Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міграцыйны крызіс: уцекачы кажуць, што ім далі 3 дні, каб прарвацца ў Эўропу; пашкодзілі польскі плот


Мітынг мігрантаў на беларуска-польскай мяжы, 25 лістапада 2021 году

Польшча заявіла, што беларускія службы пашкодзілі калючы дрот на мяжы. Уцекачы расказалі журналістам, што ім далі 3 дні на прарыў у Эўропу. Турэччына перадала гуманітарную дапамогу людзям на беларуска-польскім памежжы. Расказваем навіны мігрантаў.

Пашкодзілі польскі плот

Памежная служба Польшчы 4 сьнежня заявіла, што беларускія службы ўчора пашкодзілі калючы дрот на некалькіх участках беларуска-польскай мяжы.

«Учора, 3 сакавіка, беларускія службы некалькі разоў пашкодзілі калючы дрот на ўчастках мяжы, якія ахоўваюцца памежнымі пастамі ў Міхалаве і Чарэмшы. Падчас рамонту польскія службы былі асьлепленыя лязэрамі. Каля 18:00 супрацоўнікі Памежнай службы ў Чарэмшы затрымалі на мяжы 40 мігрантаў», — гаворыцца ў паведамленьні Памежнай службы ў Twitter.


За мінулы дзень у Польшчы зафіксавалі 62 спробы незаконнага перасячэньня мяжы зь Беларусьсю, паведамляе польская Памежная служба. Вынесьлі 10 пастановаў аб выезьдзе з тэрыторыі краіны. За мігрантам у перасячэньні мяжы дапамогу затрымалі 4 чалавек, зь якіх двое — грамадзяне Ўкраіны, і па адным — Афганістану і Польшчы.

«Новая газэта»: мігранты кажуць, што ім далі 3 дні, каб прарвацца на польскі бок

Расейская «Новая газета» паведамляе, што зь ёй зьвязаліся сырыйскія ўцекачы, якія знаходзяцца на беларуска-польскай мяжы каля Горадні. Чалавек, які назваўся Абу Амарам, паведаміў выданьню, што ў лягер сырыйцаў прыйшлі два чалавекі — адзін у вайсковай форме, другі — у цывільным — якія паведамілі мігрантам, што на працягу трох дзён яны павінны прарвацца на польскі бок.

Беларускія вайскоўцы побач зь мігранамі на беларуска-польскай мяжы
Беларускія вайскоўцы побач зь мігранамі на беларуска-польскай мяжы

Чалавек у цывільным запэўніў Абу Амара і яго землякоў, што беларускія памежнікі забясьпечаць ім свабоднае выйсьце. У адваротным выпадку мігрантаў абяцалі вывезьці ў Менск і дэпартаваць на радзіму, у Сырыю. Па словах суразмоўцы «Новой газеты», дагэтуль у раёне памежнага пункту каля Горадні застаюцца каля 1400 мігрантаў.

Якіх-небудзь запісаў, якія пацьвярджалі б гэтыя словы, выданьне не прыводзіць.

Турэччына адправіла гуманітарную дапамогу на мяжу Беларусі і Польшчы

Турэцкае таварыства Чырвонага паўмесяца накіравала груз гуманітарнай дапамогі ўцекачам і нелегальным мігрантам на мяжы Беларусі і Польшчы, паведамляе агенцтва «Анадолу». У склад грузу ўключылі абагравальнікі, матрацы, коўдры, падушкі, спальныя мяшкі, сродкі індывідуальнай абароны.

У такіх умовах жывуць мігранты ў Менску
У такіх умовах жывуць мігранты ў Менску

У Турэцкім таварыстве Чырвонага паўмесяца паведамілі, што ў залежнасьці ад зваротаў могуць сфармаваць новыя грузы для патрэбаў нелегальных мігрантаў.

У горадзенскім ІЧУ ўтрымліваюць дзясяткі людзей, падобных да мігрантаў, піша «Белсат».

Як стала вядома «Белсату», у ІЧУ на вуліцы Гая ў Горадні большасьць другога паверху займаюць людзі, якія прыехалі з Сірыі, Ірану і Сенегалу. Праўдападобна, што гэта мігранты. За што яны там утрымліваюцца, якія зьдзейсьнілі правапарушэньні — невядома.

Мігранцкі крызіс — 2021. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
  • На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
  • На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG