Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін заклікаў да дыялёгу ўладаў Беларусі з апазыцыяй. Ціханоўская і Латушка адрэагавалі

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін

Сытуацыя ўнутры Беларусі, якая абвастрылася пасьля леташніх прэзыдэнцкіх выбараў, супакоілася, аднак праблемы захоўваюцца, і Масква заклікае да дыялёгу ўладаў гэтай краіны і апазыцыі, заявіў прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін.

Яго словы цытуе Інтэрфакс.

«Так, мы ведаем, што сытуацыя ў Беларусі хоць і супакоілася ўнутры краіны, але, тым ня менш, праблемы ёсьць, і мы выдатна разумеем гэта і, вядома, заклікаем да дыялёгу паміж уладамі і апазыцыяй», — сказаў Пуцін, выступаючы на пашыраным пасяджэньні калегіі МЗС.

Пры гэтым прэзыдэнт РФ падкрэсьліў, што «са свайго боку Расея, безумоўна, працягне лінію на ўмацаваньне сувязяў і паглыбленьне інтэграцыйных працэсаў зь Беларусьсю».

Ціханоўская: «Ніякі дыялёг не пачнецца ў турме»

Беларуская апазыцыйная палітычная дзяячка Сьвятлана Ціханоўская пракамэнтавала Zerkalo.io заклік Пуціна да перамоваў.

«Асабіста ў мяне кантактаў з Крамлём не было. Я вітаю заклікі да дыялёгу. Але ніякі дыялёг не пачнецца ў турме. Усе палітвязьні павінны быць вызваленыя, гвалт спынены. Нашы ўмовы ранейшыя».

Латушка: «Найбліжэйшая магчымасьць дыялёгу — у Вене»

Павал Латушка, лідэр Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва, пракамэнтаваў выказваньне Пуціна наступным чынам:

«Калі прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін гатовы выступіць гарантам выкананьня патрабаваньняў беларускага народу аб безумоўным і неадкладным вызваленьні ўсіх без выключэньня палітычных зьняволеных у Беларусі і спыненьні масавых рэпрэсій, мы гатовыя весьці перамовы. Але толькі па адным пытаньні — аб транзыце ўлады і правядзеньні датэрміновых выбараў прэзыдэнта ў Беларусі без удзелу Лукашэнкі.

У гэтым мы салідарныя са Сьвятланай Ціханоўскай, якая настойвае на выкананьні народных патрабаваньняў — на гэтым грунтуецца агульная пазыцыя дэмакратычных сіл. Найбліжэйшая магчымасьць зрабіць гэта — міжнародная канфэрэнцыя па Беларусі ў Вене, куды трэба накіраваць высокапастаўленага прадстаўніка Расеі, якая разам зь дзяржавамі-чальцамі ЭЗ можа выступіць гарантам папярэдніх умоваў, якія забясьпечваюць транзыт улады ў Беларусі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG