Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор патрабуе для шматдзетнай маці Вольгі Залатар 5 гадоў зьняволеньня за пратэсты


Перад пачаткам суду над Вольгай Залатар 15 лістапада

29 лістапада адбыліся спрэчкі бакоў на судовым працэсе над шматдзетнай маці Вольгай Залатар, якая ўжо 8 месяцаў за кратамі. Працэс пачаўся ў гарадзкім судзе Менску раніцай 15 лістапада.

Справу Вольгі Залатар разглядае судзьдзя Анастасія Папко. Бок дзяржаўнага абвінавачваньня падтрымлівае пракурорка Жанна Баранава. Пракурорка папрасіла ў суду пакараць Вольгу 5 гадамі пазбаўленьня волі.

Жыхарку Ждановічаў абвінавачваюць па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу. За кратамі яна ўжо больш за 8 месяцаў.

Вольгу Залатар абвінавачваюць у стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня, арганізацыі і навучаньні дзеяньням, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, а таксама ў пасобніцтве. Паводле прад’яўленых ёй артыкулаў шматдзетнай маці пагражае да 7 гадоў пазбаўленьня волі.

У панядзелак 29 лістапада на працэсе пачаліся спрэчкі бакоў. Пракурорка Жанна Баранава папрасіла суд прызнаць віну Вольгі Залатар даказанай і агулам прыгаварыць яе да 5 гадоў пазбаўленьня волі.

На пачатку працэсу, які вядзе судзьдзя Анастасія Папко, Вольга Залатар заявіла, што не прызнае сваёй віны па ніводным з артыкулаў абвінавачваньня.

Паводле дзяржаўнай абвінаваўцы, увосень 2020 году Вольга Залатар некалькі разоў асабіста брала ўдзел у акцыях пратэсту ў Менску, а таксама была актыўнай арганізатаркай акцый у Ждановічах, дзе стала жыве з мужам і дзецьмі. Пры гэтым, па словах пракуроркі Баранавай, Вольга Залатар арганізоўвала акцыі з дапамогай нявызначанай тэхнікі і з удзелам нявызначаных асобаў.

Паводле вэрсіі абвінавачваньня, Залатар таксама зьбірала неабходныя для арганізацыі пратэстаў грошы і арганізавала дапамогу затрыманым удзельнікам акцый пратэсту.

Маці пяцярых дзяцей Вольгу Залатар затрымалі ў пасёлку Ждановічы ў канцы сакавіка. У той жа дзень дома ў Вольгі прайшоў ператрус, яе мужа арыштавалі на 10 сутак. Саму жанчыну перавялі ў СІЗА-1 Менску і празь некалькі дзён абвінавацілі ў арганізацыі і навучаньні дзеяньням, скіраваным на прычыненьне шкоды нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь.

Сьледчы камітэт адмовіў Залатар у завядзеньні справы на ГУБАЗіК за катаваньні.

Як раней паведаміў адвакат Вольгі Андрэй Мачалаў, падчас допытаў Вольга заявіла, што ў дзень затрыманьня 18 сакавіка да яе ўжывалася фізычная сіла. Адвакаты выявілі ў жанчыны сінякі на руках, шыі і ягадзіцах.

З матэрыялаў справы, агучаных на судзе, стала вядома, што экспэрты аглядалі Вольгу ў ізалятары толькі 6 красавіка — больш як праз два тыдні пасьля затрыманьня, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

20 красавіка ў завядзеньні крымінальнай справы аб перавышэньні супрацоўнікам ГУБАЗіКа службовых паўнамоцтваў было адмоўлена на падставе адсутнасьці ў яго дзеяньнях складу злачынства. Сьледчы камітэт вырашыў, што «заявы Залатар аб прычыненьні ёй цялесных пашкоджаньняў не адпавядаюць рэчаіснасьці, паколькі яны мелі месца да яе затрыманьня».

Маці пяцярых дзяцей Вольгу Залатар затрымалі ў пасёлку Ждановічы ў канцы сакавіка. У той жа дзень дома ў Вольгі прайшоў ператрус, яе мужа арыштавалі на 10 сутак. Саму жанчыну перавялі ў СІЗА-1 Менску і празь некалькі дзён абвінавацілі ў арганізацыі і навучаньні дзеяньням, скіраваным на прычыненьне шкоды нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG