным пачалося першае судовае паседжаньне ў справе анархістаў Ігара Аліневіча, Дзьмітрыя Дубоўскага, Сяргея Раманава і Дзьмітрыя Разановіча.

У судовую залю пусьцілі толькі блізкіх і родных — каля 15 чалавек. Астатніх ахвочых не пусьцілі, бо нібыта больш няма месцаў.

Чаму суд зрабілі закрытым?

Як паведаміла Свабодзе маці аднаго з падсудных Валянціна Аліневіч, закрыцьцё паседжаньня аргумэнтавалі тым, каб ня выдаць асабістыя зьвесткі пацярпелых.

«Рашэньне прымалася 15–20 хвілін, яны быццам бы параіліся, хоць, натуральна, проста не маглі дапусьціць публічнасьць. Дазволіць гэта — значыць паказаць, што сапраўды ёсьць сапраўдныя мужчыны і сапраўдныя рэвалюцыянэры», — кажа Валянціна Аліневіч.

Паводле яе слоў, абаронцы палічылі рашэньне аб закрыцьці суду незаконным:

«Адвакаты адзначылі, што калі ставіцца ў прычыну закрыцьцё суду з мэтай невыдаваньня зьвестак абвінавачаных, то, па-першае, ніякай шкоды не было нанесена і пацярпелых як такіх не было. А па-другое, прозьвішчы гэтых людзей агучылі яшчэ на пачатку паседжаньня, як і прозьвішча пракурора».

Таксама сваю пазыцыю ў гэтым пытаньні патлумачылі абвінавачаныя.

«Ігар сказаў, што „я як прыхільнік дэмакратыі абапіраюся на думку грамадзкасьці“, і паказаў на аўдыторыю, маўляў, як яны лічаць патрэбным. Дзіма Дубоўскі падтрымаў пазыцыю Ігара і падкрэсьліў, што людзі павінны ведаць, дзеля чаго яны тут знаходзяцца, дэталі іх затрыманьня.

Сяргей Раманаў таксама адзначыў, што суд павінен быць адкрыты, галосны і публічны. А Дзіма Разановіч сказаў, што ён, як перакананы дэмакрат, — за сумленныя выбары і хоча, каб усе пачулі, што адбывалася», — узгадвае Валянціна Аліневіч.

Па словах Аліневіч, на лаве пацярпелых прысутнічалі супрацоўнікі сілавых структур у цывільным (пад прозьвішчамі Савановіч, Чарнышевіч і Пратуновіч). Прадстаўнікоў гарвыканкаму і судовай экспэртызы, якія таксама фігуравалі ў справе, не было.

«Прыйшло каля 30 чалавек, але запусьцілі блізкіх сваякоў. Заля была вельмі малая, аховы было надзіва няшмат, напэўна, яны ўсе ўжо знаходзяцца на мяжы нашай Радзімы».

У судзе над анархістамі
У судзе над анархістамі

Валянціна кажа, што сярод людзей, якім дазволілі ўвайсьці на паседжаньне, прысутнічала таксама карэспандэнтка дзяржаўных СМІ.

«Яна ўсё страчыла пяром і фатаграфавала яшчэ да пачатку паседжаньня. Я спытала: „Па якім праве вы фатаграфуеце без дазволу?“ Яна адказала: „Я прэса“. На што я пацікавілася, чаму няма прадстаўнікоў іншых мэдыя, для таго каб была захавана канкурэнтнасьць, яна ў адказ нешта фыркнула, — кажа Валянціна Аліневіч. — Але потым, калі мы дасталі свае тэлефоны і пачалі фатаграфаваць, нам ніхто нічога не сказаў».

Валянціна Аліневіч адзначыла, што яна некалькі гадоў ня бачыла сына і старалася памахаць рукой, аднак сілавікі рабілі прысутным заўвагі і стукалі дубінкай па «акварыюме».

Валянціна Аліневіч расказала, што фігурантаў справы канваіры таксама стараліся закрываць сьпінамі, на што рэзка рэагавала маці Дзімы Разановіча, якая адмыслова прыехала з Гомля.

«Яна казала: я ехала спэцыяльна каб майго хлопчыка пабачыць, а яны вось так вось. Кажа: „У цябе маці ёсьць ці не? Што ты засланяеш майго сынка!“.

І калі прыстаў зноў закрыў яго і ў чарговы раз пачаліся крыкі „спыніце зносіны!“ Дзіма сказаў: «Вы што забыліся, што нам няма чаго губляць акрамя ўласных кайданоў, што вы нас палохаеце, перад вамі 4 перакананыя рэвалюцыянэры».

Валянціна адзначыла, што прысутныя ў залі паводзілі сябе даволі сьмела.

Новыя дэталі затрыманьня Раманава

Валянціна Аліневіч расказала таксама пра новыя дэталі затрыманьня фігурантаў, якія Сяргей Раманаў расказаў бацькам, калі яго судзілі ў Гомлі.

«Ён сказаў, што іх затрымалі ня ў той мясцовасьці, дзе афіцыйна абвясьцілі, а зусім у іншай вёсцы. Тады двое зь іх выйшлі ў краму, каб набыць прадукты, а прадаўшчыца патэлефанавала ў памежную заставу, і іх затрымалі. Карацей, Беларусь — краіна партызан і паліцаяў, як была такой, так і засталася. Я прыкладна так і меркавала, — кажа Валянціна. — Ён сказаў, што крыўдна было тое, што ў іх была дамоўленасьць перайсьці мяжу, і яны, па сутнасьці, былі за 5 хвілін ад свабоды — і так абсалютна па-дурному трапіліся».

Таксама Сяргей Раманаў расказаў, што пры затрыманьні проста на пагранзаставе яго зьбілі памежнікі.

«А цяпер, калі гаворка ідзе пра штурм польскай мяжы, мы дзівімся, што памежнікі ж такія высакародныя і ня могуць штурхаць мігрантаў, — кажа Валянціна. — Дык вось выцягнуў памежнік складаны нож з рукзака, пусьціў газ з балёнчыка ў пакоі і пачаў Сяргея Раманава зьбіваць. Потым, калі памежнік выйшаў, бо сам ужо ня мог знаходзіцца ў гэтым памяшканьні, Сяргей перарэзаў сабе вены. І калі сілавік вярнуўся, убачыў, што ўвесь пакой і Сяргей былі ў крыві. А потым іх везьлі ў кайданах і яшчэ і з гірамі, каб у выніку ў іх рукі не загойваліся».

У чым вінавацяць падсудных

Як раней тлумачылі сваякі анархістаў, кожнаму зь фігурантаў справы выставілі абвінавачаньні па некалькіх артыкулах.

  • Ігару Аліневічу — паводле ч. 1 арт. 333-1, ч. 2 арт. 295, ч. 4 арт. 295, ч. 2 арт. 289 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.
  • Дзьмітрыю Дубоўскаму — ч. 1 арт. 333-1, ч. 2 і ч. 4 арт. 295, ч. 2 арт. 289 КК.
  • Сяргею Раманаву, які раней быў асуджаны паводле артыкула 295 КК, — паводле ч. 3 і ч. 4 арт. 295, ч. 2 арт. 289 КК.
  • Дзьмітрыю Разановічу — паводле ч. 2 і 4 арт. 295, ч. 2 арт. 289 КК.
    • Артыкул 289 — «Акт тэрарызму».
    • Артыкул 295 — «Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў».
    • Артыкул 333-1 — «Незаконнае перамяшчэньне праз мытную мяжу Эўразійскага эканамічнага саюзу або Дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь моцнадзейных, атрутных рэчываў, радыяактыўных матэрыялаў, агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў, выбуховых прыстасаваньняў, зброі масавага зьнішчэньня або сродкаў яе дастаўкі, а таксама іншых відаў узбраеньня і вайсковай тэхнікі».
    • Агульная сума нанесеных матэрыяльных стратаў, паводле сьледзтва, — больш за 70 тысяч рублёў.

Чатырох анархістаў затрымалі ў ноч на 29 кастрычніка 2020 году пры перасячэньні беларуска-ўкраінскай мяжы. Іх вінавацяць у падпале аўтамашын каля будынкаў пракуратуры, Дзяржкамітэту судовых экспэртыз у Салігорску і ў падпале будынка ДАІ ў Мазыры.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG