Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі новы максымум сьмерцяў ад COVID-19 за дзень


Рэанімацыя ў Валгаградзкай вобласьці Расеі

У Расеі другі дзень запар фіксуецца сутачны максымум сьмерцяў ад COVID-19 з пачатку пандэміі. На раніцу 18 лістапада, паводле інфармацыі апэратыўнага штабу, памёр 1251 пацыент з каранавіруснай інфэкцыяй.

Напярэдадні паведамлялася пра 1247 памерлых. З пачатку лістапада гэты антырэкорд абнаўляецца сёмы раз.

Захварэлі за апошнія суткі ў Расеі 37 374 чалавекі. Агульная колькасьць інфікаваных перавысіла дзевяць мільёнаў дзьвесьце тысяч чалавек, памерлі, паводле афіцыйных зьвестак, больш за 260 тысяч хворых.

Незалежныя дэмографы лічаць, што афіцыйныя лічбы трэба памнажаць на тры. Такім чынам, агульная сьмяротнасьць магла перавысіць 780 тысяч чалавек. Гэта больш за насельніцтва 22 рэгіёнаў Расеі з улікам анэксаванага Крыму.

У Маскве сутачная захворвальнасьць, паводле дадзеных апэратыўнага штабу, вырасла на 37 адсоткаў. За апошнія суткі выявілі больш за чатыры тысячы новых выпадкаў заражэньня COVID-19. Напярэдадні паведамлялася пра 2966 новых хворых. Тры дні таму ўлады заяўлялі пра зьніжэньне на 23 працэнты захворвальнасьці на каранавірусную інфэкцыю ў Маскве за апошні тыдзень.

З прычыны пандэміі сёлета адмянілі і традыцыйны дзіцячы навагодні паказ у Дзяржаўным Крамлёўскім палацы. Як паведамляе РИА Новости, напярэдадні Новага году на канале «Карусель» пакажуць тэлевэрсію «Крамлёўскай ёлкі». Летась навагодні спэктакль з Крамля таксама быў запісаны і паказаны ў тэлеэфіры.

На фоне пагаршэньня сытуацыі з распаўсюджваньнем каранавірусу ў Расеі ўрад унёс у Дзяржаўную Думу законапраекты аб выкарыстаньні QR-кодаў аб вакцынацыі або перанесеным COVID-19 у грамадзкіх месцах і на транспарце. Гэтыя захады выклікалі неадназначную рэакцыю ў грамадзтве.

Улады Беларусі паведамляюць пра 1844 новыя выпадкі каранавіруснай інфэкцыі за апошнія суткі. Многія экспэрты і лекары называюць афіцыйныя лічбы па каранавірусе ў Беларусі моцна заніжанымі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG