Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Беларусі вучоба павінна быць пакутай. У Польшчы іншыя прыярытэты». Экс-студэнтка менскага мэдунівэру пра вучобу ў Варшаве


Былая студэнтка Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту Тацяна Васюніна цяпер у Варшаве вучыцца ў мэдунівэрсытэце.

Год таму студэнтка Менскага мэдунівэрсытэту Тацяна Васюніна вымушана была тэрмінова пакінуць Беларусь — за ўдзел у акцыях пратэсту адміністрацыя пагражала крымінальнай справай.

Паехала амаль бяз рэчаў, зь вялікім стосам падручнікаў па мэдыцыне. А ўжо сёлета паступіла ў прэстыжны Варшаўскі мэдычны ўнівэрсытэт. Тацяна расказвае, як ёй гэта ўдалося і якія першыя ўражаньні ад навучаньня.

Актывістка, выдатніца, якой пагражалі крымінальнай справай за «экстрэмізм»

9 жніўня 2020 году студэнтка-выдатніца другога курсу пэдыятрычнага факультэту МДМУ Тацяна Васюніна галасавала ў Баранавічах, дзе жывуць яе бацькі. Увечары ўбачыла, як у яе горадзе рвуцца сьвятлашумавыя граматы, сьвісьцяць гумавыя кулі. Кажа, перажыла сапраўдны шок.

Тацяна Васюніна на акцыі пратэсту ў Варшаве. 2021 год.
Тацяна Васюніна на акцыі пратэсту ў Варшаве. 2021 год.

На наступны дзень паехала ў Менск, знайшла аранжавы будаўнічы шлем, белым плястырам наклеіла крыж, абазначыўшы сябе як мэдыка. Хадзіла на ўсе акцыі пратэсту, дапамагала параненым людзям. 13 жніўня дзяжурыла пад Акрэсьціна, калі пачалі масава вызваляць жорстка пабітых людзей.

У верасьні, калі пачаўся навучальны год, уладкавалася на станцыю хуткай дапамогі, у суботу ішла на сутачнае дзяжурства, у нядзелю — на маршы. У кастрычніку ў мэдунівэрсытэце студэнты пачалі свае акцыі пратэсту. Адміністрацыя ціснула, некалькі найбольш актыўных студэнтаў выключылі з унівэрсытэту. Тацяна спрабавала наладзіць перамовы з кіраўніцтвам, якое, па яе словах, прапанавала ўзамен на аднаўленьне выключаных студэнтаў поўнае маўчаньне і цішыню ва ўнівэрсытэце. Калі актывісты не пагадзіліся, пачалі выклікаць ва ўнівэрсытэт бацькоў. Бацькоў Тацяны палохалі, што ўсе матэрыялы перадаць у пракуратуру, дачцэ пагражае артыкул 326 КК («экстрэмізм»).

Былая студэнтка Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту Тацяна Васюніна валянтэрыла каля Акрэсьціна.
Былая студэнтка Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту Тацяна Васюніна валянтэрыла каля Акрэсьціна.

Тацяна зразумела, што гэта ўжо ня жарты, зрабіла гуманітарную візу і вырашыла ехаць за мяжу.

«За дзень да майго ад’езду я сустракалася з бацькамі ў Менску, калі аддавала ім непатрэбныя рэчы, выселіўшыся са здымнай кватэры. Сустрэча была кароткай, раніцай я зьяжджала, але ім пра гэта не сказала. Цяжка было. Ты адчуваеш, што бацькоў пакідаеш, і ня ведаеш, калі зь імі пабачысься зноў», — Тацяна ня стрымлівае сьлёз.

Ехала «ў нікуды» з падручнікамі па мэдыцыне. Перажыла дэпрэсію

Паехала з адным чамаданам і торбай для ноўтбука, цалкам запоўненымі кнігамі па мэдыцыне — падручнікамі, навукова-папулярнай літаратурай. Ехала, як сама прызнаецца, «у нікуды». Адразу трапіла ў Беласток, прыгадвае свае першыя дні вымушанай эміграцыі Тацяна.

«Ведала, што будзе час для роздуму, што рабіць далей, бо трэба было адбыць карантын. Пазнаёмілася зь беларускай дыяспарай, яны прапанавалі мяне пажыць у шэлтары ў Беластоку. Умовы там былі добрыя, людзі дапамагалі, палякі былі расчуленыя нашай драмай, прывозілі рэчы, харчы», — расказвае дзяўчына.

Літаральна праз 3 тыдні, 18 сьнежня, атрымала добрую вестку: што яе залічылі на праграму Каліноўскага. Але ў канцы сьнежня ў Польшчы пачаліся калядныя вакацыі.

Тацяна Васюніна ў Варшаўскім мэдычным ўнівэрсытэце.
Тацяна Васюніна ў Варшаўскім мэдычным ўнівэрсытэце.

Стацыянарныя заняткі ў Варшаве пачаліся толькі празь месяц, 18 студзеня. Гэта былі найперш моўныя курсы: граматыка, лексыка польскай мовы, таксама вывучалі культуру, гісторыю; знаёміліся, як працуюць сацыяльныя інстытуты ў Польшчы. З праграмай Каліноўскага сёлета былі цяжкасьці: набралі шмат абітурыентаў, бракавала выкладчыкаў, у лютым былі вымушаныя вакацыі.

«Шчыра прызнаюся: у мяне была дэпрэсія. Прайшоў час шоку, калі я не разумела, што адбываецца. Крыху ўзьнялі настрой калядныя сьвяты, Новы год. Потым я пераяжджала ў Варшаву — не было часу «расклейвацца». А пасьля студзеня я правалілася ў дэпрэсію. З гэтым многія сутыкаюцца, называецца гэта «постэміграцыйная дэпрэсія», — ставіць дыягназ будучая доктарка.

Пасьпяхова здала іспыт па польскай мове, паступіла ў Варшаўскі мэдунівэрсытэт

Тацяна прызнаецца, што дэпрэсія — цяжкая рэч. І цяжка спраўляцца зь ёй. Але страх, што давядзецца правесьці яшчэ год без вучобы, прымусіў узяць сябе ў рукі і інтэнсіўна займацца, вучыць мову. Хадзіла яшчэ да рэпэтытара. Здала польскую мову на даволі высокі ўзровень — В2.

Каб паступіць у польскую ВНУ, каліноўцам патрэбен пакет дакумэнтаў.

«З гэтым таксама было шмат цяжкасьцяў — каб усе неабходныя паперкі зь Беларусі „пераляцелі“ за мяжу. Трэба яшчэ мець „матуру“ (Egzamin maturalny, своеасаблівая праверка ведаў, атрыманых у школе). Нашае ЦТ, у прынцыпе, зьяўляецца аналягам матуры. Але ў розных унівэрсытэтах розныя каэфіцыенты даюць. Я выбрала Варшаўскі мэдычны.

Тацяна Васюніна з аднакурсьніцамі ў Варшаўскім мэдычным ўнівэрсытэце.
Тацяна Васюніна з аднакурсьніцамі ў Варшаўскім мэдычным ўнівэрсытэце.

Паколькі ў Беларусі я вучылася ў профільнай клясе, гэта ішло ў параўнаньне з польскім ліцэем, апошняй ступеньню сярэдняй адукацыі. Мае балы па ЦТ перамножылі на каэфіцыент 1, плюс трэба было выбраць з атэстату ацэнку па фізыцы альбо матэматыцы. Паколькі я іх профільна не вучыла, перамножылі на 0,9. Ну і, калі няма „карты паляка“ ці дакумэнту „сталага побыту“, трэба пацьвердзіць, што ты „пацягнеш“ вучобу», — апавядае пра сыстэму залічэньня ў польскія ВНУ Тацяна.

Летам яе залічылі на першы курс Варшаўскага мэдычнага ўнівэрсытэту.

У Беларусі яна спачатку правучылася амаль два гады на фармацэўтычным факультэце Віцебскага ўнівэрсытэту — туды яе прымусілі паступаць бацькі, якія марылі, каб дачка стала правізарам. Сама ж Тацяна з 12 гадоў марыла стаць доктарам. Адвучыўшыся амаль 2 курсы, яна праявіла характар: забрала дакумэнты, паехала дамоў у Баранавічы рыхтавацца да паступленьня. Зноў набрала высокія балы на ЦТ і прайшла ў Менскі мэдунівэрсытэт на пэдыятрычны факультэт, які мусіла пакінуць на другім курсе. У Варшаве давялося пайсьці вучыцца зноў з самага пачатку.

«Па-першае, у мяне быў год пропуску, многае павылятала з галавы. Бо ёсьць прадметы, якія збольшага аб працэсах, то бок там лёгіка разуменьня, як, напрыклад, фізіялёгія. І тое, што я вывучыла на фізіялёгіі ў Менску, мне здаецца, застанецца ў мяне назаўсёды. Што тычыцца анатоміі, некаторыя гавораць, што там няма лёгікі наагул. Я не магу з гэтым пагадзіцца, бо лёгіка ёсьць: яна зьяўляецца, калі ты зазубрыў кучу матэрыялу. А шмат што выветрылася, Тым больш што я не прайшла да канца ні курс анатоміі, ні фізіялёгіі, ні гісталёгіі. Так што прыняць мяне на другі курс было нават немагчыма», — разважае Тацяна.

Тацяна Васюніна.
Тацяна Васюніна.

Разам зь ёй на моўных курсах вучыўся хлопец таксама зь менскага мэдунівэрсытэту, якога Таня раней ня ведала, бо яны вучыліся на розных курсах і факультэтах. Ён пасьпяхова здаў унутраныя экзамэны і цяпер вучыцца на 1-м курсе стаматалягічнага факультэту Варшаўскага мэдунівэрсытэту. Але ў Беларусі быў на 4-м курсе.

«У Беларусі вучоба павінна быць пакутай. У Польшчы іншыя прыярытэты»

Да заняткаў Тацяна заўсёды рыхтуецца наноў, бо нават калі ведае тэму па-расейску, адказваць ёй давядзецца ж па-польску. Але калі раней вывучала гэтую тэму, то рыхтавацца прасьцей. Прызнаецца, што ў Польшчы ёй больш падабаецца падыход адміністрацыі, выкладчыкаў, студэнтаў да навучальнага працэсу.

«У Беларусі ўсё было пабудавана па прынцыпе школы: жорсткасьці, прымусу, ледзь не псыхалягічнага гвалту. У Беларусі вучоба павінна быць пакутай. А мэдунівэрсытэт у нас наагул квінтэсэнцыя пакутаў: ты вучысься і пакутуеш. Так, вучыцца ў мэдунівэрсытэце цяжэй, але гэта не павінны быць адны пакуты!

У мяне ззаду быў Віцебскі мэдунівэрсытэт. Там ёсьць катэдра арганічнай хіміі — віцебскія студэнты мяне зразумеюць. Гэта проста люты страх! Ня ведаю, справа ў калектыве катэдры ці яшчэ ў чым. Гэта быў зьдзек, псыхалягічны ціск з боку выкладчыкаў. Калі ты не падрыхтаваны, не хацелася зусім ісьці на заняткі. Бо калі цябе выклічуць да дошкі, а ты чагосьці ня ведаеш, цябе будуць прыніжаць, што ты „дурная, лянівая, бяздарная, няздольная“. Плюс гэта ўкладаецца яшчэ ў наіўныя галовы студэнтаў, і цябе ўсе сапраўды такой лічаць.

А ў Польшчы іншыя прыярытэты. Калі ты прыходзіш непадрыхтаваны, на гэта не зьвяртаюць увагі ні выкладчыкі, ні тым больш студэнты: абсалютны нуль эмоцый. І першае, што ім прыходзіць у галаву, гэта ня тое, што чалавек дурны, а тое, што ён расставіў прыярытэты па-іншаму», — разважае Тацяна.

Тацяна Васюніна.
Тацяна Васюніна.

«Мне вельмі крыўдна за непрызнаньне беларускага дыплёма. Польскія дыплёмы прызнаюцца ў Эўропе»

Каб стаць доктарам і атрымаць дыплём, у Польшчы, як і Беларусі, трэба адвучыцца мінімум 6 гадоў. Першы год працы — таксама інтэрнатура, тлумачыць Тацяна.

«Выніковы іспыт — так званы „лек“ (лекарскі экзамэн выніковы). Яго здаюць усе выпускнікі мэдунівэрсытэтаў пасьля 6 курсу, атрымліваюць балы, і ў залежнасьці ад іх ідзе выбар спэцыялізацыі. Першы год адпрацоўкі абавязковы. Калі добра здаеш выніковы экзамэн, можна выбраць спэцыяльнасьць. Калі не, то працуеш проста лекарам-терапэўтам (гэта называецца інтэрністам). Першы год адпрацоўкі абавязковы. Але потым можаш працаваць дзе хочаш, ехаць за мяжу. Ці ў Польшчы атрымліваць спэцыялізацыю.

Мне вельмі крыўдна за слабасьць, непрызнаньне беларускага дыплёма.

Беларускі дыплём трэба пацьвярджаць. А Польшча — сябра Эўразьвязу, і польскія дыплёмы прызнаюцца ў Эўропе: у Нямеччыне, Аўстрыі, Швайцарыі, неабходна проста ведаць мову той краіны. Я кажу „проста ведаць“, бо сама пераканалася, што калі ты да чагосьці імкнесься, мову вывучыць не праблема, гэта рэальна», — упэўнена Тацяна Васюніна. І дадае:

«Я хачу атрымаць дыплём у Эўропе і стаць грамадзянкай сьвету, пажыць у розных краінах».

Але для гэтага трэба яшчэ як мінімум 6 гадоў адвучыцца і год адпрацаваць.

Тацяна Васюніна.
Тацяна Васюніна.

«Пэўны этап скончыўся, пачынаецца новы»

Што тычыцца матэрыяльнага боку, цяпер дзяўчына атрымлівае стыпэндыю, ёсьць невялікія адлічэньні, бо падала дакумэнты на атрыманьне статусу ўцекача. Яшчэ яна падпрацоўвае.

«Гэтых грошай хапае, каб здымаць пакой. Калі жыць у інтэрнаце, можа атрымацца таньней. Але я ўжо не хацела ў інтэрнат», — прызнаецца яна.

Днямі споўніўся роўна год, як Тацяна перабралася ў Польшчу. Нягледзячы на цяжкі год, пачуцьця гумару яна ня страціла. Прызнаецца, што доўга разважала, аналізавала, як гэта адзначыць: як дзень народзінаў ці ўгодкі пахаваньня.

«Я выяжджала на піку, калі ў Беларусі ў мяне ўсё было наладжана так, як я сплянавала, як я хацела. Былі стабільнасьць і гармонія. І калі я вырашала, як гэта назваць — гадавінай нараджэньня ці гадавінай пахаваньня, я прыйшла да высновы, што перажыла „год змаганьня“: цяжкі год змаганьня за сваё месца пад сонцам.

Гэта ня толькі змаганьне за абсалютна новае асяродзьдзе, да якога трэба прызвычаіцца, але і змаганьне з самой сабой. Зразумець, асэнсаваць, што пэўны этап скончыўся, пачынаецца новы. Як раней, ужо ня будзе, будзе па-іншаму. Настройваю я сябе, што не абавязкова будзе кепска. Будзе добра, але па-іншаму. Але для гэтага трэба нешта рабіць», — дзеліцца сваімі развагамі студэнтка Варшаўскага мэдунівэрсытэту Тацяна Васюніна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG