Лінкі ўнівэрсальнага доступу

WTA з прычыны зьнікненьня тэнісісткі Пэн Шуай прыпыніла ўсе турніры ў Кітаі


Пэн Шуай

Жаночая тэнісная асацыяцыя (WTA) абвясьціла ў сераду аб прыпыненьні ўсіх спаборніцтваў пад яе эгідай на тэрыторыі Кітаю, улучна з Ганконгам, з прычыны занепакоенасьці бясьпекай кітайскай тэнісісткі Пэн Шуай. Некалькі тыдняў таму яна перастала зьяўляцца на публіцы пасьля таго, як абвінаваціла высокапастаўленага кітайскага чыноўніка ў сэксуальным гвалце.

Кіраўнік асацыяцыі Стыў Сайман, які раней неаднаразова выказваў трывогу адносна лёсу тэнісісткі і сумневы ў запэўненьнях кітайскіх уладаў аб тым, што ў яе ўсё ў парадку, заявіў, што не разумее, як можа прасіць спартовак спаборнічаць у Кітаі, калі, як ён выказаўся, «Пэн Шуай не дазваляюць свабодна размаўляць і, відаць, на яе робяць ціск». Паводле Саймана, у асацыяцыі па-ранейшаму ня ведаюць, дзе цяпер спартоўка, ці свабодная яна і ці яна ў бясьпецы. Кіраўнік асацыяцыі таксама запатрабаваў празрыстага расьсьледаваньня абвінавачаньняў, зь якімі выступіла тэнісістка.

Улады Кітаю запэўніваюць, што спартоўка, якая абвінаваціла былога віцэ-прэм’ера Чжана Гаолі ў сэксуальным гвалце, у бясьпецы. 21 лістапада кітайскія ўлады апублікавалі відэа, на якім Пэн Шуай прысутнічае на спаборніцтвах па тэнісе, якія праходзілі ў той дзень у Пэкіне. Аднак у журналістаў ці заўзятараў не было магчымасьці з ёй паразмаўляць.

Пэн Шуай у пачатку лістапада расказала, што яе прымусілі да сэксуальнай сувязі з Чжанам Гаолі, адносіны зь якім працягваліся некалькі гадоў. Неўзабаве яе пост, апублікаваны на сайце Weibo, зьнік, а сама спартоўка перастала зьяўляцца на публіцы.

Выкрывальныя заявы, зь якімі першапачаткова выступіла тэнісістка, сталі першым выпадкам публічнага абвінавачаньня ў сэксуальным гвалце прадстаўніка найвышэйшага кіраўніцтва Камуністычнай партыі КНР.

Пэн Шуай — былая першая ракетка сьвету ў парным рэйтынгу, неаднаразовая пераможца турніраў WTA. Ёй 35 гадоў. У 2013 годзе яна атрымала перамогу ў парным разрадзе на Ўімблдане, а ў 2014 годзе — на Адкрытым чэмпіянаце Францыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG