Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд адмовіў ў пераводзе зьняволенага музыкі Банцэра з «хіміі» ў калёнію


Ігар Банцэр

Новы суд над рок-музыкам Ігарам Банцэрам прайшоў у Віцебску 24 лістапада. Суд Чыгуначнага раёну Віцебска адмовіў кіраўніцтву віцебскай «хіміі» перавесьці Банцэра ў калёнію на больш жорсткі рэжым.

Першапачаткова Банцэр меўся вызваліцца з «хіміі» ў лютым 2022 году. Калі бы рашэньне аб пераводзе на калёнію ад 29 верасьня засталося ў сіле, то ён бы скончыў адбываць пакараньне сёлета ў лістападзе. Аднак пасьля новага суду 24 лістапада пакуль не зразумела, калі ў палітвязьня скончыцца тэрмін пакараньня.

Першы такі суд адбыўся над Банцэрам 29 верасьня. Тады яму прызначылі 1 месяц 25 дзён калёніі агульнага рэжыму да канца зьняволеньня.

Аднак празь месяц пасьля таго суду высьветлілася, што судовыя дакумэнты аформілі няправільна, бо спаслаліся на артыкул 415 Крымінальнага кодэксу, які нядаўна выключылі з заканадаўства.

Ігар Банцэр на «хіміі»
Ігар Банцэр на «хіміі»

Пасьля 29 верасьня вязень месяц прасядзеў у віцебскім СІЗА, потым на некалькі дзён яго вярнулі на «хімію», адкуль накіравалі ў штрафны ізалятар горада Гарадок на Віцебшчыне. Ён сядзеў у камэры без ацяпленьня пры той жа прыкладна тэмпэратуры, якая была на вуліцы. ШЫЗА яго пакаралі за тое, што адмовіўся пасяліцца ў камэру да чалавека зь «нізкім статусам», і таму, што ляжаў удзень на карантыне, а не сядзеў на ложку.

Перад судом Банцэр моцна прастудзіўся. На «хіміі», дзе ён знаходзіўся ў папярэднія дні, ёсьць вязьні з тэмпэратурай, кашлем, моцнай слабасьцю.

Ігар Банцэр — актывіст і музыка з Горадні. Яго затрымалі летась у кастрычніку. За гэты час ён двойчы галадаваў на знак пратэсту: 16 дзён бязь ежы і вады ў сакавіку, 19 дзён на халоднай вадзе ў жніўні. Ад гэтага ягонае здароўе моцна пагоршылася. Да таго ж пасьля турмы ў яго выявілі гепатыт С. Ён лічыць, што яму неабходна мэдычнае абсьледаваньне і лячэньне ў шпіталі.

Хто такі Ігар Банцэр

  • Ігар Банцэр — музыкант, актывіст, журналіст, палітвязень.
  • Нарадзіўся 24 лютага 1980 году ў Менску. Зь дзяцінства жыў у Горадні. Бацька працаваў у МУС, маці — выхавацелькай у дзіцячым садку. Ігар паступіў вучыцца ў Варшаўскі ўнівэрсытэт на накірунак «міжнародныя адносіны». Аднак празь некалькі год спыніў вучобу праз хваробу. Пасьля складанай апэрацыі ён вырашыў не аднаўляцца ва ўнівэрсытэце.
  • Каля 10 гадоў працаваў у журналістыцы: карэспандэнтам горадзенскай незалежнай газэты «Пагоня», галоўным рэдактарам польскіх часопісаў Magazyn Polski і Głos znad Niemna ў выгнаньні. Некаторы час быў прэс-сакратаром непрызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў у Беларусі.
  • Стварыў і ўзначальваў культурную ўстанову «Горадзенскі рок-клюб», дзе займаўся музыкай з падлеткамі і моладзьдзю. У 2021 годзе ўлады ліквідавалі ягоную арганізацыю разам з сотняй іншых прыватных установаў.
  • Зь 2003 году быў лідэрам і сьпеваком свайго стрыт-панк гурта Mister X.
  • Зь 2007 году Банцэра шматкроць затрымлівалі і саджалі на содні. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году яго тройчы асуджалі на адміністрацыйны арышт.
  • 20 кастрычніка 2020 году Банцэра затрымалі за тое, што станцаваў без штаноў перад міліцыянтам Сяргеем Багдзевічам і дэманстраваў яму свае палавыя органы. У пацярпелага міліцыянта прэтэнзій да музыканта не было. Аднак на Банцэра завялі крымінальную справу за хуліганства (частка 1 артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу).
  • Музыкант правёў у СІЗА горадзенскай турмы 5 месяцаў, амаль увесь час у адзіночных камэрах. Праходзіў псыхіятрычную экспэртызу ў Навінках. Тая паказала, што ён здаровы.
  • На судзе Банцэр віны не прызнаў. Ён настойваў, што падчас танцу заставаўся ў стрынгах, да таго ж, яго прыкрывала паясная торбачка. Судовы працэс вяла судзьдзя Натальля Козел, пракурор — Віктар Нічыпарук.
  • 3 сакавіка 2021 году ў першы дзень суду Банцэр абвесьціў «сухую галадоўку» на знак пратэсту. Ён пратрымаўся бязь ежы і вады 16 содняў да 19 сакавіка, калі яму прысудзілі 1,5 года «хіміі» і выпусьцілі ў залі суду. Пасьля пераліку тэрміну (1 дзень у СІЗА раўняецца 2 дням «хіміі»), палітвязьню заставалася сядзець 8 месяцаў.
  • Пасьля зьняволеньня ў гарадзенца выявілі падазрэньне на гепатыт С, а таксама сур’ёзныя праблемы са страўнікам і іншымі ўнутранымі органамі.
  • Ён пачаў адбываць пакараньне 17 чэрвеня 2021 году ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 9 у Віцебску. Яго не накіравалі на стацыянарнае лячэньне, нягледзячы на стан здароўя.
  • 5 жніўня палітвязень атрымаў 10 дзён штрафнога ізалятару за парушэньне правілаў установы. Потым яму тройчы працягвалі тэрмін утрыманьня ў ШІЗА да 40 дзён без перапынку.
  • Ігар Банцэр жанаты, мае трое дзяцей.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG