Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Польшчы Дуда гаварыў з кіраўніком NATO пра «магчымыя» ваенныя пагрозы на мяжы зь Беларусьсю


Прэзыдэнты: Польшчы — Анджэй Дуда (справа) і Паўночнай Македоніі — Стэва Пэндароўскі (зьлева), 19.11.2021 г.

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда, які наведвае зь візытам Скоп’е, на прэс-канфэрэнцыі пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Паўночнай Македоніі Стэва Пэндароўскім заявіў, што тыя мігранты, якія незаконна перасякаюць мяжу і маюць патрэбу ў дапамозе, атрымліваюць яе «ў любым выпадку».

«Мы акажам і гуманітарную дапамогу, і дапамогу ў галіне аховы здароўя (...) Калі такая дапамога ім патрэбная, яна ім аказваецца неадкладна», — сказаў Дуда.

«Я хачу гэта ўсяляк падкрэсьліць, бо такіх выпадкаў, калі польскія службы ратавалі мігрантаў, ці то ў балоцістай мясцовасьці, дзе яны апынуліся, ці ў лесе, было ўжо шмат, і ўсім гэтым людзям, калі на іх натыкаліся нашы службоўцы, дапамога была аказаная ў кожным выпадку», — дадаў ён.

На прэсавай канфэрэнцыі Дуду спыталі і пра сытуацыю на польска-беларускай мяжы, а таксама пра дэталі размовы, якую ён меў некалькі дзён таму з генэральным сакратаром Паўночнаатлянтычнага альянсу Енсам Столтэнбэргам.

Прэзыдэнт Рэспублікі Польшча выказаў удзячнасьць і задавальненьне, што Столтэнберг «так рашуча выклаў сваю пазыцыю» наконт сытуацыі на польска-беларускай мяжы.

Дуда таксама паведаміў, што падчас гэтай размовы ён акрэсьліў «усе пытаньні, зьвязаныя з магчымымі ваеннымі пагрозамі», якія могуць узьнікнуць.

«Я кажу „магчымымі“, бо мы іх яшчэ не заўважылі», — дадаў Анджэй Дуда.

Апрача таго, як ён паведаміў, ён папрасіў кіраўніка NATO «зьвярнуць асаблівую ўвагу» на тэрыторыю польска-беларускага памежжа.

Енс Столтэнбэрг пасьля размовы з Анджэем Дудам напісаў у Твітэры: «Выкарыстаньне мігрантаў Беларусьсю ў якасьці гібрыднай тактыкі непрымальнае. NATO салідарнае з Польшчай і ўсімі нашымі саюзьнікамі ў рэгіёне».

Прэзыдэнт Польшчы нагадаў, што ў апошнія дні ён таксама размаўляў з прэзыдэнтамі Францыі — Эмануэлем Макронам і Літвы — Гітанасам Наўседам. «У нас аднолькавыя назіраньні, аднолькавыя веды і аднолькавая думка наконт гэтага: гэта гібрыдная атака беларускага рэжыму на мяжу Эўразьвязу і Паўночнаатлянтычнага альянсу», — адзначыў Дуда.

«Мы спадзяёмся, што дзякуючы палітычнай падтрымцы эўрапейскай супольнасьці і Паўночнаатлянтычнага альянсу гібрыдная атака на польскую мяжу хутка будзе завершаная», — заявіў прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Паўночнай Македоніі Стэва Пэндароўскім.

«Гэта факт, што беларускі рэжым распачаў гібрыдную атаку на мяжу ЭЗ і NATO. Гэта тры краіны як ЭЗ, так і Паўночнаатлянтычнага альянсу: Польшча, Літва і Латвія. Сёньня наймацней атакуецца польская мяжа», — сказаў Дуда.

«Таму мы ўсімі сіламі абараняем як ЭЗ, так і тэрыторыю NATO ад нелегальнай міграцыі», — дадаў ён. Ён ацаніў, што гэта складаная і непрыемная сытуацыя, бо сілы рэжыму штурхаюць мігрантаў да польскай мяжы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG