Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ Беларусі ствараў старонкі і профілі ў Instagram і Facebook, каб распаліць мігранцкі крызіс


Кампанія Meta

Кампанія Meta (былы Facebook) апублікавала справаздачу пра пагрозы, якія ліквідуе яе каманда. Сярод краін, адкуль зыходзяць пагрозы — Беларусь.

Кампанія паведаміла, што выявіла цэлую сетку ўліковых запісаў беларускага КДБ, якія публікавалі хлусьлівую інфармацыю пра мігранцкі крызіс на мяжы Беларусі з Эўразьвязам. У дакумэнце Meta адзначыла, што мае доказы таго, як КДБ выкарыстоўваў уліковыя запісы, што выдавалі сябе за журналістаў і актывістаў, каб распальваць напружанасьць у сувязі зь мігранцкім крызісам.

На старонках публікавалася крытыка ўраду і памежнікаў Польшчы на трох мовах — ангельскай, польскай і курдзкай, у тым ліку фатаграфіі і відэа пра польскіх памежнікаў, якія нібыта парушаюць правы мігрантаў. Таксама былі старонкі на расейскай мове, якія пісалі пра стасункі Беларусі з балтыйскімі дзяржавамі. Некаторыя зь іх пры гэтым выкарыстоўвалі профільныя выявы, створаныя тэхналёгіяй штучнага інтэлекту.

Акрамя 41 уліковага запісу і 4 старонак у Facebook, кампанія выдаліла яшчэ 4 профілі ў Instagram, зьвязаных зь беларускім КДБ. Іх датычнасьць да спэцслужбаў выявіла расьсьледаваньне, праведзенае праграмістамі.

Да адной або некалькіх з гэтых суполак далучыліся менш за 1400 чалавек у Facebook, і менш за 200 уліковых запісаў падпісаліся на адзін або некалькі з ашуканскіх профіляў у Instagram.

Meta выявіла незаконную актыўнасьць і з польскага боку — там стварылі некалькі профіляў, якія выдавалі сябе за мігрантаў і мелі на мэце адгаварыць людзей ад уезду ў Эўразьвяз, пішучы пра жорсткае абыходжаньне зь мігрантамі памежнікаў і актыўнасьць нэанацыстаў у Польшчы.

Таксама Meta расказала, што выдаляла старонкі з хлусьлівай інфармацыяй у іншых краінах.

  • Італія і Францыя: выдалены старонкі, зь якіх вялася сплянаваная кампанія пагрозаў, цкаваньня і запалохваньняў мэдыкаў, палітыкаў і журналістаў у сувязі з пандэміяй COVID-19, удзельнікі масава публікавалі камэнтары, накіраваныя на падвышэньне градусу пратэстаў супраць вакцынацыі;
  • Віетнам: ліквідаваныя праўрадавыя ашуканскія профілі і старонкі, якія праводзілі скаардынаваную кампанію дасыланьня скаргаў на старонкі і допісы крытыкаў віетнамскай улады;
  • Кітай: праўрадавая тэхналягічная арганізацыя Sichuan Silence Information Technology Co, Ltd спрычынілася да стварэньня сплянаваных праўрадавых допісаў, разьлічаных на англамоўную аўдыторыю Вялікай Брытаніі і ЗША, а таксама на кітайскай мове для людзей на Тайвані, у Тыбэце і Ганконгу. Агулам выдалена 524 уліковыя запісы, 20 старонак і 4 суполкі ў Facebook і 86 профіляў у Instagram.
  • Палестынская аўтаномія: заблякаваны 141 профіль, 79 старонак і 13 суполак Facebook, а таксама 21 профіль у Instagram за распаўсюд скаардынаваных допісаў з крытыкай спэцназу Ізраілю і палестынскай партыі «Фатх» на чале з Махмудам Абасам, а таксама ўхвальных допісаў да руху ХАМАС і правакаваньня беспарадкаў у паласе Газа.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG