Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржсакратар ЗША папярэдзіў Расею пра наступствы агрэсіі супраць Украіны


Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен, выступаючы ў Рызе пасьля завяршэньня нарады міністраў замежных спраў краінаў NATO, заявіў, што Расея сутыкнецца з сур’ёзнымі наступствамі ў тым выпадку, калі уварвецца на тэрыторыю Ўкраіны.

Па словах дзяржсакратара, Вашынгтон ясна даў зразумець Крамлю, што ЗША адрэагуюць рашуча, і ў тым ліку ўвядуць супраць Расеі «надзвычай дзейсныя эканамічныя меры», ад якіх раней устрымліваліся.

Блінкен ня стаў гаварыць пра дэталі, але зазначыў, што ў «належны час» раскажа пра іх Маскве, каб расейскае кіраўніцтва ясна разумела наступствы магчымых агрэсіўных крокаў. ЗША таксама працягнуць абмяркоўваць рэакцыю на магчымую расейскую агрэсію са сваімі саюзьнікамі па NATO. «Калі Расея адкіне дыпляматыю і зноў нападзе на Ўкраіну, мы будзем гатовы дзейнічаць», — сказаў Блінкен.

ЗША і іх саюзьнікі ўвялі шэраг санкцый супраць Расеі ў сувязі з анэксіяй Крыму і падтрымкай сэпаратыстаў у канфлікце на Данбасе ў 2014 годзе. Пры гэтым Вашынгтон доўга ўстрымліваўся ад такіх крокаў, як пастаўка Ўкраіне вайсковай тэхнікі і боепрыпасаў, а таксама ўстрымліваецца ад найбольш жорсткіх эканамічных санкцый, такіх як эмбарга на пастаўкі энэрганосьбітаў ці адключэньне Расеі ад сыстэмы SWIFT.

Па словах Блінкена, Вашынгтон вельмі занепакоены нарошчваньнем ваеннага патэнцыялу Расеі каля межаў з Украінай. Як сказаў дзяржсакратар, ёсьць сьведчаньні таго, што Расея плянуе агрэсіўныя дзеяньні супраць Украіны, а таксама дэстабілізацыю краіны «знутры». «Мы ня ведаем, ці прыняў Уладзімір Пуцін рашэньне аб нападзе, але мы ведаем, што яго дзеяньні пашыраюць магчымасьці для нападу, які можа адбыцца за кароткі пэрыяд часу, калі ён прыме такое рашэньне», — заявіў Блінкен. Ён таксама адпрэчыў сьцьвярджэньні Масквы наконт таго, што апошнія крокі Ўкраіны ці NATO пагражаюць Расеі.

Расейскія афіцыйныя асобы ў апошнія тыдні, калі на Захадзе загаварылі пра нарошчваньне расейскай групоўкі каля межаў з Украінай, неаднаразова адмаўлялі пляны нападу на Ўкраіну. У той жа час у Маскве абвінавачвалі Ўкраіну ў тым, што яна рыхтуе наступленьне на сэпаратыстаў у Данбасе, і пагражалі ёй наступствамі. Сам Уладзімір Пуцін у апошнія дні некалькі разоў заявіў, што Расея занепакоеная дзеяньнямі NATO каля яе межаў і будзе дамагацца ад Захаду нейкіх гарантый бясьпекі.

У чацьвер, як чакаецца, у Стакгольме адбудзецца сустрэча дзяржсакратара ЗША і міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова.

Расея анэксавала Крым, а таксама, паводле шматлікіх сьведчаньняў, аказала прамую падтрымку сэпаратыстам на Данбасе ў 2014 годзе. З таго часу расейска-ўкраінскі канфлікт так і ня быў вырашаны. Менскія пагадненьні аб урэгуляваньні ў Данбасе фактычна не выконваюцца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG