Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мульцік можна выстаўляць, як ювэлірнае ўпрыгожаньне». Выйшаў новы эпізод «Блізьнятаў-важанятаў», які раяць псыхатэрапэўты


Кадр з мультфільма

Выйшаў трэці эпізод беларускамоўнага мультсэрыялу «Блізьняты-важаняты». Аўтарка ідэі і прадусарка Марыя Грыц падзялілася ўражаньнямі, як працавалі над новым выпускам, якія былі складанасьці і як мульцік дапамагае дзеткам і дарослым.

«Гэта вельмі клясны спосаб вучыць беларускую мову»

Тэма новага эпізоду — колеры.

«Яшчэ два з паловай гады таму ў мяне былі ідэі, пра што б я хацела, каб выйшлі мульцікі. У нас такая творчая каманда, што спачатку мы не плянавалі рабіць на такую тэму. Але сцэнарыстку Ганну Янкуту вельмі захапіла ідэя, што варта стварыць песеньку пра колеры, каб дзеткі запомнілі іх назвы. Яна так была гэтым узрушаная, прыдумала гісторыю, і мы не змаглі ўстаяць. Насамрэч клясна атрымалася», — усьміхаецца Марыя Грыц.

Марыя Грыц
Марыя Грыц

У мульціку вясёлая песенька пра колеры, і хочаш ці не, вывучыш іх назвы і пасьлядоўнасьць, кажа аўтарка.

«Гэта вельмі клясны спосаб вучыць беларускую мову, бо гэта не з-пад палкі, не прымус, гэта тое, што ты паглядзеў і табе спадабалася візуальная частка, музыка файная, яшчэ такія вясёлыя песьні і сюжэт, які вучыць акуратна ставіцца да цудаў».

Першапачаткова мульцік стваралі з адукацыйным напрамкам, адмысловымі мнэманічнымі вершыкамі, якія дапамагаюць дзеткам засвоіць новыя словы ці зразумець навакольны сьвет.

«У другім эпізодзе „Навагодні вальс“ была проста песенька, якая можа стаць сьвяточным матывам для сямей, для кожнага асобнага чалавека, проста каб падтрымаць настрой. Калі мы яго стваралі, было складана са сьвяточным настроем, і мы вырашылі рабіць не пра запамінаньне. Але і там таксама была цікавая лексыка, якую дзеткі маглі вынесьці з мульціка».

«Псыхатэрапэўтка раіць глядзець нашыя мульцікі, каб узьняць настрой»

«Блізьняты-важаняты» дапамагаюць ня толькі дзеткам, але і дарослым, кажа Марыя.

«Мне расказала псыхатэрапэўтка, што яна раіць людзям, якія да яе зьвяртаюцца, глядзець нашыя мульцікі, каб узьняць настрой, у тэрапэўтычных мэтах. Спачатку ва ўсіх былі такія эмацыйныя „арэлі“, потым надышоў сум, які паглынаў людзей. Я вось даслала Ганьне Севярынец спасылку, і яна таксама адзначыла, што гэты мульцік такі тэрапэўтычны. Таму, акрамя дзетак, аказваецца, мы дапамагаем яшчэ і дарослым».

Эмацыйна складаны час быў і ў каманды стваральнікаў мульціка.

«Творчыя людзі вельмі блізка да сэрца прымаюць усю сытуацыю ў Беларусі, таму мы думалі зрабіць рэліз у верасьні, але праз розныя акалічнасьці зацягнулі ажно да лістапада. Але ў лістападзе людзям звычайна цяжка, дэпрэсіўны настрой, сонца няма, і беларуская восень — такая асаблівая штука. Таму, калі выйшла „Вясёлка“, мы атрымалі вельмі шмат добрых словаў, людзі казалі: „Дзякуй шчыры, што вось хаця б на тры хвіліны столькі колераў, такі добры настрой“».

Праца над мульцікам сапраўды ратавала ад жудасьцяў, што адбываюцца ў краіне, заўважае аўтарка.

«Калі ты ня можаш нічога зьмяніць, то рабі хоць штосьці. Таму мы рабілі гэты мульцік. Грошы, якія мы зьбіраем, даволі сымбалічныя, бо насамрэч праца спэцыялістаў значна больш каштуе. Людзі вельмі шмат працавалі, яны ратавалі сябе, свой унутраны стан паляпшалі стварэньнем мульціка, і калі паглядзець, там столькі дробных дэталяў: і павучок, і кветачка рухаюцца, колеры падабраныя з максымальнай любоўю. Мы нават жартавалі, што праца была настолькі старанная, што мульцік можна выстаўляць, як ювэлірнае ўпрыгожаньне».

Кадар з мультфільма
Кадар з мультфільма

Кадар з мультфільма
Кадар з мультфільма

Сродкі на стварэньне мульціка зьбіраюцца праз краўдфандынг. Гэтым разам збор давялося адкрываць ажно два разы.

«Гэта самы сапраўдны цуд, што нам удалося зрабіць гэты эпізод! Усё складаней і складаней зьбіраць грошы на новыя выпускі. Праз хвалю салідарнасьці зь беларусамі ёсьць больш істотныя зборы, і я разумела, што калі ў чалавека ёсьць пэўныя грошы і ён выбірае паміж тым, каб падтрымаць сем’і палітвязьняў ці наш мульцік, то ён, натуральна, выбера першае. І калі мы сабралі ўсю неабходную суму, гэта было такое сьвята, мы не маглі паверыць».

Кадар з мультфільма
Кадар з мультфільма

Камандзе стваральнікаў «Блізьнятаў-важанятаў» патрэбная падтрымка ў распаўсюдзе мульціка.

«Самая галоўная наша мэта, каб было больш беларускай мовы і такіх добрых эмоцый у людзей. Калі людзі раскажуць пра наш мульцік адзін аднаму, скінуць спасылку ці зробяць публікацыю ў сацыяльнай сетцы, гэта будзе самая галоўная падтрымка. Вельмі хочацца, каб як мага больш людзей даведалася, што вось ёсьць „Важаняты“, і калі стане сумна, можна іх паглядзець, можна паказаць сваім дзеткам. Мы вельмі стараліся зрабіць яго такім цёплым».

Падтрымаць каманду ахвяраваньнем на новыя эпізоды можна тут.

«Калі ў нас здарыцца яшчэ адзін цуд і мы назьбіраем на новы эпізод, то ён будзе пра назвы пальцаў. Гэта мая вялікая мара з самага пачатку — навучыць людзей называць пальчыкі», — кажа Марыя Грыц.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG