Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мігранцкі крызіс: абстраляныя ліхтары, уцекачы на фуры, 150 мільёнаў эўра на часовае жытло


Узброеныя польскія памежнікі на мяжы зь Беларусьсю, ілюстрацыйнае фота

За мінулы дзень польскія памежнікі зафіксавалі 102 спробы незаконна перайсьці мяжу з боку Беларусі. Літва плянуе набыць мабільнае часовае жытло для 10 тысяч мігрантаў зь Беларусі. У Хельскінкі знайшлі іракцаў, якія прыехалі, імаверна, зь Беларусі. Расказваем, што новага ў мігранцкім крызысе.

Двух іракцаў знайшлі пад прычэпам грузавіка ў порце Хельсінкі

Памежны патруль 30 лістапада выявіў у порце Хельсінкі двух іракцаў, якія хаваліся на восях паўпрычэпа грузавіка, які прыбыў на пароме з Таліна, паведамляе Yle. fi. Мужчыны зьмерзьлі, але ніякіх траўмаў у іх ня выявілі.

Фінскія памежнікі зазначылі, што хованка была небясьпечнай для жыцьця, асабліва калі б грузавік разагнаўся да максымальнай хуткасьці.

У мужчын не было дакумэнтаў, якія дазваляюць ім уезд у краіну. Мяркуецца, што яны патрапілі ў шэнгенскую зону зь Беларусі.

Па словах старшага сьледчага памежнай службы Фінляндыі Юха Сіланпяя, гэты выпадак — унікальны для Фінляндыі. Ён адзначае, што падобных спробаў раней не выяўлялі.

Беларускія памежнікі аспрэчылі свой удзел у абстрэле ліхтароў на мяжы

Як заявіла Міністэрства абароны Польшчы, невядомыя зьнішчылі ліхтары каля Цярэспаля на польска-беларускай мяжы.

Абстрэл ішоў з боку Беларусі з пнэўматычнай зброі.

Мачты ўсталявалі польскія вайскоўцы дзеля таго, каб лепей кантраляваць дзяржаўную мяжу зь Беларусьсю, адкуль штоночы ладзяцца спробы штурму і прарыву ў Эўразьвяз.

Міністар абароны Польшчы Марыюш Блашчак назваў абстрэл ліхтароў на польска-беларускай мяжы «правакацыяй беларускіх службаў». Ён ацаніў гэтыя дзеяньні як непрымальныя. Блашчак заявіў, што ў міністэрства абароны выклічуць аташэ абароны Беларусі для тлумачэньня інцыдэнту каля Цярэспалю.

Памежны камітэт Беларусі адрэагаваў на абвінавачаньне Польшчы ў абстрэле ліхтароў. Ён назваў заяву палякаў «правакацыяй». Як вынікае з афіцыйнага паведамленьня, пнэўматычнай зброяй можна дакладна пацэліць максымум зь 70 мэтраў, таму абстраляць польскія ліхтары было немагчыма з боку Беларусі.

«Польшча мэтанакіравана распаўсюджвае фэйкавую інфармацыю, каб схаваць ад грамадзкасьці рэальную карціну падзей, што адбываюцца на мяжы і апраўдаць свае незаконныя дзеяньні», — заявілі ў памежным камітэце Беларусі.

Польскія памежнікі 30 лістапада зафіксавалі 102 спробы незаконна перасячы мяжу з боку Беларусі, паведаміла польская памежная служба.

Літва закупіць жытло для мігрантаў на 150 мільёнаў эўра

Літоўская памежная служба зьбіраецца набыць модульныя мабільныя будынкі для мігрантаў, якія прыбываюць у краіну «беларускім шляхам». Пакуль гаворка ідзе пра часовае жытло для 10 тысяч чалавек. Модульны мабільны будынак — гэта памяшканьне на чатырох чалавек або для адной сям’і, з усёй інфраструктурай, неабходнымі камунальнымі паслугамі. На закупку плянуюць патраціць да 150 мільёнаў эўра.

Frontex пачынае новую апэрацыю на літоўска-беларускай мяжы

Эўрапэйскае агенцтва памежнай і берагавой аховы Frontex пачынае новую апэрацыю на літоўска-беларускай мяжы. Гэта вынік паляпшэньня сытуацыі, зьвязанай зь міграцыйным крызісам, паведамляе Польскае радыё.

Frontex завяршае апэрацыю «хуткага рэагаваньня», якая праводзіцца зь ліпеня. Яна датычыла вельмі складанай сытуацыі на літоўска-беларускай мяжы. Летам у Літву кожны дзень уяжджалі дзясяткі мігрантаў, якіх у Беларусь прывёў рэжым Аляксандра Лукашэнкі. З таго часу агулам на ўсходняй мяжы служылі сто супрацоўнікаў эўрапейскіх агенцтваў.

Апошнім часам сытуацыя палепшылася. Частку афіцэраў адклікаюць. Некаторыя застаюцца служыць на новай місіі пад кодавай назвай «Гнуткія апэрацыйныя дзеяньні».

Як паведаміў кіраўнік Дзяржаўнай памежнай службы Літвы Рустамас Любаевас, місія працягнецца да канца студзеня. У новай апэрацыі задзейнічаюць каля паўсотні афіцэраў Frontex.

Са студзеня ў Літву нелегальна ўехалі 4200 чалавек. Гэта ў некалькі дзясяткаў разоў больш, чым за ўвесь мінулы год. Большасьць зь іх — грамадзяне Блізкага Ўсходу і Афрыкі. Са жніўня літоўскія службы не дапускаюць мігрантаў у краіну і адпраўляюць іх назад у Беларусь.

Мігранцкі крызіс — 2021. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
  • На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
  • На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG