Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін памяняў кіраўніка турэмнай сыстэмы Расеі пасьля апублічаньня беларусам сьведчаньняў пра катаваньні


Аляксандар Калашнікаў

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін вызваліў Аляксандра Калашнікава ад пасады кіраўніка Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў. Указ аб гэтым апублікаваны на сайце Крамля. Прычыны звальненьня не названыя.

Новым кіраўніком службы прызначаны Аркадзь Госьцеў, які раней быў намесьнікам міністра ўнутраных спраў.

Інтэрфакс са спасылкай на інфармаваную крыніцу сьцьвярджае, што прычынай адстаўкі Калашнікава сталі «інцыдэнты, якія атрымалі шырокі грамадзкі рэзананс, зьвязаныя з катаваньнямі ў калёніях і СІЗА Саратаўскай вобласьці і іншых рэгіёнах». Афіцыйна гэта не пацьверджана.

У апошнія тыдні праваабаронцы з праекту «Гулагу.нет» апублікавалі дзясяткі відэазапісаў катаваньняў, згвалтаваньняў і зьдзекаў са зьняволеных у калёніях і іншых турэмных установах. Расейскія ўлады распачалі некалькі крымінальных спраў у сувязі з катаваньнямі ў сухотным турэмным шпіталі ў Саратаўскай вобласьці.

Матэрыялы з турэмнага шпіталю дапамог зрабіць публічнымі былы зьняволены грамадзянін Беларусі Сяргей Савельеў. ФСБ і МУС Расеі абвясьцілі Савельева ў вышук, заявіўшы таксама аб падрыхтоўцы дакумэнтаў для яго арышту і экстрадыцыі. Нібыта праграміст абнародаваў дадзеныя, якія складаюць службовую тайну. Аднак пазьней пракуратура запатрабавала адмяніць арышт. У пастанове, падпісанай намесьнікам пракурора Саратаўскай вобласьці Андрэем Карнаваравым, сказана, што крымінальная справа заведзена заўчасна, а абставіны магчымага злачынства ня высьветленыя.

Цяпер Савельеў знаходзіцца ў Францыі, дзе разглядаецца пытаньне аб наданьні яму палітычнага прытулку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG