Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень народзінаў Міколы Равенскага; год таму — генэральны сакратар NATO заклікаў РФ паважаць права беларусаў вызначаць будучыню


Падзеі 2 сьнежня ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі.

Год таму ў гэты дзень

  • Генэральны сакратар NATO заклікаў Расею паважаць права беларусаў вызначаць сваю будучыню
  • Аляксандар Лукашэнка на саміце Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) заявіў, што ў NATO ствараецца вайсковая групоўка для захопу заходніх беларускіх зямель.
  • У Беларусі абмежавалі доступ да сайта Mediazona.by
  • Урад Літвы прыняў рашэньне выдаваць літоўскія нацыянальныя візы бясплатна тым грамадзянам Беларусі, якія трапілі пад рэпрэсіі рэжыму.

Дзень у гісторыі

1409 — адкрыўся Ляйпцыгскі ўнівэрсытэт.

1591 — у Менску створана брацтва мэталяапрацоўчых рамёстваў — першае цэхавае ўтварэньне ў сучаснай беларускай сталіцы. Наступнымі будуць кравецкі, шавецкі, рымарскі, цырульніцкі ды іншыя цэхі.

1804 — Напалеон Банапарт абвясьціў сябе імпэратарам Францыі.

1805 — параза расейскіх і аўстрыйскіх войскаў пры Аўстэрліцы ад войска Напалеона.

1936 — Польскімі ўладамі забаронена дзейнасьць Таварыства беларускай школы.

1942 — Энрыка Фэрмі атрымаў першую кантраляваную ланцуговую ядзерную рэакцыю.

1946 — пагадненьне аб аб’яднаньні амэрыканскай і брытанскай акупацыйных зонаў Нямеччыны.

1956 — група рэвалюцыянэраў на чале з Фідэлем Кастра, якая прыплыла з Мэксыкі на яхце «Гранма», высаджваецца на Кубе.

1971 — узьнікла дзяржава пад назвай Аб’яднаныя арабскія эміраты. У дзяржаву аб’ядналіся сем манархіяў рэгіёну Пэрсідзкай затокі.

1992 — адпраўленае першае SMS-паведамленьне.

2010 — на iPhone запушчаны месэнджер Viber.

У гэты дзень нарадзіліся

1776Анёл Доўгірд, беларускі філёзаф

1886Мікола Равенскі, беларускі кампазытар, аўтар музыкі на тэкст Натальлі Арсеньневай «Магутны Божа».

1887Уладзімер Пракулевіч, юрыст, журналіст, палітык, адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстаньня 1920 г., палітэмігрант, ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў

Ягоны жыцьцяпіс у першай сваёй частцы для беларускага нацыянальнага дзеяча — ня самы тыповы. Юрыдычны факультэт Маскоўскага ўнівэрсытэту. У студэнцкія гады — сакратарства ў марксісцкім часопісе «Возрождение» і загадваньне аддзелам хронікі ў папулярнай газэце «Копейка». Потым — спакойная грашавітая праца ў Менскай казённай палаце і Менскім акруговым судзе.

Карэнны паварот жыцьцёвага шляху адбыўся ў 1917 годзе, калі Пракулевіч далучыўся да прыхільнікаў беларускае незалежнасьці. 1920-ы засьпеў яго на пасадзе судзьдзі ў Слуцку. 14 лістапада пачаў свае паседжаньні гістарычны Беларускі зьезд Случчыны, што абраў прыхільніка Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў Пркулевіча старшынём Рады. Праз тыдзень Рада Случчыны выдала незалежнiцкую дэклярацыю. Яшчэ праз тыдзень 1-я Слуцкая брыгада войскаў БНР атакавала бальшавіцкія аддзелы...

Пасьля Слуцкага паўстаньня Пракулевіч выехаў у Вільню, адкуль неўзабаве быў высланы польскімі ўладамі. На Бэрлінскай Усебеларускай канфэрэнцыі ён быў сярод тых, хто, паверыўшы ў Беларускі дом пад уладаю саветаў, падпісаў рэзалюцыю аб ліквідацыі незалежніцкага Ўраду.

Лёс былога кіраўніка слуцкіх паўстанцаў пасьля прыезду ў БССР быў перадвызначаны. Невысокая пасада ў Дзяржаўнай бібліятэцы, арышт у 1930-м па справе Саюзу вызваленьня Беларусі і высылка на пяць гадоў у Расею, паўторны арышт. Людзі кшталту Пракулевіча ня мелі шанцаў выжыць.

Зь яго фатаграфіі ў судовай справе пазірае барадаты шыракатвары беларус з глыбокімі разумнымі вачыма. Ён вельмі падобны да майго дзеда Максіма, таксама расстралянага ў тыя скрываўленыя трыццатыя.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.182-183

1923 Марыя Калас, амэрыканская опэрная сьпявачка.

1934Васіль Несьцярэнка, беларускі навуковец, член-карэспандэнт АН Беларусі, дырэктар Інстытуту радыяцыйнай бясьпекі. У першыя ж гадзіны пасьля аварыі на ЧАЭС ўзьняў перад камуністычным кіраўніцтвам БССР пытаньне ратаваньня людзей.

1954Андрэй Смаляк, беларускі мастак, кавалер срэбранага мэдаля Эўрапарлямэнту за ўнёсак у разьвіцьцё эўрапейскага мастацтва.

1946Джані Вэрсачэ, італьянскі мадэльер.

1958 Уладзімер Парфяновіч, беларускі вясьляр, чатырохразовы алімпійскі чэмпіён.

Уладзімер Парфяновіч
Уладзімер Парфяновіч

1962Аляксандар Зыгмантовіч, беларускі футбаліст.

У памяці

1547Эрнан Картэс, гішпанскі канкістадор, заваёўнік Мэксыкі.

1814 Данасьен дэ Сад, францускі пісьменьнік, маркіз.

1987 Якаў Зяльдовіч, савецкі фізык, акадэмік, тройчы герой сацыялістычнай працы, ураджэнец Менску.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG