Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што Алексін дарыў Лукашэнку, як атрымаў свой капітал і чаму яго абараняла Латвія? Расьсьледаваньне


Аляксей Алексін

Як тытунёвы алігарх атрымліваў манаполію ў сваёй галіне і якія падарункі рабіў сям’і Лукашэнкі.

Сумеснае беларуска-літоўскае расьсьледаваньне OCCRP паказала, што Аляксей Алексін у 2018 годзе атрымаў самыя выгадныя напрамкі ў тытунёвай галіне ня проста так — у тым жа годзе ён закупіў для Службы бясьпекі прэзыдэнта (СБП) 9 рарытэтных аўтамабіляў.

Па стане на пачатак 2021 году аўтапарк самога Алексіна складаў 16 машын, матацыкл «Harley-Davidson» і лодачны прычэп, а ў ягоных сыноў было 9 аўтамабіляў на дваіх. Кошт сямейнага аўтапарку дасягнуў амаль 1,5 млн даляраў. Трыма гадамі раней Алексін паводле дамовы дарэньня перадаў СБП адразу 9 транспартных сродкаў, сярод якіх былі мадэрнізаваны аўтамабіль «ГАЗ-69» 1960-х гадоў, чорны кабрыялет «Chevrolet Impala» 1958 года выпуску, два «Maybach» 62S, а таксама матацыклы «Harley-Davidson» і «Jawa». У тым жа годзе на «ГАЗ-69» Аляксандар Лукашэнка вазіў Пуціна па Александрыі.

Падарункі Алексін зрабіў пасьля таго, як у ягоных руках апынулася тытунёвая галіна. У лютым 2018 зь яго кампаніяй «Энэрга-Оіл» падпісалі інвэстыцыйную дамову на стварэньне адзінай тавараправоднай сеткі ў тытунёвай сфэры. Такое рашэньне прынялі пасьля нарады ў Лукашэнкі. А ўжо ў чэрвені «Энэрга-Оіл» атрымаў права ўвозіць у краіну цыгарэты. Раней гэта дазвалялі толькі прадпрыемству Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта. Урэшце, у ліпені таго году менавіта пад пабудову тытунёвай фабрыкі Алексіна Лукашэнка павялічыў афіцыйныя межы Менску з боку прамзоны Шабаны.

Са жніўня «Энэрга-Оіл» стаў адзіным апэратарам продажу тытунёвых вырабаў Горадзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман». Кампанія забрала сетку спэцыялізаваных кіёскаў для продажу цыгарэтаў — «Тытунь», якая належыць дзяржпрадпрыемству, і пачала будаваць сваю ўласную сетку пад брэндам «Табакерка». Цяпер «Энэрга-Оіл» мае 40 % тытунёвага рынку і кантралюе збыт дзьвюх з трох тытунёвых фабрык краіны. Выручка за мінулы год павялічылася на траціну і склала больш за 600 млн. даляраў.

Адкуль у Алексіна зьявіўся капітал?

«Энэрга-Оіл» паўстаў на базе «Трайпл-Энэрга» у лютым 2013 году. Першапачаткова Алексін вёў бізнэс зь вядомым алігархам Юрыем Чыжом, калі ўліўся ў ягоны холдынг «Трайпл» у пачатку нулявых гадоў. Разам займаліся нафтавым бізнэсам. Аднак у сакавіку 2012 году Рада Эўразьвязу ўвяла санкцыі супраць Чыжа і ягоных шматлікіх кампаніяў.

У гэты ж час структуры «Трайплу» ўдзельнічалі ў схемах з распушчальнікамі, чым выклікалі незадаволенасьць расейскіх уладаў. Адначасова з гэтым паміж Чыжом і Алексіным узьніклі непаразуменьні, што прывяло да разводу, а адным з актываў, які адышоў Алексіну, стаў якраз «Энэрга-Оіл». Але неўзабаве бізнэсовец ледзь ня страціў усё: у кастрычніку 2013 году Алексіна затрымалі ў якасьці падазраванага ў справе намесьніка старшыні «Белнафтахіму» Ўладзімера Волкава, аднак ён здолеў ня толькі выйсьці на волю, але і пачаў пашыраць уплыў.

Санкцыі супраць Алексіна і абарона з Латвіі

Улетку 2021 году ўжо сам Алексін трапіў пад санкцыі ЭЗ за блізкасьць да Лукашэнкі. Але да таго ён пасьпеў перапісаць ключавыя актывы на сыноў. Раней разам з жонкай ён кантраляваў СЗАТ «Энэрга-Оіл» і ТАА «Белнафтагаз», а потым яго ня стала сярод уладальнікаў.

Супраць амэрыканскіх санкцыяў гэта спрацавала толькі часткова: у жніўні 2021 ЗША наклалі санкцыі пэрсанальна на Алексіна і ягоныя актывы — «Энэрга-Оіл», «Белнафтагаз», «Інтэр Табака», хоць фармальна яны яму ўжо не належалі. А вось з Эўразьвязам усё аказалася ня так сумна для алігарха. Напрыклад, у Латвіі працуюць кампаніі «Latgales Alus D» (вытворчасьць піва) і «Mamas D» (вытворчасьць біядызэльнага паліва). Гэтым летам яны перайшлі пад поўны кантроль партнэраў сямʼі Алексіных, што цалкам задаволіла МЗС Латвіі, дзе заявілі, што «Алексін ня мае да кампаній прамога дачыненьня».

«Калі санкцыі не былі яшчэ настолькі жорсткія, Латвія была той краінай, якая змагалася супраць уключэньня спадара Алексіна ў сьпіс санкцый», — кажа кіраўніца Цэнтру журналісцкіх расьсьледаваньняў „Re:Baltica“ Саніта Ембэрга.

«Я, памятаю, тады цікавілася ў дыпляматаў, чаму такая падтрымка. І неафіцыйны адказ быў, што трэба думаць таксама пра працоўныя месцы. Гэта „Latgales Alus D“, гэта дэпрэсіўны рэгіён і ўсё такое. Але цяпер, калі Алексіна ўключылі ў гэты сьпіс, латыскія ўлады інтэрпрэтуюць гэта так, што санкцыі тычацца толькі яго. У Латвіі, калі жонка ці сын валодаюць прадпрыемствам, санкцыі іх не датычаць. Толькі мусіць быць пацьверджаньне, што грошы не даходзяць да Алексіна, што трошкі сьмешна».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG