Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньняшні рэйс зь Менску ў Ірак адмянілі, заўтрашні будзе апошнім


Самалёт авіякампаніі Iraqi Airways

Усяго за апошні час адбылося 7 надзвычайных і гуманітарных рэйсаў ірацкіх авіяліній, прызначаных для эвакуацыі мігрантаў, якія затрымаліся на беларуска-польскай мяжы.

У аўторак, 30 лістапада, вылеціць апошні рэйс для эвакуацыі іракцаў, якія апынуліся на польска-беларускіх межах.

Прэсавы сакратар Міністэрства міграцыі і перамяшчэньня Іраку Алі Абас Джахангір паведаміў інфармацыйнаму агенцтву Shafaq: «Больш за 1800 грамадзян Іраку, якія захрасьлі на польска-беларускай мяжы, былі эвакуаваныя праз Iraqi Airways».

Ён дадаў, што «заўтра, у аўторак, будзе апошні рэйс для эвакуацыі тых, хто жадае вярнуцца», адзначыўшы, што ўвесь працэс эвакуацыі адбываецца за кошт ураду Іраку. «Усяго больш за 3000 іракцаў выказалі жаданьне вярнуцца, большасьць зь іх паходзяць з Курдыстану», — сказаў ён.

Раней упраўленьне Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў у Іраку паведамляла, што на мяжы паміж Літвой і Беларусьсю знаходзяцца каля 3000 мігрантаў 37 нацыянальнасьцяў.

Прадстаўнік ААН Фірас Аль-Хаціб сказаў, што 60% (1500) зь іх складаюць іракцы.

Частка мігрантаў паступова пакідае Беларусь, дзе апынулася пасьля дзеяньняў мясцовых уладаў, якія падтрымліваюць мігранцкі крызіс. Аднак шмат замежнікаў, якія хочуць нелегальна трапіць у краіны ЭЗ, дагэтуль застаюцца ў краіне.

  • Сёньняшні вывазны рэйс зь Менску ў Эрбіль адменены. Пра гэта сьведчыць табло Нацыянальнага аэрапорта «Менск». Самалёт павінен быў прыляцець у Менск у 12.45, а вылецець праз гадзіну.
  • Раней былі анансаваныя два рэйсы на 29 і 30 лістапада. Адзін зь іх адменены. Вылет на 30 лістапада пакуль стаіць у раскладзе. Да гэтага быў адменены рэйс у нядзелю, 28 лістапада.
  • Толькі ў ноч на 28 лістапада зь беларускай сталіцы ў Ірак вылецеў самалёт з 418 пасажырамі на борце, паведамляў ірацкі авіяперавозчык Iraqi Airways.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG