Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Воля для Волі: дзяржава помсьціць абаронцы жанчын


Вольга Гарбунова, архіўнае фота

Калі мне было 19 гадоў, Вольга Гарбунова ўратавала мне жыцьцё. Тады яна была дырэктаркай «Радзіславы», кіравала схованкай для жанчын, пацярпелых ад хатняга гвалту, і вяла групу ўзаемападтрымкі жанчын. І калі б аднойчы яна не запрасіла мяне ў гэтую групу, я б, хутчэй за ўсё, была цяпер нябожчыцай.

Вольга шмат гадоў падтрымлівала жанчын, якія аказаліся ў бядзе, а цяпер у пекла трапіла яна сама. Спачатку быў дзяржаўны ціск на арганізацыю «Радзіслава», а цяпер Вольга пад арыштам у нечалавечых умовах трымае галадоўку, а яе абвінавачваюць у арганізацыі жаночых маршаў. Яе катуюць холадам, пастаянным сьвятлом і гукамі, ад родных перадаюць толькі мэдыкамэнты, і ў яе няма магчымасьці падтрымліваць нават базавую гігіену.

Гэтая гісторыя гучыць тыпова для апошніх месяцаў. Мы рэгулярна чытаем у навінах, што так катуюць і іншых палітвязьняў. Але ёсьць нюанс. Вольга Гарбунова — не выпадковы чалавек, якога затрымалі на маршы, а чалавек, якому дзяржава вельмі хоча адпомсьціць. І таму спадзявацца на нейкае зьмякчэньне ўмоваў не выпадае ўвогуле.

Вольга гадамі змагалася за тое, каб у Беларусі зьявіўся закон аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту, дабівалася зьменаў у працы міліцыі і не давала так званым праваахоўнікам рабіць выгляд, што ўсё ў парадку. Яна публічна расказвала пра праблему хатняга гвалту і пра тое, як дзяржаўныя структуры супрацьстаялі яе змаганьню. Яна літаральна ратавала жанчын ад сьмерці і заўжды настойвала, што хатні гвалт — гэта ня проста сямейны канфлікт, а сыстэмная праблема, змагацца зь якой трэба таксама сыстэмна.

Ад самага пачатку пратэстаў у 2020 годзе рэакцыю дзяржавы шмат параўноўвалі з рэакцыяй агрэсара на заяву жанчыны аб тым, што яна разрывае стасункі. Мы чулі, што «каханую не аддаюць», і напоўніцу ўбачылі адказ на пытаньне «чаму яна не сыходзіць». Бо калі яна спрабуе сысьці, агрэсар спрабуе яе забіць.

І цяпер агрэсар узяў у палон Вольгу — тую жанчыну, якая гадамі апісвала ўсе гэтыя мэханізмы, якая пасьлядоўна тлумачыла іх чыноўнікам і міліцыянтам. Яе арышт дужа сымбалічны і, вядома ж, не выпадковы. Яшчэ ў мінулым верасьні сілавікі былі апантаныя ідэяй знайсьці арганізатарак жаночых маршаў, бо не маглі прызнаць, што жанчыны пратэстуюць безь лялькаводаў. Паводле іх лёгікі, Вольга ідэальна падыходзіць на ролю арганізатаркі, бо яна заўжды дапамагала жанчынам і выступала за эмансыпацыю. Такая вось крывая лёгіка, але іншай, як кажуць, не падвезьлі.

І вельмі важна разумець, што садыст не адпускае ахвяру проста так — ён заўжды зьдзекуецца. А з асабліва ўпартых і зьдзекуецца асабліва. Мы бачым гэта цяпер на прыкладах Натальлі Хершэ, Паліны Шарэнды-Панасюк і іншых палітзьняволеных, якія не здаюцца нават у дробязях. Мяркуючы па тым, што Вольга абвясьціла галадоўку ўжо ў дзень затрыманьня, яна таксама не зьбіраецца здавацца.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG