Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Аўтуховіча перавялі ў Горадню, Класкоўскую чакае новы суд, Гоа даслала ліст


Мікалай Аўтуховіч

У Беларусі па стане на 1 сьнежня 2021 году 888 палітвязьняў.

Кіраўніца прытулку для жанчын даслала ліст з-за кратаў

Былая кіраўніца прытулку для жанчын «Радзіслава» Вольга Гарбунова даслала ліст з-за кратаў, піша «Вясна». У ім яна адзначае, што робіць усё, каб захаваць сябе.

Вольга Гарбунова, верасень 2020 году
Вольга Гарбунова, верасень 2020 году

«Убачыла паштоўку з вакзалам і так расплакалася :-) Ён у кілямэтры ад мяне знаходзіцца, столькі людзей я там забрала і адвезла ў прытулак, столькі падарожжаў маіх там пачыналася.

Заўсёды марыла пабываць у „Менскім замку“, думала, што, як і ў іншых гарадах Эўропы, тут закрыюць турму і зробяць музэй, і я змагу тут пабываць. Але сусьвет вырашыў інакш :-) У маім вакне бачныя крыху 2,5 вежы, адна амаль цалкам разбурана. Мне здаецца, што нам яшчэ далёка да поўнага ўсьведамленьня, што гэта за месца ў нашай гісторыі.

Хацелася б напісаць, што я ў парадку, не хвалюйцеся, усё будзе добра зусім неўзабаве, але, падобна, я не настолькі моцная і адважная, як я пра сябе думала раней.

Дзякуй, што вы на сувязі са мной. Гэта і сапраўды вельмі вялікая падтрымка для мяне ў гэтыя цёмныя часы. Абдымаю! Воля Гоа».

Вольгу Гарбунову затрымалі сёлета 9 лістапада па крымінальнай справе «Арганізацыя або ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Амаль два тыдні ў ізалятары на Акрэсьціна яна трымала галадоўку.

Напісаць Вользе ліст можна па адрасе: 220030 СІЗА №1, Менск, вуліца Валадарскага, 2, Гарбуновай Вользе.

Палітзьняволеную журналістку Вольгу Класкоўскую зноў будуць судзіць — за абразу

Вольга Класкоўская
Вольга Класкоўская

Палітзьняволеную Вольгу Класкоўскую перавялі з жаночай калёніі ў Гомлі ў берасьцейскі СІЗА № 7. Яе будуць судзіць за абразу міліцыянта.

Два тыдні з Вольгай не было сувязі. Цяпер стала вядома, што ўвесь гэты час яе этапавалі з Гомля ў берасьцейскі ізалятар, піша «Белсат».

У Берасьці жанчыну будуць судзіць за абразу міліцыянта зь Берасьця ў сацыяльных сетках у верасьні мінулага году. Новую крымінальную справу завялі ў красавіку паводле артыкула 369 Крымінальнага кодэксу («Абраза прадстаўніка ўлады»).

22 сьнежня Вольгу Класкоўскую асудзілі на 2 гады калёніі за ўдзел у акцыі пратэсту, падчас якой перакрывалі рух транспарту ў менскай Серабранцы.

Мікалая Аўтуховіча перавялі ў Горадню

Мікалая Аўтуховіча перавялі зь менскага СІЗА КДБ у горадзенскую турму № 1, паведаміў «Новы час». Цяпер пісаць вязьню можна на адрас: 230023, г. Горадня, вул. Кірава, 1, турма № 1.

Ваўкавыскага прадпрымальніка абвінавачваюць у «арганізацыі тэрарыстычнай групы». Пра яго затрыманьне дзяржаўныя СМІ расказалі летась 8 сьнежня. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў сам Аўтуховіч. КДБ сьцьвярджае, што Аўтуховіч плянаваў «застрашваньне насельніцтва і аказаньне псыхалягічнага ціску на супрацоўнікаў МУС», арганізоўваючы выбухі і падпалы, а ахвяр выбіраючы «пры дапамозе дэструктыўнага Telegram-каналу».

Спачатку Сьледчы камітэт пачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК («Наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам»). Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 («Акт тэрарызму»), які прадугледжвае пазбаўленьне волі на тэрмін да 15 гадоў.

Палітвязьня-тайбаксэра перавялі ў шклоўскую калёнію

Асуджаны адзінаборац Аляксей Кудзін этапаваны ў шклоўскую калёнію.

Пра гэта ў сваім Instagram паведаміла жонка спартоўца Тацяна Пархімовіч. Да таго ён утрымліваўся ў ізалятары Жодзіна.

Аляксея Кудзіна затрымалі ў Маскве на запыт беларускіх уладаў на пачатку году як абвінавачанага ў супраціве міліцыі падчас леташніх пратэставых акцый у Маладэчне.

У жніўні 2020 году два тыдні баец правёў у Маладачанскім РАУС і ў СІЗА Жодзіна, затым яго перавялі пад хатні арышт і падпіску аб нявыезьдзе, якую Аляксей Кудзін парушыў напярэдадні суду і зьехаў за мяжу.

21 ліпеня Эўрапейскі суд у правах чалавека забараніў Расеі экстрадыцыю беларускага спартоўца. Насуперак рашэньню, у той жа дзень пасьля заканчэньня тэрміну ўтрыманьня пад вартай у маскоўскім СІЗА яго таемна вывезьлі ў Менск.
11 жніўня суд у Маладэчне пакараў спартоўца 2,5 гадамі пазбаўленьня волі паводле ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэксу (супраціў супрацоўніку міліцыі ці іншай асобе, якая ахоўвае грамадзкі парадак, зьвязаны з ужываньнем гвалту або пагрозай яго прымяненьня).

Аляксей Кудзін — шматразовы чэмпіён сьвету ў тайскім боксе і кікбоксінгу, заслужаны майстар спорту Беларусі. Разам з жонкай яны выхоўваюць пяцёра дзяцей. Праваабарончая супольнасьць прызнала Аляксея Кудзіна палітычным вязьнем.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG